Слонімскае барока

- 13:45Родная земля

Барока, ракако, класіцызм, мадэрн — у гэтых архітэктурных стылях пабудаваны на Слонімшчыне храмы, капліцы і жылыя дамы, якія дайшлі да нашага часу праз віхуры XVII — першай паловы ХХ стагоддзя. Найбольш велічныя будынкі маюць барочнае аблічча і надаюць наваколлю адметную ўрачыстую атмасферу. Адчуем яе непаўторнасць і разам з педагогамі Слоніма і Жыровіц палюбуемся помнікамі архітэктуры.

Касцёл Cвятога Андрэя.

Архітэктурнае багацце

Антычная гармонія і манументальнасць класіцызму. Дэкаратыўныя элементы з металу і бетону ў стылі мадэрн. Прыветлівае і часам капрызнае ракако. І нарэшце, урачыстасць, раскоша, хвалістасц­ь фасадаў, узведзеных у стылі барока. Менавіта з такім архітэктурным багаццем можна азнаёміцца падчас падарожжа па Слонім­шчыне, дакладней, калі прагуляцца па гістарычнай частцы Слоніма і тэрыторыі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Ад архітэктурнай разнастайнасці будынкаў, якія сканцэнтраваліся ў цэнтры горада, літаральна разбягаюцца вочы. Але ўвагу мы засяродзім на барока. Па-першае, цэрквы і касцёлы, якія сустрэ­нуцца на нашым шляху, узведзены менавіта ў гэтым стылі. Па-другое, найбольш яркімі архітэктурнымі жамчужынамі беларускай зямлі з’яўляюцца барочныя помнікі. Яны нібыта белыя лебедзі, што расправілі свае крылы і гатовы ў­зляцець у нябёсы. Полацкая Сафія, мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор, храмы ў Глыбокім, Талачыне, Івянцы. Адразу некалькімі барочнымі жамчужынамі славіцца і Слонімшчына.

“Калі мы пройдземся па вуліцах і завулачках нашага горада, узнімемся на званіцы, то зможам не толькі ўбачыць прыгожыя краявіды, але і нібыта пагартаем старонкі гісторыі. Гэтая экскурсія дазволіць азнаёміцца са святынямі, падыхац­ь паветрам святых для беларусаў мясцін. На тэрыторыі Слоніма заў­сёды было шмат культавых пабудоў, што сведчыць пра высокі духоўны і рэлігійны ўзровень нашых продкаў”, — пачынае экскурсію настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 8 Слоніма Алена Уладзіміраўна Парфенчык.

Абарончае кола

Гістарычны цэнтр Слоніма, па якім для нашых чытачоў правядуць экскурсію А.У.Парфенчык і яе калега з 2-й школы Алена Васільеўна Лапікава, у сваім сучасным выгля­дзе пачаў забудоўвацца пасля войн XVII стагоддзя, калі горад быў цалкам разбураны. На некалькі гадоў ён быў вызвалены ад падаткаў, што дало магчымасць Слоніму адра­дзіцца, стаць яшчэ больш заможным і славутым. З’яўляюцца ратуша, кляштар бернардзінак і касцёл бернардзінцаў (сучасная праваслаўная Свята-Троіцкая царк­ва), касцёл Святога Андрэя, сінагога, жылыя будынкі, сярод якіх да нашага часу захаваліся дамы рамеснікаў і аўстэрыя. Усё гэта барочная спадчына, праўда, з элементамі іншых стыляў, унесенымі ў пазнейшыя часы.

Архітэктурна-планіровачная структура цэнтра горада, якая захавалася да нашых дзён, склалася ў канцы XVII — пачатку XVIIІ стагоддзя. Заканчэнне горада, вуліцы якога, нібыта промні ад сонца, разыходзіліся ад гандлёвай плошчы, паказвалі дзве капліцы, узведзеныя таксама ў стылі барока. Адна з гэтых капліц і цяпер стаіць, праўда, амаль што ў цэнтры Слоніма, які за стагоддзі разросся, значна павялічылася і колькасць яго жыхароў. Напрыклад, у пачатку 90-х гадоў XVIII ст. у Слоніме налічвалася 763 дамы і 4578 жыхароў, а цяпер насельніцтва горада складае прыкладна 50 тысяч чалавек.

“Размяшчэнне мураваных будынкаў нагадвала абарончае кола. У гэтых будынках падчас ваенных канфліктаў маглі хавацца людзі і паспяхова вытрымліваць асаду. Гавораць, што храмы злучалі нават падземныя хады, якія цяпер завалены. Паглядзіце, будынкі храмаў, сінагогі нечым нагадваюц­ь сярэдневяковыя абарончыя збудаванні. Маюць такія ж масіўныя рысы, іх знешні выгляд нечым падобны на раманскі стыль”, — па­дзялілася А.В.Лапікава.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Слоніма І.М.Сіняк і метадыст РВМК І.Г.Сілевонік.

Гісторыя ў асобах

Нядзіўна, што храмы з таўшчэзнымі сценамі змаглі выстаяць падчас шматлікіх войнаў, якія праносіліся праз Слонімшчыну. Сярод такіх храмаў — фарны касцёл святога апостала Андрэя, пабудаваны ў 1775 годзе на месцы драўлянага касцёла, узведзенага па ініцыятыве Казіміра Ягелончыка ў 1490 го­дзе. Дарэчы, у тым драўляным храме выступаў Пётр Скарга, пра што ў сучасным храме нагадвае шыльда. Як ужо адзначалася, кожная новая эпоха дадавала ў экстэр’ер і інтэр’ер храмаў элементы іншых архітэктурных стыляў. Сёння наведвальнікі касцёла Святога Андрэя, пабудаванага ў стылі позняга барока, могуць любавацца інтэр’ерам, аформленым у стылі ракако. Існуе паданне, што Міхал Казімір Агінскі, дзякуючы якому Слонім дасягнуў свайго найвышэйшага эканамічнага і культурнага росквіту ў ХVIII стагоддзі, загадаў замураваць пасля смерці сваё сэрца ў адной са сцен храма. Магчыма, палымяная любоў князя да сваёй зямлі і ўратавала святыню ад разбурэння.

Гісторыя любога храма — гэта не проста этапы яго будаўніцтва, аднаўлення, рэстаўрацый, гэта не гісторыя камення, цэглы, а лёс асоб: архітэктараў, якія гэты храм планавалі, будаўнікоў і, канечне, святароў, манахаў, якія служылі ў храме, прысвяцілі сваё жыццё яго росквіту, аднаўленню. Цудоўным прыкладам з’яўляецца гісторыя каталіцкага храма Бяз­грэшнага зачацця святой Дзевы Марыі, пабудаванага ў стылі барока ў другой палове XVII стагоддзя, а ў канцы XVIII стагоддзя дапоўненага больш дэкарыраваным верхнім ярусам. Храм адносіцца да абарончага тыпу збудаванняў і з’яўляецца часткай ансамбля былога манастыра бернардзінак. Ансамбль арганічна ўвабраў у сябе архітэктурныя рысы барока, ракако і класіцызму.

“У 1906 годзе, калі ў манастыры засталіся дзве сястры сталага веку, з Польшчы ў Слонім таемна, пераапранутыя ў свецкае адзенне, прыехалі сёстры-непакалянкі. Яны засталіся ў кляштары і ўзяліся за рэстаўрацыю будынка ўласнымі сіламі. Дзякуючы іх намаганням, былі таксама адкрыты школа і інтэрнат для дзяўчынак. У гады Вялікай Айчыннай вайны сёстры-непакалянкі Ева Наішэўская і Марта Валоўская былі расстраляны фашыстамі за дапамогу яўрэям. Ёсць звесткі, што сёстры загінулі, бо пра іх дзейнасць хтосьці данёс. Магчыма, з-за неасцярожнасці, паколькі немцам трапіў рэцэпт, выпісаны сястрой Евай на імя аднаго з яўрэяў. Сёстры ўсведамлялі пастаянную пагрозу, ведалі, што знахо­дзяцца пад наглядам гестапа, адзін з нямецкіх салдат нават папярэдзіў іх пра небяспеку, але жанчыны працягвалі свой шлях самаахвярнасці. Яны не маглі адмовіцца ад жыццёвых прынцыпаў і хрысціянскай маралі. Пасля вайны ў сценах манастыра размяшчалася бальніца. Нядаўна касцёл зноў перадалі Каталіцкай царкве. Шмат падобных прыкладаў самаахвярнасці падчас Вялікай А­йчыннай вайны можна прывесці і ў дачыненні да праваслаўных манахаў і святароў”, — паведаміла А.У.Парфенчык.

У цэнтры ўвагі

Багатая архітэктурная спадчына Слоніма не застаецца па-за ўвагай педагогаў, у першую чаргу настаўнікаў гісторыі. У кожнай школе разам з вучнямі яны ствараюць даследчыя работы, а таксама турыстычныя маршруты. Найбольш актыўна — у сярэдніх школах № 2 і № 8 Слоніма. І тычацца гэтыя турыстычныя маршруты не толькі помнікаў, узведзеных у стылі барока, але і помнікаў ХІХ стагоддзя, міжваеннага перыяду, часоў Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, Алена Васільеўна Лапікава цяпер актыўна збірае старыя фотаздымкі горада, інфармацыю пра слонімскіх фатографаў перыяду
1860—1940 гадоў, дзякуючы якім мы можам любавацца страчанай архітэктурнай спадчынай. Настаўніцы ўжо ўдалося сабраць чатыры альбомы. Ёсць арыгінальныя здымкі, аднак большасць — гэта копіі, паколькі мясцовыя жыхары трапятліва ставяцца да сямейных рэліквій — старых фотаздымкаў.

Пад кіраўніцтвам Алены Ула­дзіміраўны Парфенчык вучні сярэдняй школы № 8 Слоніма падра­бязна даследавалі лёс манашак-непакалянак, расстраляных гестапаўцамі на Петралевіцкай гары (адной з Галгоф ХХ стагоддзя), лёс нашчадкаў яўрэяў, якіх манашкам удалося в­ыратаваць. Дарэчы, тэму яўрэйст­ва на Слонімшчыне актыўна распрацоўвае і А.В.Лапікава. Падрабязныя звесткі сабраны Аленай Уладзіміраўнай і яе калегамі-гісторыкамі пра жыццё Льва Іванавіча Сапегі (яго сувязь са Слонімам), пра Міхала Казіміра Агінскага (яго перыяд гаспадарання ў Слоніме), а таксама перыяд знаходжання ў горадзе яго пляменніка — знакамітага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. Асобная работа прысвечана маёнтку Пуслоўскіх Альберцін, які цяпер уваходзіць у межы горада.

“Калі вы хочаце забыцца пра мітусню вялікага горада, вам сюды — у ціхі Слонім, на бераг Шчары, у горад, які захаваў сваю забудову канца XVII — пачатку XX стагоддзя”, — адзначыла напрыканцы завочнай экскурсіі А.У.Парфенчык.

Шлях да святыні

Нязвыкла бачыць Жыровіцы малалюднымі. Звычайна на стаянцы насупраць манастырскай брамы шмат аўтобусаў, аўтамабіляў — паломнікі і турысты едуць сюды з розных куточкаў не толькі Беларусі. Але пандэмія ўнесла свае карэктывы… І ўсё ж гасцям тут па-ранейшаму рады. Асабліва ўтульна бу­дзе адчуваць сябе той, хто не любіць мітусні, хто з задавальненнем прагуляўся б па святых мясцінах у цішыні, спакоі і а­дзіноце. Нішто і ніхто не адцягвае ўвагі. Толькі ты, храм і неба, якое ў гэты камандзіровачны дзень быццам знарок пасля шмат­гадзіннай шэрасці дадало ў сваю палітру крыху блакіту і чырвані. Маўляў, любуйся, чалавеча, фатаграфуй, нездарма ж ты прыехаў у гэтае святое месца.

Шляхоў да веры шмат. Галоўны, безумоўна, пралягае праз сэрца чалавека. Але першапачатковы — гэ­та шлях да святыні. Знаёмства з багатай гісторыяй манастыра, лёсам лю­дзей, якія звязалі з Жыровіцамі сваё жыццё; з храмамі, іх архітэктурнымі асаблівасцямі; са святынямі, якія захоўваюцца ў гэтых храмах; з цудамі, якія адбываліся на Жыровіцкай зямлі, — усё гэта запальвае ў сэрцы наведвальніка агеньчык веры. У вучняў Жыровіцкай сярэдняй школы гэты агеньчык запальва­юць яшчэ і педагогі, якія разам са святарамі і студэнтамі Мінскай духоўнай семінарыі праводзяць шматлікія мерапрыемствы ў рамках работы ўстановы адукацыі як абласнога рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа. Неад’емнай часткай дзейнасці рэсурснага цэнтра з’яўляецца праваслаўнае края­знаўства.

“Жыровіцкі край багаты сваёй духоўнай спадчынай. Тут размешчаны адзін з найбуйнейшых у Беларусі праваслаўны манастыр. У архітэктурны комплекс манастыра ўваходзяць Свята-Успенскі сабор, Мікалаеўскі, Крыжа­ўздзвіжанскі, Богаяўлен­скі і Георгіеўскі храмы, Мінская духоўная семінарыя. На тэрыторыі Жыровіц знаходзяцца крыніцы, дзе паломнікі заўсёды імкнуцца набраць прахалоднай вады, акунуцца ў купель і пад векавымі дрэвамі паразважаць пра сэнс жыцця. Асаблівую цікавасць уяўляе Эдэмскі сад на месцы былога маёнтка памешчыка Солтана. У гэтым заасадзе можна су­стрэць розных жывёл і птушак, якія выклікаюц­ь захапленне і замілаванне ў жыхароў і гасцей Жыровіцкай зямлі. Увагі заслугоўвае і паселішча каменнага веку, а таксама паклонны крыж ХІХ стагоддзя, аднаўленнем якога цяпер займаюцца педагогі і вучні нашай школы. На тэрыторыі аграгарадка і ў яго ваколіцах ёсць месцы, якія нагадваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Пазнаёміцца з гістарычнай спадчынай нашай малой радзімы можна, наведаўшы царкоўна-археалагічны музей Мінскай духоўнай семінарыі, музей этнаграфічнага профілю нашай школы і гісторыка-этнаграфічны музей Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа”, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жыровіцкай сярэдняй школы Алена Іванаўна Бякрэнь.

Усё гэтае багацце, безумоўна, не магло застацца па-за ўвагай настаўнікаў і вучняў. Пасля даследавання і сістэматызацыі края­знаўчага матэрыялу ў рамках праекта “Даведнік па малой радзіме” быў створаны электронны рэсурс “Краязнаўчы даведнік па Жыровіцах”. Ён можа выкарыстоўвацца для віртуальнага падарожжа па Жыровіцкай зямлі не толькі мясцовымі настаўнікамі. Педагогі з іншых устаноў адукацыі, калі зойдуць на сайт Жыровіцкай сярэдняй школы, змогуць выкарыстоўваць яго пры правядзенні ўрокаў, факультатыўных заняткаў, класных гадзін і пазакласных мерапрыем­с­тваў. Па словах Алены Іванаўны, стварэнню даведніка папярэднічала сістэмная экскурсійная дзейнасць, падчас якой навучэнцы наведвалі аб’екты ўсіх турыстычных маршрутаў, знаёміліся з іх гісторыяй і асаблівасцямі, рабілі фота- і відэа­здымкі. Па ініцыятыве студэнтаў Мінскай духоўнай семінарыі і пры іх непасрэдным удзеле ў рамках праекта здзяйсняюцца велапрабегі па славутых мясцінах. Сабраны края­знаўчы матэрыял неаднаразова прадстаўляўся на канферэнцыях, а ў 2019 годзе аўтар праекта “Даведнік па малой радзіме” А.І.Бякрэнь стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “За маральны по­дзвіг настаўніка”.

Усе маршруты ў большай ці меншай ступені пралягаюць праз тэрыторыю манастыра. Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр на працягу сваёй 500-гадовай гісторыі карыстаецца нязменнай папулярнасцю як у паломнікаў, так і ў звычайных турыстаў. У нашу эпоху інфармацыйных тэхналогій даволі лёгка знайсці звесткі і пра гісторыю стварэння храмаў, іх архітэктурныя асаблівасці, і пра гісторыю з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці. Таму не бу­дзем пераказвац­ь шырокавядомыя факты, а прапануем нашым чытачам з­дзейсніць на старонках выдання завочную экскурсію разам з семінарыстамі і настаўнікамі. Спадзяёмся, гэтыя фотаздымкі змаглі хаця б крыху перадаць прыгажосць жыровіцкіх святынь, шлях да якіх вя­дзе лю­дзей да веры.

Неад’емная частка

Стыль барока, у якім пабудаваны жыровіцкія храмы, безумоўна, стварае асаблівую атмасферу на тэрыторыі манастыра. Адметны франтон з хвалістымі лініямі Богаяўленскай царквы, стромкая вежа Крыжаўздзвіжанскага храма, велічныя, масіўныя рысы Свята-Успенскага сабора, які ўвабраў яшчэ і рысы класіцызму, — менавіта такія вобразы паўстаюць у нашай памяці, калі ўзгадваем падарожжа да жыровіцкіх святынь. Барока і Жыровіцы, барока і Слонім даўно сталі неад’емнымі паняццямі. Барочныя храмы настолькі ўдала ўпісаліся ў мясцовы краявід, што, здаецца, архітэктары знарок праектавалі цэрквы і касцёлы такімі, якімі мы бачым іх сёння. Ёсць віленскае барока, ёсць сіцылійскае барока, ёсць сармацкае, украін­скае, маскоўскае барока. Дык чаму нельга сказаць, што ёсць слонімскае барока?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.