Скарбы лета

- 11:43Адукацыйная прастора

Зусім хутка пачнецца новы навучальны год. Цікавы, з карысцю арганізаваны летні адпачынак дазваляе школьнікам добра падрыхтавацца да гэтага адказнага перыяду жыцця. Аб тым, як сёлета былі арганізаваны канікулы, што новага даведаліся і што новае ўбачылі дзеці, расказваюць педагогі.

Падарожнічалі з Рабінзонам Круза

Аксана ЧАКАВАЯ, настаўніца Чарнельскага дзіцячага сада — базавай школы Іўеўскага раёна:

— Мы запрасілі сваіх вучняў на “Востраў скарбаў”. Так называўся прышкольны аздараўленчы лагер.
На працягу лагернай змены дзеці падарожнічалі па таямнічых астравах, праяўляючы пры гэтым знаходлівасць і кемлівасць. Гаспадар астравоў Рабінзон Круза на адкрыцці змены пасвяціў усіх у астравіцян і ўручыў кожнаму племені карту, на якой быў намаляваны маршрут руху да месца, дзе схаваны скарбы.

Хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі разнастайныя выпрабаванні: непраходныя джунглі, шторм, сустрэча з піратамі, з тубыльцамі. На востраве “Кірмаш ідэй” дзеці паспрабавалі стаць прадпрымальнікамі. Наведаўшы востраў “Святочны”, пазнаёміліся з Рабінзонам Круза, з якім адправіліся ў забаўляльны цэнтр “Лімпапо”. На “Востраве бяспекі” ім была прапанавана экскурсія ў пажарную часць Юрацішак, гульня “Поле цудаў”, пазнавальная гульня “Святлафорык”, віктарына “Бяспечны дом”. Дзеці наведалі цэнтр бяспекі МНС і выставу робатаў ROBO ART. У цэнтры МНС юным гасцям нагадалі аб правілах бяспечных паводзін на дарозе, у лесе, аб правілах пажарнай бяспекі, навучылі ратаваць чалавека, які тоне, а таксама тушыць пажар з дапамогай вогнетушыцеля.

Школьнікам спадабалася экскурсія на пагранічны пост “Сурвілішкі”, дзе яны пазнаёміліся са службай пагранічнікаў. Больш за ўсё дзяцей зацікавіла зброя, якую яны нават змаглі патрымаць у руках. Спадабалася ім і паказальная трэніроўка з сабакамі па затрыманні парушальнікаў мяжы. Таксама дзеці паглядзелі фільм пра пагранічную службу. У выніку многія хлопчыкі захацелі стаць пагранічнікамі.

У апошні дзень лагернай змены дзеці апынуліся на “Востраве скарбаў”, дзе адбыўся літаратурны серпанцін “Мы хочам, каб наша лета было кнігамі сагрэта”, конкурс малюнкаў на асфальце “Краіна дзяцінства на планеце Зямля”.

У канцы дня быў праведзены круглы стол, падчас якога хлопчыкі і дзяўчынкі пацвердзілі, што толькі ў дружбе сіла і, толькі дзякуючы дружбе і супрацоўніцтву, яны змаглі адшукаць самыя галоўныя скарбы гэтага лета — здароўе, бадзёрасць, сілу і добры настрой. Весела і цікава прайшла дыскатэка “Пара развітвацца!”.

Ну і, вядома, хочацца сказаць вялікі дзякуй выхавальнікам нашага лагера Аксане Віктараўне Базык, Іне Багданаўне Гаштольд, Алене Вацлаваўне Юхневіч. Дзякуючы ім, жыццё ў лагеры было цікавым і незабыўным, а самае галоўнае, бяспечным.

Экакраязнаўцы даследавалі і падарожнічалі

Наталля ТАМАШЭВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна:

— Лагер “Экакраязнаўцы” з кругласутачным знаходжаннем трэці год арганізоўваецца на базе нашай школы. Выхаванне экалагічнай культуры паралельна з аздараўленнем дзяцей стала галоўным у праграме работы лагера. Замена вучэбнай дзейнасці на альтэрнатыўныя формы групавой, індывідуальнай і калектыўнай работы ў рамках экалагічнага лагера дазволіла адысці ад стэрэатыпаў навучання.

На працягу ўсёй змены дзеці былі ўцягнуты ў калейдаскоп розных падзей. Святы адкрыцця і закрыцця змены, завочныя падарожжы “Гэтыя пацешныя насякомыя”, “Расліны-сіноптыкі”, віктарыны “Таямніцы зялёнага бору”, “2Ф”, інтэлектуальныя гульні, квесты, творчыя заданні “Лясныя фантазіі”, “Мода 2017 года”, ток-шоу “Вучымся асновам здароўя”, прагляд кінафільмаў, спартыўныя спаборніцтвы зрабілі адпачынак дзяцей незабыўным і прынеслі мноства станоўчых эмоцый.

Тры дні змены былі прысвечаны Году навукі. Пры падтрымцы ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” заняткі ў лагеры праводзіла навуковы супрацоўнік Нарачанскай біялагічнай станцыі імя Г.Г.Вінберга кандыдат біялагічных навук Юлія Канстанцінаўна Верас.

Выхаванцы прынялі ўдзел у міжнароднай праграме “Назіранне за рэкамі”, ініцыіраванай асацыяцыяй “Кааліцыя “Чыстая Балтыка”, якая рэалізоўваецца ў краінах басейна Балтыйскага мора больш за дзесяць гадоў. У рамках праграмы праводзіліся практычныя заняткі па вывучэнні жывых арганізмаў у найбліжэйшых вадаёмах і на рацэ Тартак, па вызначэнні хімічнага складу вады. Юныя даследчыкі вывучалі экалагічныя пытанні і праблемы, пачынаючы ад мясцовых ручаёў да Балтыйскага мора, даведаліся пра ўзаемасувязі ў прыродзе і ўплыў чалавека на навакольнае асяроддзе.

Было арганізавана 10 экскурсій, падчас якіх дзеці пазнаёміліся з цікавымі месцамі Астравеччыны, наведалі Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К.Багушэвіча, мястэчка Гальшаны, музей-сядзібу М.К.Агінскага, пабывалі ў Маладзечне.

Рабіць адпачынак дзяцей змястоўным і пазнавальным стараліся выхавальнікі лагера Ангеліна Чаславаўна Навасельская і Алена Анатольеўна Мядэйша, педагог-псіхолаг Настасся Андрэеўна Пятроўская, інструктар па фізкультурна-аздараўленчай рабоце Яніна Іванаўна Філіповіч.

Лета з водарам персікаў

Святлана СТАЧУК, загадчыца сектара выхаваўчай і сацыяльнай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама:

— Усё пачалося ў 2009 годзе, калі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж беларускім Ваўкавыскам і малдаўскім Страшэны. Шмат мерапрыемстваў адбылося за гэтыя гады. А сумесны адпачынак дзяцей быў запланаваны ўпершыню летам 2017 года.

Па запрашэнні Страшэнскага раённага Савета 20 хлопчыкаў і дзяўчынак з устаноў адукацыі Ваўкавыскага раёна правялі 10 незабыўных дзён у цэнтры адпачынку і забаў Divertis, які знаходзіцца каля горада Страшэны. Акрамя іх, у цэнтры адпачывалі 140 малдаўскіх дзяцей.

Ваўкавыскія школьнікі ўдзельнічалі ў шматлікіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў лагеры, дзе прадстаўлялі культуру Беларусі, а таксама знаёміліся з нацыянальнай культурай, кухняй і мовай Малдовы. Але асабліва запамінальнымі сталі экскурсіі па памятных і маляўнічых месцах гэтай цудоўнай краіны: у сталіцу Кішынёў, лясны запаведнік Кодры, гісторыка-культурны комплекс “Стары Аргееў”, музей А.С.Пушкіна, манастыры Кэпрыяна і Хынку. А яшчэ персікавыя і абрыкосавыя сады, водар якіх не забыць ніколі, як і гасціннасць гаспадароў.

Напярэдадні ад’езду ўсіх запрасілі ў раённы Савет на сустрэчу з кіраўніком Страшэнскага раёна Міхаілам Папа. Ён пацікавіўся ўражаннямі беларускіх гасцей аб Малдове, аб адпачынку і выказаў спадзяванне на далейшую дружбу і супрацоўніцтва.

А 20 малдаўскіх дзяцей адпачываюць у Ваўкавыскім раёне. Спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў Беларусі, стануць для нашых малдаўскіх сяброў незабыўнымі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.