Шукаць тое, што нас не раз’ядноўвае, а тое, што аб’ядноўвае

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Беларусь мае намер прадаўжаць курс на развіццё адносін з Еўрапейскім саюзам. Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў журналістам перад сустрэчай кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін ЕС і “Усходняга партнёрства”.

“Мы маем цвёрды намер прадаўжац­ь курс на далейшае развіццё нашых адносін з Еўрапейскім саюзам. Маем намер дабіцца таго, каб мы падпісалі Прыярытэты партнёрства. На жаль, не па нашай віне гэты працэс пакуль прыпынены. Я спадзя­юся, што да канца года мы рушым наперад і ў падпісанні пагадненняў па аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі”, — сказаў Ула­дзімір Макей.

Паводле слоў міністра, на мерапрыемствах у Бруселі падводзяцца вынікі 10-гадовага існавання праекта “Усходняе партнёрства”. Вельмі важна дасканала прааналізаваць усе дасягненні і паглядзець на недахопы, каб за наступныя 10 гадоў краіны ў рамках гэтай ініцыятывы дасягнулі значна большых вынікаў.

“Мы маем намер гаварыць пра неабходнасць працаваць над тым, каб заклю­чыць асноўнае пагадненне аб супрацоўніцтве і парт­нёрстве з Еўрапейскім саюзам, — заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Мы будзем абмяркоўваць усе пытанні”.

Уладзімір Макей дадаў, што ў кожным аб’яднанні або двухбаковых адносінах ёсць і негатыўныя нюансы. Аднак важна не зацыклівацца на іх, а спрабаваць знайсці што-небудзь агульнае і аб’яднальнае, тое, што дапаможа пераадолець існуючыя праблемы і выйсці на паступальны шлях развіцця. “Мы зыходзім заўсёды з таго, што трэба шукац­ь тое, што нас не раз’ядноўвае, а тое, што аб’ядноўвае, і на такой аснове выбудоўвац­ь свае адносіны. Менавіта пры­хільнасць да аб’яднальнага парадку дня заў­сёды дае больш вынікаў для ўсіх суб’ектаў міжнароднага права, чым нейкая канфрантацыйная лінія”, — рэзюмаваў ён.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей прадставіў Беларусь на мерапрыемствах у гонар 10-годдзя праграмы ЕС “Усходняе партнёрства”, якія прайшлі 13—14 мая ў Бруселі.

Пад старшынствам вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыкі Магерыні 13 мая прайшла сустрэча на ўзроўні міністраў замежных спраў 28 краін ЕС і 6 краін “Усходняга партнёрства”: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

Вечарам старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск даў вячэру для кіраўнікоў краін “Усходняга партнёрства”. Ад ЕС у ёй прынялі ўдзел старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, Федэрыка Магерыні, член Еўракамісіі па палітыцы суседства Ёханес Хан.

На наступны дзень, 14 мая, у Бруселі адбылася канферэнцыя высокага ўзроўню з нагоды 10-годдзя праекта “Усходняга партнёрства”.

Выступаючы на канферэнцыі высокага ўзроўню, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адзначыў: “Еўрасаюз стаў другім па велічыні гандлёвым партнёрам для нас. У нас адкрытая эканоміка, мы залежым ад сітуацыі на знешніх рынках, таму для нас вельмі важна, каб у нас былі добрыя гандлёва-эканамічныя адносіны з Еўрасаюзам. Нам падабаецца гэтая станоўчая тэндэнцыя, але, думаю, яшчэ шмат трэба будзе зрабіць у гэтым напрамку. Мы спа­дзяёмся, што нам удасца ўстараніць астатнія гандлёвыя бар’еры”.

Ён звярнуў увагу, што за апошні год доля Еўрапейскага саюза ў беларускім экспарце вырасла з 26 працэнтаў да больш як 30 працэнтаў. Гэта адпавядае рашэнню Беларусі дыверсіфікаваць гандлёва-эканамічныя адносіны.

Міністр адзначыў, што Беларусь стала актыўней узаемадзейнічаць з еўрапейскімі фінансавымі інстытутамі, у тым ліку Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. “Важна супрацоўнічаць з гэтымі фінансавымі інстытутамі па такіх пытаннях, як прыватызацыя. Мы ведаем негатыўныя прыклады ў некаторых суседніх краінах, калі прыватызацыя праводзілася без падрыхтоўкі і з’яўляліся алігархі. Мы хацелі б пазбегнуць такіх негатыўных прыкладаў, хацелі б выкарыстоўваць станоўчую практыку”, — падкрэсліў Уладзімір Макей.