Сістэму радыяцыйнага маніторынгу мадэрнізуюць

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Міхаіл Каваленка.

“Праводзіцца мадэрнізацыя нашай сістэмы радыяцыйнага маніторынгу, развіваем новыя структуры. Раней у нас былі, акрамя стацыянарных пунктаў назірання, чатыры аўтаматызаваныя сістэмы, якія ў аўтаматычным рэжыме праводзілі вымярэнні гама-фону ў зоне ўплыву атамных электрастанцый сумежных дзяржаў. Цяпер уведзена ў эксплуатацыю аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў зоне ўплыву Беларускай АЭС. Гэта ўжо больш сучасная сістэма, якая дае магчымасць не толькі вымяраць моц дозы гама-выпраменьвання, але і праводзіць якасны аналіз радыенукліднага складу атмасфернага паветра”, — сказаў Міхаіл Каваленка.

Уводзяцца дадатковыя пункты адбору проб аэразолей прыземнага слоя паветра. Гэта найбольш адчувальны метад вызначэння радыенуклідаў у атмасферным паветры. Закладзены ландшафтна-біяхімічныя палігоны для маніторынгу глебы і пункты маніторынгу паверхневых вод.

Міхаіл Каваленка падкрэсліў, што радыяцыйная абстаноўка ў Беларусі застаецца стабільнай. “У гэтым годзе ў сувязі з засушлівым надвор’ем у пачатку лета быў адзначаны выпадак узгарання ў чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны. Наша служба радыяцыйнага маніторынгу была прыведзена ў рэжым узмоцненай гатоўнасці, аднак ніякіх перавышэнняў зафіксавана не было”, — адзначыў ён.