Слаўныя мсціслаўцы…

- 16:12"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Нам часта ў жыцці сустракаюцца рознага кшталту нечаканасці, і, напрыклад, мне ад іх жыць толькі весялей. А нядаўна я сустрэў цэлы горад нечаканы — Мсціслаў. Я сапраўды не чакаў, што ён такі. Ведаў, што старажытны, ведаў, што мае слаўную гісторыю і слаўнае імя, але не думаў, што ён мяне, сталічнага, настолькі здзівіць.

А здзівіў. Яму лёсам ці Богам наканавана быць нечаканым на ўскраіне нашай Магілёўшчыны.

У гэтых нататках я не буду нічога прыдумляць. Раскажу толькі тое, што ведаю — і сам з дзяцінства, і з энцыклапедыі. А асаблівую ўвагу ўдзялю Мсціслаўскаму дзяржаўнаму будаўнічаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу, які неаднойчы станавіўся героем Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнтаў “АРТ-вакацыі”. Гэты каледж, безумоўна, з’яўляецца культурным цэнтрам Мсціслава, у чым чытач хутка пераканаецца.

Сёння працягваем публікацыі ў рубрыцы “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, заснаванай “Настаўніцкай газетай” і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

І найперш варта хаця б коратка расказаць пра гісторыю Мсціслава.

Першы пісьмовы ўспамін пра Мсціслаў змяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расціслава, якая датуецца сярэдзінай ХІІ стагоддзя. Лічыцца, што гэты князь і заснаваў горад, назваўшы яго сваім іменем. У сярэдзіне XІV стагоддзя Мсціслаўскае княства ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае. У гэты час Мсціслаў быў буйным гандлёва-рамесніцкім цэнтрам, цесна звязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разанню і іншымі гарадамі. У XVI стагоддзі тут жыў і працаваў, напэўна, самы знакаміты мсціславец — друкар і гравёр Пётр Мсціславец.

У 1634 годзе Мсціслаў атрымаў Магдэбургскае права і, адпаведна, гарадскі герб: у блакітным полі — шчыт і рука з мячом.

З 1772 года — у складзе Расіі.

У ХІХ стагоддзі горад пачаў занепадаць, не ў апошнюю чаргу з прычыны буйных пажараў у 1858 і 1863 гадах.

А потым была савецкая ўлада, акупацыя нямецка-фашысцкімі войскамі, вызваленне ад іх, зноў савецкая ўлада. Сёння гэта ціхі і ўтульны раённы цэнтр з насельніцтвам прыблізна 10 тысяч чалавек і… шматлікімі выдатнымі мясцінамі — касцёлам кармелітаў, гарадзішчам Замкавая гара, гарадзішчам Дзявочая гара, касцёлам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Свята-Аляксандра-Неўскім саборам, касцёлам Святога Міхаіла Архангела і кляштарам езуітаў, гандлёвымі радамі, будынкам земскай управы, будынкам Мсціслаўскай духоўнай семінарыі, рэшткамі Тупічоўскага манастыра, Спаса-Праабражэнскай царквой, Крыжаўзвіжанскай царквой і інш. Невыпадкова Мсціслаў часам называюць беларускім Суздалем. Я быў у многіх беларускіх гарадах і мястэчках. Іншым разам ідзеш па горадзе з насельніцтвам у тры разы большым, чым у Мсціславе, а адчуванне такое, што ты ў вёсцы. У Мсціславе ў мяне было пастаяннае адчуванне, што я ў вялікім і значным горадзе.

А маім добрым гідам у камандзіроўцы ў Мсціслаў быў намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мікалай Віктаравіч Феданенкаў. Як высветлілася, вельмі цікавы і дасціпны чалавек. А некаторыя факты з яго біяграфіі мяне шчыра здзівілі і выклікалі яшчэ большую да яго павагу. Уяўляеце, ён нарадзіўся ў Расіі, на Смаленшчыне, у вёсцы Гультаеўцы, а хадзіў у школу за некалькі кіламетраў, у Беларусь, у вёску Пустынкі! У 1972 годзе Мікалай Віктаравіч з сям’ёй пераехаў у Мсціслаў і за гады так прыкіпеў да нашай радзімы, да нашай беларускай мовы, да нашай гісторыі, што, хоць і рускі па нацыянальнасці, лічыць сябе сапраўдным мсціслаўцам. Так і сказаў мне:

“Я вельмі люблю гэты горад. Мсціслаў, нават калі б мне і прапаноўвалі, я не прамяняў бы ні на Магілёў, ні нават на Мінск!”

Ён вадзіў мяне па Мсціславе і цікава расказваў пра выдатныя мясціны горада, пра яго знакамітых людзей. Пра тое, што, пабываўшы ў Мсціславе, можна адразу пабыць і ў Лондане, і ў Парыжы, і ў Шанхаі: Лонданам і Парыжам мсціслаўцы называюць будынкі, дзе некалі былі гасцініцы з такімі назвамі, а Шанхаем тут называюць адзін з мсціслаўскіх раёнаў.

І, канечне, Мікалай Віктаравіч мне шмат расказваў пра яго любімы каледж, пра выхаваўчую работу, якая тут праводзіцца (спартыўныя секцыі, гурткі, аб’яднанні па інтарэсах). Даведаўся я і проста ўнікальныя факты пра Мсціслаўскі дзяржаўны будаўнічы прафесійна-тэхнічны каледж: будынак адміністрацыйнага корпуса быў пабудаваны ажно ў 1830 годзе. У розныя часы тут размяшчаліся будынак прысутных месцаў, гарадское вучылішча, так званая 1-я Савецкая яўрэйская школа, агульнаадукацыйная школа № 5. А гісторыя ўласна самога каледжа пачалася ў 1966 годзе, калі тут з’явілася ГПТВ-92, у якім пачалі рыхтаваць кваліфікаваныя кадры будаўнікоў. Усяго за 50 гадоў — з 1966 па 2016 — у гэтай установе адукацыю і пуцёўку ў жыццё атрымала больш за 16 тысяч маладых людзей.

Тым часам мы з Мікалаем Віктаравічам падышлі да каледжа. Мяне чакала чарговае ўзрушэнне: побач з установай размешчаны фрагмент старажытнай так званай клінкернай маставой ХІХ стагоддзя (старадаўнія майстры ўкладвалі спецыяльныя цагліны елачкай, падгледзеўшы такі спосаб кладкі ў галандцаў). А калі мы зайшлі ў каледж і пачалі падымацца па выкладзенай чыгуном лесвіцы ХІХ стагоддзя, я літаральна трапіў у саму гісторыю.

Зрэшты, хопіць эмоцый. У Мсціслаўскім дзяржаўным будаўнічым прафесійна-тэхнічным каледжы мяне чакала вельмі насычаная праграма. Я пагутарыў там ці не з тузінам людзей, кожны з якіх пакінуў прыемнае ўражанне рупліўца і прафесіянала, сапраўднага творцы, таму цяпер слова ім, маім суразмоўцам. Я запісаў на дыктафон амаль тры гадзіны інтэрв’ю. Нават і не ведаю, як выбраць самае істотнае з запісанага, але паспрабую.

Расказвае дырэктар Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Леанід Васільевіч Віктосенка: “Мы рыхтуем спецыялістаў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічай адукацыі. У чэрвені мінулага года мы прайшлі акрэдытацыю, сталі ўстановай сярэдняй спецыяльнай адукацыі па дзвюх спецыяльнасцях: “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіля (тэхнік-механік)” і “Прамысловае грамадзянскае будаўніцтва (тэхнік-будаўнік)”. Абедзве спецыяльнасці запатрабаваны на рынку працы. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі рыхтуем муляраў, тынкоўшчыкаў, зваршчыкаў, рэстаўратараў, аператараў ЭВМ. На сённяшні дзень у каледжы на вочнай форме вучацца 240 чалавек, на завочнай — 60. Летась у нас праходзілі абласныя “Дажынкі”, і нашы навучэнцы практычна ўсё лета рыхтавалі горад да гэтага свята: нешта рамантавалі, будавалі, малявалі… Гэта была і практыка для моладзі, і карысць для горада. Нашы выкладчыкі пісалі іконы для нядаўна адкрытай Троіцкай царквы, размалёўвалі яе сцены. Наогул, штогод нашы навучэнцы працуюць у будатрадах і аказваюць такім чынам будаўнічую дапамогу гораду і раёну. Сёлета плануем вывезці адзін з такіх будатрадаў у рэгіёны. Гэтую работу мы праводзім сумесна з нашымі шэфамі і асноўным работадаўцам для выпускнікоў каледжа — ПМК-271. Калектыў у нас творчы ва ўсім. Ужо не першы год мы паспяхова ўдзельнічаем у конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills, у Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнтаў “АРТ-вакацыі”, у конкурсе лічбавай творчасці “Арт-партал” і іншых разнастайных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў нашай сістэме адукацыі. Я на пасадзе дырэктара нядаўна, з 2016 года, і адчуў, што тут працуюць і вучацца сапраўды таленавітыя людзі”.

Знаёмлюся з сямейнай парай — выкладчыкам спецдысцыплін “Чарчэнне”, “Інжынерная графіка”, “Асновы рэстаўрацыі”, “Жывапіс” і інш.) Ганнай Барысаўнай і выкладчыкам аховы працы і спецдысцыпліны “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” Мікалаем Аляксеевічам Панцялеевымі, якія займаюцца стварэннем музея “Спадчына”. Справа ў тым, што музей ва ўстанове ўжо быў, але знаходзіўся ў іншым корпусе. Нядаўна той корпус быў аддадзены царкве: там адкрылі духоўны цэнтр Мсціслаўскага дабрачыння і Троіцкую царкву. Музей прыйшлося рабіць фактычна нанова, і мае суразмоўцы якраз гэтым займаюцца. Адна зала, прысвечаная гісторыі Мсціслава і мсціслаўскай зямлі, ужо цалкам зроблена. Другая зала будзе прысвечана гісторыі самога каледжа — работа над стварэннем экспазіцыі ідзе поўным ходам.

“Калі я распрацоўвала праект музея, мне найперш хацелася, каб ён быў па-сапраўднаму інфарматыўным, — гаворыць Ганна Барысаўна, — таму што нават у нашым Мсціслаўскім гісторыка-археалагічным музеі без экскурсавода цяжка сарыентавацца. У экспазіцыі ў храналагічным парадку размешчаны стэнды, якія ўжо самі па сабе расказваюць наведвальніку пра асноўныя вехі гісторыі Мсціслава. Прадстаўлены гарадскія гербы розных эпох, карта Мсціслаўскага княства і г.д. А здабываць інфармацыю пра Мсціслаў было вельмі цяжка, паколькі падчас пажараў мсціслаўскі архіў згарэў, а ў інтэрнэце тыя ці іншыя падзеі трактуюццца па-рознаму. Хіба што кніга “Памяць” была нам самым лепшым дарадцам”.

“Мне таксама было цікава працаваць над стварэннем музея, — дадае Мікалай Аляксеевіч. — Усе тэхнічныя канструкцыі, якія вы тут бачыце, — гэта, у прынцыпе, маіх рук справа. Без пахвальбы скажу, што я творчы чалавек, заўсёды люблю ствараць нейкія новыя рэчы”.

А сярод экспанатаў тут ёсць сапраўды ўнікальныя: ткацкі станок, бязмены, замкі, ключы, падковы, манеты розных эпох, у тым ліку часоў Вялікага Княства Літоўскага, старадаўнія кнігі, сасуды-рынкі…

На развітанне Мікалай Аляксеевіч мне гаворыць: “Калі навучэнец зазірне ў наш музей, ён даведаецца пра гісторыю нашай зямлі, і гэта будзе рэальнае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Гэтага навучэнца не трэба будзе прымушаць любіць наш край. Сама экспазіцыя будзе выхоўваць з яго патрыёта. Ён даведаецца пра выдатных людзей, якія нарадзіліся на нашай зямлі: Пятра Мсціслаўца, знакамітага кераміста Сцяпана Іванова па мянушцы Палубес, пра якога, дарэчы, несправядліва мала ведаюць, гісторыка і грамадскага дзеяча Міхася Ткачова і многіх іншых. І ён будзе ганарыцца нашым каледжам, нашай зямлёй. Ён зразумее, што ў яго таксама ёсць вялікія жыццёвыя перспектывы, калі ён будзе творчым чалавекам, будзе займацца самаразвіццём”.

Мой наступны суразмоўца — майстар вытворчага навучання, педагог дадатковай адукацыі (кіруе гуртком “Мастацтва чараўніцтва”), мастак Анжэла Уладзіміраўна Бондарава. Гэта яна разам са сваімі калегамі Ганнай Барысаўнай Панцялеевай і Аленай Генадзьеўнай Крыловай пісала для Троіцкай царквы іконы, пра што гаварыў мне дырэктар. Але сваёй творчасцю жанчына асабліва не хваліцца, а на сустрэчу са мной прынесла дзве работы сваіх навучэнцаў. Яны выкананы ў незвычайных тэхніках. Адна — “Дама ў капелюшы” — у змяшанай тэхніцы з выкарыстаннем… будаўнічай сеткі, кавалачкаў шоўку, засушаных каштанаў, ільняных нітак, кавалачкаў скуры. А другая — “Тэхнадрэва” — уяўляе сабой выяву дрэва, зробленую з жалезных прадметаў: ключоў, гаек, балтоў, манет, лыжачкі, старых гадзіннікаў. На сённяшні дзень у гуртку Анжэлы Уладзіміраўны займаюцца 15 чалавек, і, па яе словах, ім гэта вельмі падабаецца, а выкладчыца толькі радуецца гэтай так званай другаснай занятасці навучэнцаў.

Яшчэ адзін мой суразмоўца — загадчык вытворчых майстэрань каледжа, выдатны муляр, рэстаўратар Уладзімір Аляксандравіч Дудараў. Гэта яго рукамі была адноўлена каплічка ХVІІІ стагоддзя побач з каледжам, а таксама зроблены многія іншыя рэстаўрацыйныя работы ў горадзе. “Я аднавіў каплічку ўсяго за два тыдні, — расказвае Уладзімір Аляксандравіч. — Хаця работа была зусім нялёгкая. Па-першае, капліца фактычна ўяўляла сабой руіны. А па-другое, старадаўняя цэгла значна адрозніваецца ад сучаснай — найперш памерамі: і шырынёй, і даўжынёй. Цяпер такую цэглу не выпускаюць, і таму трэба было спецыяльна старыць сучасную цэглу. Сапраўды, прыйшлося папацець. Але затое ідзеш па родным горадзе, бачыш архітэктурны аб’ект, які аднавіў сваімі рукамі, — і цябе перапаўняе гонар”. А яшчэ Уладзімір Аляксандравіч трэніруе навучэнцаў для ўдзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills. Калі ён расказвае мне пра гэта, да гутаркі падключаецца яго навучэнец першакурснік Аляксандр Лукашэнка, які ў 2016 годзе атрымаў першае месца на конкурсе WorldSkills, дзе лепш за іншых справіўся з заданнем зрабіць дастаткова вялікую кладку. “Мне заўсёды падабаецца глядзець на канчатковы вынік сваёй працы”, — прамовіў Аляксандр словы, у нечым падобныя да слоў Уладзіміра Дударава.

Затым я гутару з трыма вясёлымі хлопцамі — Уладзімірам Райчанкам, Дзмітрыем Валодчанкам і Аляксандрам Шкудновым, якія ў складзе ансамбля лыжачнікаў “Бяседа” (акрамя іх, у ансамблі яшчэ ёсць і іншыя ўдзельнікі) у 2015 годзе сталі пераможцамі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнтаў “АРТ-вакацыі” і праславілі гэтай перамогай і свой каледж, і даволі незвычайны інструментальны жанр. Усе трое родам з вёскі Мазалава, якая знаходзіцца не вельмі далёка ад Мсціслава, і вучыліся ў адным класе ў Мазалаўскай сярэдняй школе, а цяпер вучацца ў адной групе ў Мсціслаўскім дзяржаўным будаўнічым прафесійна-тэхнічным каледжы на аўтакранаўшчыкоў. Па словах намесніка дырэктара каледжа Мікалая Віктаравіча Феданенкава, калі на канцэрце ў Магілёве на абласным этапе “АРТ-вакацый” удзельнікі “Бяседы” выйшлі з лыжкамі на сцэну, па зале пайшоў шумок: маўляў, ну што там гэтыя мсціслаўскія навучэнцы могуць паказаць? А яны, тым не менш, паказалі, ды так, што зала проста ўзарвалася пасля іх выступлення, доўга апладзіравала стоячы. Валодзя Райчанка прызнаецца, што яго больш за ўсё прываблівае ў ігры на лыжках музычны тэмп, калі можна яго то нарошчваць, то сцішваць. Дзіма Валодчанка гаворыць, што яму вельмі падабаецца фантазіраваць з лыжкамі, напрыклад, дадаваць і развучваць новыя рухі. Саша Шкудноў разважае так: “Гэта вельмі нялёгка — вучыцца іграць на лыжках. Але калі ты ўжо асвоіў гэтае мастацтва, то ад яго атрымліваеш незвычайнае задавальненне”. З хлопцамі займаліся розныя выкладчыкі: музыкант і рэзчык па дрэве Анатоль Мікалаевіч Хомчанка, які ў Мазалаўскай школе стварыў дзіцячы ансамбль народных інструментаў, Аляксандр Іванавіч Зуеўскі, Таццяна Леанідаўна Клімянкова, Наталля Аляксандраўна Патапава… На сёлетнія “АРТ-вакацыі” ансамбль “Бяседа” рыхтуе абсалютна новы нумар.

У Мсціславе я таксама меў магчымасць пагутарыць з кіраўніком кафедры фізічнага выхавання Мікалаем Пятровічам Сакалоўскім, які прызнаўся, што яму вельмі пашанцавала на дырэктараў каледжа: папярэдні дырэктар Валерый Фёдаравіч Дробышаў быў членам зборнай вобласці па гандболе, а цяперашні — Леанід Васільевіч Віктосенка — чэмпіёнам вобласці па шахматах, таму, па словах Мікалая Пятровіча, у каледжы ўдзяляецца вялікая ўвага спорту. Ва ўстанове працуюць 6 спартыўных секцый: па міні-футболе, баскетболе, валейболе, атлетычнай гімнастыцы, настольным тэнісе, шашках і шахматах. Найбольш перспектыўныя навучэнцы адбіраюцца для ўдзелу ў абласной спартакіядзе. У мінулым годзе каманда Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа заняла на абласной спартакіядзе трэцяе месца. А навучэнец Дзяніс Ігнаценка на абласной спартакіядзе “Абаронца Айчыны” заняў першае месца па зімовым мнагаборстве, трапіў у зборную каманду вобласці і ўжо на рэспубліканскіх спаборніцтвах таксама заняў першае месца ў асабістым і камандным заліках. Такім чынам, са спортам ва ўстанове ўсё добра.

Нарэшце, я крыху паразмаўляў з кіраўніком вакальна-інструментальнага ансамбля “Плынь” Аляксандрам Аркадзьевічам Вялітчанкам — сапраўдным фанатам сваёй справы. Ён сам набывае інструменты, прападае ў студыі на выхадных, асабліва калі трэба рыхтаваць ансамбль да конкурсаў. А музыку “Плынь” іграе разнастайную: і эстрадную, і нават джаз ды рок. Як і “Бяседа”, ансамбль “Плынь” таксама сёлета прыме ўдзел у “АРТ-вакацыях”.

…Заканчваўся час майго знаходжання ў Мсціславе — трэба было бегчы на маршрутку. Я яшчэ раз падзякаваў усім сваім суразмоўцам і выйшаў з каледжа. Мяне перапаўнялі вельмі прыемныя ўражанні ад пачутага і ўбачанага.

А яшчэ па дарозе ў Мінск я падумаў, што гэтыя мае нататкі будуць крыху выбівацца з усіх ранейшых матэрыялаў, якія друкаваліся ў рубрыцы “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў, бо я паразмаўляў у тым ліку з выкладчыкамі і навучэнцамі, якія не маюць дачынення да “АРТ-вакацый”. Але, з другога боку, на фестывалі гучаць не толькі асобныя творцы і калектывы, але і самі ўстановы адукацыі, якія прадстаўляюць удзельнікі конкурсу, і, такім чынам, калектыўнымі творцамі выступаюць самі каледжы, ліцэі, вучылішчы.
І наогул у Мсціслаўскім дзяржаўным будаўнічым прафесійна-тэхнічным каледжы я асабліва востра адчуў, што такое творчасць.

Ты хораша іграеш на гітары — і ты творца.

Ты хораша спяваеш — і ты творца.

Ты хораша стукаеш лыжкамі — і ты творца.

А калі ты хораша кладзеш цэглу, можаш стварыць з дапамогай цэглы цуды, зрабіў у сваім родным горадзе цэлую капліцу і сцяну вакол яе — ты таксама творца. Ты не проста муляр, а мастак, які ўпрыгожвае наша жыццё. Ты дорыш свайму роднаму гораду шчасце быць прыгожым.

Рэалізацыя культурна-асветніцкага праекта “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў блізіцца да сваго завяршэння, і таму можна ўжо сёння падвесці папярэднія вынікі. Як лічаць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, гэты праект, запушчаны “Настаўніцкай газетай” сумесна з НЦМТДіМ у 2015 годзе, прадэманстраваў запатрабаванасць публікацый, якія пабачылі свет пад аднайменнай рубрыкай газеты, іх актуальнасць найперш для спецыялістаў, кіраўнікоў творчых аб’яднанняў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Праект “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў дае магчымасць чытачам бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю лепшых творчых калектываў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — пераможцамі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”. Праект быў створаны ў мэтах папулярызацыі лепшых прыкладаў мастацкай творчасці і дазволіў правесці маніторынг развіцця творчых калектываў. Яго асноўнымі задачамі з’яўляюцца вывучэнне і абагульненне перадавога педагагічнага і творчага вопыту кіраўнікоў калектываў, актуалізацыя дзейнасці ўстаноў адукацыі па ўкараненні інавацыйнага вопыту і эфектыўных форм выхаваўчай работы, папулярызацыя прафесійна-тэхнічнай адукацыі і выяўленне дадатковых рэсурсаў па павышэнні прэстыжу рабочых прафесій і спецыяльнасцей, павышэнне прафесійнага ўзроўню, удасканаленне прафесійнага майстэрства педагогаў, садзейнічанне ўкараненню інавацыйных падыходаў у арганізацыю мастацка-творчай i культурна-адпачынкавай дзейнасці.

Развіццё і выкарыстанне інтэлектуальнага і культурнага патэнцыялу моладзі — адзін з лепшых спосабаў дапамагчы справіцца з праблемамі сучаснага грамадства і выхаваць духоўна-маральныя каштоўнасці. Менавіта сёння фарміруецца новае пакаленне выканаўцаў, для якога важныя сінтэз агульнакультурнага і нацыянальнага канцэптаў. Можна сказаць, што праект стаў інфармацыйнай пляцоўкай для вядзення адкрытага дыялогу, распрацоўкі стратэгій узаемадзеяння педагогаў і навучэнцаў, падтрымкі цікавых ініцыятыў, імпульсам для далейшай плённай працы.

Вопыт, прадэманстраваны ў рамках праекта “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў будзе прадстаўлены ў форме інфармацыйна-метадычнага дапаможніка для спецыялістаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі для эфектыўнага правядзення прафарыентацыйнай кампаніі 2017 года.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.