Сістэма адукацыі Рэчыцкага раёна працуе стабільна

- 13:53Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Скончыўся навучальны год. Час падводзіць вынікі. Першым гэта ветліва пагадзіўся зрабіць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама Гомельскай вобласці Аляксандр Валянцінавіч Дземянчук.

— Аляксандр Валянцінавіч, якія самыя знакавыя падзеі гэтага навучальнага года ў сістэме адукацыі Рэчыцкага раёна?

— Сістэма адукацыі Рэчыцкага раёна працуе стабільна. Не выключэннем стаў 2015/2016 навучальны год, які падарыў рэгіёну нямала яркіх і чаканых перамог і дасягненняў. Напрыклад, з 14 вучняў нашага раёна, уключаных у склад каманды Гомельскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 7 сталі пераможцамі.

Хочацца адзначыць і нашы вынікі ў трэцім этапе абласной алімпіяды па вучэбных прадметах сярод вучняў 4—9 класаў, дзе ў скарбонку раёна заваяваны 42 дыпломы. Высокія вынікі ўдзелу ў алімпіядзе прадэманстравалі прадстаўнікі Рэчыцкай раённай гімназіі (27 пераможцаў), сярэдняй школы № 2 (6 пераможцаў), сярэдняй школы № 8 (3 пераможцы).

Хачу адзначыць, што пяць навучэнцаў нашага раёна заслужылі права быць стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Гэта Ангеліна Мельнікава (Рэчыцкі раённы ліцэй), Ягор Мінакоў (Рэчыцкая раённая гімназія), Настасся Лугоўская (Рэчыцкая раённая гімназія), Улада Сініцына (сярэдняя школа № 7 Рэчыцы), Алег Лісіцкі (сярэдняя школа № 7 Рэчыцы).

Не магу не адзначыць і працу нашага маладога педагога Нікі Аляксандраўны Цішкевіч, трэнера абласной каманды заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды 2016 года па вучэбным прадмеце “Кітайская мова”, якая была ўдастоена пасведчання аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі прэзідэнта. У ХІ Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, які праходзіў у Лідзе, педагог сярэдняй школы № 7 Рэчыцы Наталля Мікалаеўна Грыгор’ева заваявала дыплом I ступені.

У конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэхнічнай творчасці, экалагічных і конкурсах мастацкай самадзейнасці на абласным узроўні ў нас 164 пераможцы, на рэспубліканскім — 32 і на міжнародным — 17 пераможцаў.

Калі гаварыць пра спартсменаў, то 1 стаў майстрам спорту міжнароднага класа, 3 — майстрамі спорту Рэспублікі Беларусь, 16 ужо кандыдаты ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь, 14 спартсменаў перададзены ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі, 26 спартсменаў раёна ўключаны ў нацыянальныя каманды Рэспублікі Беларусь па відах спорту. У 2015 годзе ў Рэчыцкім раёне сярод дзяцей і падлеткаў было праведзена 251 спартыўнае мерапрыемства з удзелам 17 437 чалавек.

Падрыхтаваны пераможцы адкрытых міжнародных турніраў па плаванні, пераможцы Адкрытага рэспубліканскага турніру па цяжкай атлетыцы, удзельнік чэмпіянату Еўропы па боксе, пераможцы чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па боксе, пераможцы і прызёры першынства вобласці па дзюдо, па кулявой стральбе, пераможцы першынства Рэспублікі Беларусь, дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі Рэспублікі Беларусь, падрыхтаваны лепшы суддзя па спорце 2016 года Беларускай федэрацыі баскетбола.

Дасягненні нашых навучэнцаў былі высока адзначаны раённым выканаўчым камітэтам. 31 мая 2016 года на ўшаноўванні таленавітай моладзі старшыня Рэчыцкага райвыканкама В.С.Панчанка ўручыў грашовыя прэміі 62 навучэнцам.

— Як у вашым раёне ідуць справы з профільным навучаннем? Што плануеце на наступны вучэбны год?

— Праведзены аналіз запытаў навучэнцаў 9-х класаў і іх бацькоў паказаў, што профільнае навучанне ў наступным годзе зойме лідзіруючую пазіцыю ў сістэме адукацыі раёна, бо ўсе суб’екты адукацыі зацікаўлены ў якаснай падрыхтоўцы навучэнцаў.

У нашых планах — рэалізацыя сумесна з РУП ВА “Беларуснафта” праекта па стварэнні на базе двух устаноў адукацыі горада класаў фізіка-матэматычнага профілю для падрыхтоўкі спецыялістаў нафтавай і газаздабыўной галіны. У рамках сумеснай дзейнасцi прадугледжана выкладанне асноўных прадметаў выкладчыкамі ўстаноў вышэйшай адукацыі, а таксама арганізацыя прафарыентацыйнай работы, экскурсійнай дзейнасці.

— І апошняе традыцыйнае пытанне: якія планы на лета?

— Скончыўся чарговы навучальны год, і сёння перад усімі намі стаіць задача годна падрыхтаваць 94 установы да новага 2016/2017 навучальнага года. Усе намаганні аддзела адукацыі, спорту і турызму, Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта, арганізацый-шэфаў, бацькоўскай грамадскасці будуць накіраваны на тое, каб нашы ўстановы былі гатовы прыняць навучэнцаў 1 верасня.

— Дзякуй і поспехаў вам!

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.