Сілай улады забяспечыць захаванне асноўных правоў нашых грамадзян

- 10:07Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прывёў да прысягі суддзю Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Віктара Рабцава.

Пасля прынясення суддзёй прысягі прэзідэнт уручыў Віктару Рабцаву пасведчанне суддзі Канстытуцыйнага Суда і падарачны экзэмпляр Канстытуцыі Беларусі. На цырымоніі таксама прысутнічалі старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Віктару Рабцаву поспехаў на новай адказнай пасадзе. “Вы ў нас выдатны вучоны, практык. Думаю, што Канстытуцыйны суд у вашай асобе набудзе дастойнага эксперта і змагара за правы нашых людзей, вартавога выканання Канстытуцыі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў важнасць традыцыі публічнага прынясення прысягі суддзямі Канстытуцыйнага Суда. “Самае галоўнае, гэта лішні раз нагадвае ўсім нам у краіне і за яе межамі аб дэмакратычнасці нашага дзяржаўнага ладу”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт асобна адзначыў на цырымоніі, што ад Беларусі часта патрабуюць увесці пасаду омбудсмена, які сачыў бы за захаваннем правоў чалавека.

“У нас хоць і няма такой непасрэднай пасады, я заўсёды кажу: толькі тады будуць захоўвацца правы чалавека — права на дастойнае жыццё, працу, адукацыю, ахову здароўя, атрыманне інфармацыі, свабоду СМІ, свабоду слова і гэтак далей (усе трэба бачыць правы чалавека), — калі галоўным інспектарам па захаванні правоў чалавека будзе прэзідэнт”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“І вы павінны стаць побач са мной. І менавіта мы сілай улады павінны забяспечыць захаванне асноўных правоў нашых грамадзян. Гэта — галоўнае”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Віктар Рабцаў у размове з журналістамі, прынясенне прысягі яшчэ раз падкрэслівае значнасць і ролю Канстытуцыйнага Суда як асаблівага органа, прызначанага абараняць канстытуцыйны лад, правы і свабоды грамадзян, забяспечваць вяршэнства Канстытуцыі.