Сітуацыя поспеху дружнай салігорскай каманды

- 15:02"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў, Рознае

Сёння мы працягваем рубрыку “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, прысвечаную пераможцам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”. І гэтым разам у цэнтры нашай увагі будзе Салігорскі дзяржаўны каледж, а дакладней, тэатральная студыя “Скарбонка” (кіраўнік Святлана Аляксандраўна Шпілеўская) і харэаграфічны калектыў “Вертыкаль” (кіраўнік Юлія Пятроўна Шулякоўская), які ўваходзіць у структуру “Скарбонкі”. У гэтым матэрыяле мы ўзнаўляем галасы нашых герояў, так бы мовіць, у чыстым выглядзе, без уласных каментарыяў. Адно толькі хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу нашых чытачоў на ўнікальнасць Салігорскага дзяржаўнага каледжа як установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, створанай у выніку рэарганізацыі і аб’яднання некалькіх устаноў адукацыі розных профіляў. У каледжы існуюць чатыры аддзяленні, на якіх вучацца маладыя людзі розных прафесій. Але яднае іх усіх найперш творчая дзейнасць, сумесны ўдзел у адных і тых жа творчых калектывах. А на чале гэтых калектываў, натуральна, стаяць таленавітыя і апантаныя педагогі, што і робіць гэты тэкст актуальным напярэдадні Дня настаўніка.

Такім чынам, слухаем галасы з Салігорска.

Кіраўнік тэатральнай студыі “Скарбонка” Святлана Аляксандраўна Шпілеўская:

“Я калісьці скончыла Салігорскую музычную школу па класе акардэона. І, безумоўна, самыя першыя мае дзіцячыя ўражанні, звязаныя з музыкай, з творчасцю, атрымала ў гэтай музычнай школе дзякуючы выкладчыкам, дзякуючы атмасферы, якая панавала ў ёй. Пасля школы было Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне. Народны хор”. Ад вучобы ў вучылішчы засталіся толькі цёплыя шчымлівыя ўспаміны. Па-першае, сам горад Гродна — гэта тое месца, якое, напэўна, нікога не пакіне раўнадушным. Гэта — прыгажосць, гісторыя… А па-другое, сам час, у які я вучылася ў вучылішчы. Гэта былі 80-я гады, пра якія ўспамінаеш з настальгіяй. Па-іншаму ўсё тады было, мабыць, больш чалавечна, чым сёння… Вучылішча мне дало вельмі многа ў жыцці. За два з паловай гады вучобы мы далі больш за 200 канцэртаў. Мы аб’ездзілі ўсю Беларусь, выступалі ў Крыме, Набярэжных Чаўнах, Вільнюсе, у іншых прыбалтыйскіх гарадах, у Польшчы… Ну, а пасля вучылішча я паступіла ў Мінскі інстытут культуры, які таксама скончыла па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”. І вось ужо больш за 20 гадоў працую ў Салігорскім дзяржаўным каледжы.

Калі ў нас у каледжы было музычнае аддзяленне, я займалася сваёй прамой прафесійнай дзейнасцю, у мяне быў народны хор, я працавала з народнай пастаноўкай голасу. А цяпер, пасля таго, як музычнае аддзяленне закрылася, ужо больш за 10 гадоў як бы паралельна з народнай пастаноўкай голасу і харавым дырыжыраваннем мы займаемся тэатральнай дзейнасцю. Тэатральная студыя “Скарбонка” была арганізавана ў 2005 годзе. Трэба сказаць, што наш калектыў нарадзіўся, так бы мовіць, па неабходнасці, таму што з’явіліся конкурсы “АРТ-вакацыі”, “Беларускі вянок” і інш. І, безумоўна, на гэтых конкурсах трэба было паказваць творчасць навучэнцаў.

Паступова мы раскручваліся, і сёння ўжо “Скарбонка” — паўнавартасны калектыў, які мае перамогі, традыцыі, напрацоўкі. Безумоўна, мне вельмі шкада, што некаторыя выкладчыкі, якія пачыналі са мной працаваць, ужо не працуюць. Гэта Людміла Аляксандраўна Матанцава, Галіна Васільеўна Махлай… Затое прыйшлі новыя маладыя спецыялісты, маю на ўвазе найперш кіраўніка харэаграфічнага калектыву “Вертыкаль” Юлію Пятроўну Шулякоўскую, з якой мне таксама камфортна працаваць. Без харэаграфіі ў калектыве не абысціся. Таму што вельмі цяжка займацца ўсім адразу — і тэкстам, і тэатральнымі пастаноўкамі, і рознымі сцэнічнымі разводкамі.

На “АРТ-вакацыях” у 2005 годзе мы перамаглі са сваёй тэатральна-харэаграфічнай кампазіцыяй, прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі. Мне здаецца, гэта быў сапраўды кранальны і прафесійны нумар: на стылізаваную танцпляцоўку выходзіў хлопец з патэфонам, потым выходзілі пары дзяўчат і хлопцаў, якія танцавалі танец “Рыа Рыта”, а затым гучалі выбухі — пачалася вайна… Быў вельмі прыгожы танец “Званы”…

А наогул, калі ўзяць гісторыю калектыву, то раней мы паказвалі пераважна фальклорныя пастаноўкі. Ставілі беларускія абрады — “Масленіцу”, “Вяснянкі”, “Жніво” і інш. Неаднойчы паказвалі іх на “АРТ-вакацыях” і “Беларускім вянку”. Нашу “Масленіцу”, дарэчы, і сёння ўспамінаюць у метадычным цэнтры, так і кажуць: “Памятаем, памятаем вашу “Масленіцу”!”

Але час мяняецца, час патрабуе змен. І, натуральна, мы таксама стараемся мяняцца, рухацца наперад. З пэўнага часу, акрамя фальклору, сталі займацца спецыфічнай тэматычнай харэаграфіяй, накшталт якраз вось той кампазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, а таксама агітбрыгадамі, прычым на самыя розныя тэмы — ад энергазберажэння да здаровага ладу жыцця… Першыя часы мне, канечне, было цяжкавата перастройвацца пасля фальклору на энергазберажэнне, але — перастроіліся! Цяпер мы спецыялісты шырокага профілю.

Разам з харэаграфічнай групай нас прыблізна 40 чалавек. Гэта ў асноўным навучэнцы груп такіх спецыяльнасцей, як фізічная культура, дашкольная адукацыя. А пасля рэарганізацыі да нас сталі прыходзіць і будучыя шахцёры, будаўнікі, што вельмі радуе. Нашы дзверы на самай справе адчынены для ўсіх. І я хачу сказаць, што ў ходзе рэпетыцый і канцэртных выступленняў навучэнцы розных груп вельмі збліжаюцца адно з адным — няважна, набываюць яны прафесію будаўніка, выхавальніка ці шахцёра. Ніхто з іх наогул ужо не заўважае, з якога аддзялення той ці іншы ўдзельнік калектыву. Гэта — адна каманда, дзе, як кажуць, усе за аднаго і адзін за ўсіх.

Па шчырасці, я асабліва не задумваюся над тым, удалася ці не ўдалася тая ці іншая пастаноўка. Я проста працую. І ў першую чаргу мне трэба, каб нашы навучэнцы атрымлівалі задавальненне ад творчай дзейнасці. Калі бачу, што ім гэта падабаецца, што ідзе псіхалагічная аддача, што яны з задавальненнем прыходзяць на рэпетыцыі, тады, я лічу, усё якраз і ўдаецца. І, па вялікім рахунку, не трэба нават прызавых месцаў на конкурсах, хаця перамогі, безумоўна, акрыляюць. Куды важней усё-такі, калі ў дзяўчат і хлопцаў гараць вочы, калі яны пытаюцца: “А калі мы зноў куды-небудзь паедзем?” Вось гэта для мяне і ёсць сітуацыя поспеху.

Многія мае выхаванцы становяцца маімі сапраўднымі сябрамі. Я стараюся не страчваць сувязей з выпускнікамі. Мы кантактуем па інтэрнэце, сустракаемся ў горадзе, заўсёды збіраемся дужнай сям’ёй на вечарах сустрэч з выпускнікамі. У асноўным нашы выпускнікі заканчваюць Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт… Прыемна, што многія выпускнікі пасля заканчэння нашага каледжа і той ці іншай установы вышэйшай адукацыі працягваюць працаваць у харэаграфічным, музычным, тэатральным кірунках. У іх ужо ёсць свае калектывы. Напрыклад, у Іны Яшынскай, якая цяпер жыве і працуе ў Барысаве, ёсць свая вакальная група. Павел Панцялееў скончыў БДУКІМ і працягвае сур’ёзна займацца вакалам.

Сама я размаўляю па-руску, але з вялікім трапятаннем стаўлюся да нашай нацыянальнай культуры ў цэлым, да беларускай мовы. У Інстытуце культуры на занятках па пастаноўцы голасу мы спявалі ў асноўным беларускія песні, ставілі народныя абрады. І таму ўсё гэта мне вельмі блізка. Я наогул вельмі ганаруся тым, што жыву ў Беларусі. Я вельмі люблю сваю краіну, свой народ. Памятаю, быў час, калі мы з вакальнай групай выкладчыкаў “Лад”, якой кіравала Галіна Васільеўна Махлай, часта ездзілі ў Лазараўскае ў Краснадарскім краі — як жа людзі захапляліся нашымі беларускімі песнямі! Так і прызнаваліся нам: “У вас адчуваецца душа, у вас адчуваецца нейкая непаўторнасць! Вас, беларусаў, можна адразу пазнаць па адкрытасці вашай душы”.

Асобныя факты пра Салігорскі дзяржаўны каледж, якія паведаміў яго дырэктар Юрый Міхайлавіч Піскуноў

* Салігорскі дзяржаўны каледж створаны 1 красавіка 2015 года ў працэсе рэарганізацыі шляхам зліцця Салігорскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.

* За гады работы ўстановы адукацыі было падрыхтавана больш за 22 тысячы кваліфікаваных спецыялістаў для будаўнічых арганізацый і ААТ “Беларуськалій”.

* Сёння ў каледжы падрыхтоўка рабочых кадраў ажыццяўляецца па 12 вучэбных спецыяльнасцях і 23 кваліфікацыях. Рэалізоўваюцца адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па наступных спецыяльнасцях: “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва (па кірунках)”, кваліфікацыя “тэхнік-будаўнік”; “Фізічная культура”, кваліфікацыя “настаўнік”; “Дашкольная адукацыя”, кваліфікацыя “выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

* Заключаны дамовы аб узаемадзеянні з базавымі арганізацыямі: ААТ “Будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі”, ААТ “Беларуськалій”. Акрамя гэтага, заключаны дамовы па падрыхтоўцы рабочых кадраў з такімі арганізацыямі, як ААТ “Трэст Шахтаспецбуд”, ААТ “Салігорскі ДСК”, ААТ “Прамтэхмантаж”, ААТ “Салігорскі завод тэхналагічнага абсталявання”, ЗАТ “Інстытут праблем рэсурсазберажэння”, раённымі аддзеламі адукацыі, спорту і турызму Мінскай вобласці.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Салігорскага дзяржаўнага каледжа Людміла Сцяпанаўна Бузун:

“У нас чатыры аддзяленні — політэхнічнае, аддзяленне тэхнічнай эксплуатацыі электраабсталявання, будаўнічае і педагагічнае. І ў мінулым годзе мы ўпершыню пасля рэарганізацыі пастараліся інтэграваць усе гэтыя тры аддзяленні менавіта ў творчай дзейнасці навучэнцаў. І высветлілася: калі на педагагічным аддзяленні ў нас займаюцца ў асноўным дзяўчаты, якія традыцыйна ўдзельнічаюць у тэатральнай студыі “Скарбонка” і ў харэаграфічным калектыве “Вертыкаль”, то многія хлопцы з будаўнічага і політэхнічнага аддзяленняў таксама паступова далучаюцца да гэтых аб’яднанняў.

Наша пераможнае выступленне на “АРТ-вакацыях” у 2015 годзе было забяспечана сіламі педагагічнага аддзялення. Але ў мінулым годзе на Рэспубліканскім конкурсе прафарыентацыйнай накіраванасці “Праз творчасць да майстэрства” на вобласці мы сталі прызёрамі. Наша выступленне адлюстроўвала спецыфіку адукацыі і перспектывы навучэнцаў нашага каледжа на рынку працы, і ў тым поспеху ўжо была і заслуга нашых хлопцаў з політэхнічнага і будаўнічага аддзяленняў, а не толькі дзяўчынак, улюбёных у харэаграфію і тэатр.

Скажу шчыра, мне, адпрацаваўшы 22 гады ў педкаледжы, было страшнавата пераходзіць у новую вялікую структуру, якая сёння называецца Салігорскі дзяржаўны каледж. Але час паказаў: усе дзеці адкрыты для супрацоўніцтва, яны вельмі любяць, калі іх прыцягваюць да творчых аб’яднанняў, і з задавальненнем прымаюць удзел у гэтай дзейнасці.

А ў каледжы, сапраўды, створаны ўсе ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў. Праводзяцца агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці, тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, інтэлектуальныя гульні, спартыўныя мерапрыемствы, працуюць гурткі і факультатывы па інтарэсах, спартыўныя секцыі. Усяго ў каледжы працуюць 27 факультатываў, 33 аб’яднанні па інтарэсах. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца тэатральнае аб’яднанне “Скарбонка”, харэаграфічны калектыў “Вертыкаль”, гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці (ва ўстанове існуе цудоўны мастацкі музей), ансамбль народнай песні “Зараніца”, патрыятычны клуб “Афганец”. У 2005 годзе ў каледжы быў адкрыты музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які сёння з’яўляецца цэнтрам патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

Што да вучэбнага складніка дзейнасці нашага каледжа, то, напрыклад, сёлета мы выканалі 100-працэнтны набор на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Быў нават конкурс — недзе 1,4 чалавека на месца.

Нашы выпускнікі-чырвонадыпломнікі ідуць без конкурсу ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Гэтая сістэма бесперапыннай адукацыі вельмі прыцягальная для нашых навучэнцаў. У нас заключаны дамовы з многімі ўстановамі вышэйшай адукацыі, яны самі ідуць на супрацоўніцтва для таго, каб потым атрымаць матываваных дзяцей”.

Кіраўнік харэаграфічнага калектыву “Вертыкаль” Юлія Пятроўна Шулякоўская:

“У Салігорскім дзяржаўным каледжы я працую нядоўга — толькі тры гады. Сюды трапіла пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова па класе “Харэаграфія. Народнае аддзяленне” па размеркаванні. Але не збіраюся адсюль сыходзіць па розных прычынах. Па-першае, мне тут вельмі падабаецца. Я маю магчымасць тут займацца з дзецьмі народным танцам, класікай, эстраднай харэаграфіяй. Па-другое, мне вельмі падабаецца працаваць менавіта ў тандэме са Святланай Аляксандраўнай Шпілеўскай. Гэта вельмі вопытны педагог, і ад яе я атрымліваю бясцэнны педагагічны вопыт. Па-трэцяе, я ўвачавідкі бачу, якія таленавітыя тут вучацца дзеці, нягледзячы на тое, што не маюць харэаграфічнай падрыхтоўкі. Займацца танцамі ім вельмі цікава, а мне ў сваю чаргу цікава даваць новы матэрыял, дзяліцца сваім вопытам. А па-чацвёртае, я тут выйшла замуж.

Танец для мяне — гэта самы цудоўны і самы чароўны від мастацтва. Ён тоіць у сабе агромністае багацце эмоцый, думак і рухаў, неабходных для мастацкага і маральнага выхавання. Ён мае на ўвазе не толькі эмацыянальны бок, не толькі прыносіць радасць як выканаўцу, так і гледачу, але і раскрывае духоўныя сілы чалавека, выхоўвае мастацкі густ і любоў да цудоўнага. Яшчэ стагоддзе назад уменне і жаданне прыгожа рухацца пад музыку для чалавека было такім жа натуральным, як і патрэба дыхаць. Часы мяняюцца, але па-ранейшаму людзі, якія ўмеюць танцаваць, выклікаюць захапленне. Магчыма, самае дасканалае і радаснае, што ёсць у нашым жыцці, — гэта свабодны рух пад музыку.

Наша “Вертыкаль” — гэта цэлая школа ўзаемаадносін, паколькі ўдзельнікі калектыву праводзяць разам вялікую колькасць часу. Удзел у калектыве не толькі прывівае навучэнцам любоў да танцавальнага мастацтва, дазваляе ім спасцігнуць эстэтыку руху, але і далучае іх да багацця айчыннай і сусветнай танцавальнай і музычнай творчасці, вучыць дзяцей разумець мастацтва танца, знаёміць іх з культурай мінулага і сучаснасці, выхоўвае лепшыя чалавечыя якасці, садзейнічае сацыяльнай адаптацыі.

У аснове нашага рэпертуару — рознахарактарныя народныя танцы і стылізаваныя кампазіцыі. Добра помню, як цёпла ўспрымала публіка на розных конкурсах і фестывалях такія нашы пастаноўкі, як “Ваенны танец”, “Стылягі”, “За чатыры дні да вайны”, “Вучыся, студэнт!”, “Беларусь” і інш. А нашу праграму “Пакуль мы памятаем, гэты подзвіг жывы!”, з якой мы выступілі на мінулых “АРТ-вакацыях” і занялі там 1-е месца, лічым асаблівым гонарам.

Я ўжо казала пра шчасце працаваць побач з такім таленавітым педагогам, як Святлана Аляксандраўна Шпілеўская. Хацелася б тут адзначыць і навучэнцаў-выканаўцаў, без якіх таксама, безумоўна, не было б нашых поспехаў. Гэта Марыя Навіцкая, Марыя Хандрыка, Алеся Хаміцэвіч, Настасся Шмыгалёва, Дзіяна Усовіч, Алена Трафанюк, Яўгенія Карэніха, Валерыя Манахава, Уладзіслаў Бальсін і інш.”.

Гавораць сённяшнія навучэнцы каледжа, удзельнікі тэатральнай студыі “Скарбонка” і харэаграфічнага калектыву “Вертыкаль”

Валерыя Манахава: “Мы вельмі многа дзе выступаем. Прымаем удзел у самых розных конкурсах. Гэта дапамагае нам яднаць наш калектыў, рабіцца бліжэйшымі адно да аднаго. А колькі пацешных выпадкаў тут з намі здараецца! Памятаю, аднойчы без балетак прыйшлося танцаваць — не паспела іх надзець, трэба было выходзіць хуценька на сцэну. Але ў нас былі ў тым нумары такія доўгія спадніцы, што гледачы гэтага нават не заўважылі”.

Яўгенія Карэніха: “Самыя прыемныя ўспаміны з жыцця “Скарбонкі” і “Вертыкалі” — гэта наша паездка на фінал “АРТ-вакацый” у Маладзечна вясной 2015 года. Проста не перадаць эмоцый! А яшчэ хочацца сказаць самыя цёплыя словы ў адрас нашых педагогаў. Святлана Аляксандраўна і Юлія Пятроўна ўмеюць тлумачыць, расказваць розныя цікавыя рэчы пра тэатр і харэаграфію. Я не кажу ўжо пра тое, што яны заўсёды дапамогуць у чыста чалавечым плане, пашкадуюць”.

Уладзіслаў Бальсін: “Мы літаральна жывём сцэнай. Больш выступаем, чым за партай сядзім (Смяецца.М.Ч.). Гэта жарт, канечне, але на самай справе танец і тэатр — гэта цудоўна. Мы ўжо проста не можам без гэтага”.

Гавораць выпускнікі каледжа, былыя ўдзельнікі аб’яднання “Скарбонка”

Павел Панцялееў: “Сёлета я скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады”. Я з самага дзяцінства імкнуўся стаць медыйным чалавекам, і конкурсы, у якіх я ўдзельнічаў у складзе нашай студыі “Скарбонка”, былі адной з прыступак на шляху самарэалізацыі. Яны вельмі дапамаглі мне заявіць пра сябе”.

Юлія Лаўніковіч: “На гэты момант я працую настаўнікам у школе, выкладаю беларускую мову і літаратуру. І да гэтага часу, выхаваная “Скарбонкай”, я не пакідаю займацца творчасцю. Дзякуй вам, мае любімыя педагогі, за ўсё, што вы для мяне зрабілі. А найперш вы адкрылі для мяне свет цудоўнага! Помню і люблю вас!!!”

Вікторыя Багатырова: “Цяпер працую настаўніцай пачатковых класаў. Удзел у аб’яднанні “Скарбонка” надаў мне ўпэўненасці ў сабе і ў поўнай меры паспрыяў у развіцці артыстычных здольнасцей, лагічнага мыслення і кемлівасці. Мы часта выступаем з нашымі дзецьмі на сцэне, і, рыхтуючы іх да выступленняў, я заўсёды выкарыстоўваю тыя парады, якія давалі мне ў свой час вы, мае любімыя педагогі. Дзякуючы вам, я ведаю вялікую колькасць песень, гульняў, народных абрадаў, нават прыкмет”.

Іна Яшынская: “У прафесійнай дзейнасці мне вельмі спатрэбіліся такія навыкі, як уменне творча падысці да любой справы, арганізаванасць і дысцыплінаванасць. Навучылася будаваць адносіны з людзьмі на аснове дабра, справядлівасці, гуманнасці, прызнання індывідуальнасці любога чалавека. І ўсё гэта — не ў апошнюю, а, магчыма, і ў самую першую чаргу дзякуючы “Скарбонцы”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Салігорскага дзяржаўнага каледжа.

P.S. Напрыканцы хацелася б усё-такі зрабіць адну невялічкую рэмарку, каб звязаць усе гэтыя тэксты ў адно цэлае. У кожнага з навучэнцаў Салігорскага дзяржаўнага каледжа, безумоўна, ёсць асабістае бачанне свайго месца ў жыцці, сваёй будучай прафесіі, наогул сэнсу жыцця. Але сёння, пакуль яны яшчэ вучацца ў каледжы, усведамляеш, што яны ўжо разумеюць: іх аб’ядноўвае творчасць, іх аб’ядноўвае навучэнская салідарнасць, сам той факт, што яны атрымліваюць прафесію ў адной установе. А яшчэ, я ўпэўнены, нягледзячы на тое, што яны вучацца на розных аддзяленнях, усіх іх аб’ядноўвае адчуванне важнасці той ролі, якую іграе ў жыцці настаўнік. Яны разумеюць, што любая справа заўсёды пачынаецца з настаўніка, і будуць помніць пра гэта заўсёды.