Слоўца ад “жываслоўцаў”

- 11:09"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ўжо шосты дзясятак існуе народны літаратурны тэатр “Жывое слова”. Яго ўдзельнікі, развіваючы акцёрскія здольнасці, перамагаюць сваю сарамлівасць і сціпласць, вучацца даносіць літаратурнае слова да гледача і слухача. Апошнія гады тэатр узначальваюць Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі, якія расказалі пра жыццё калектыву, пераемнасць традыцый і будучыя прэм’еры.

“Жывому слову” — 54

Тэатр “Жывое слова” быў створаны ў лістападзе 1966 года былым артыстам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы выкладчыкам Мінскага педінстытута імя А.М.Горкага Андрэем Калядой. На чале з ім у 1977 годзе калектыў атрымаў званне народнага. Традыцыі, закладзеныя Андрэем Андрэевічам, захоўвалі і развівалі яго паслядоўнікі — наступныя кіраўнікі тэатра: Алена і Юрась Чарэнка (1991—2004), Наталля Кухарава і Уладзімір Трапянок (2004—2012 ), а затым — Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі.

“Жывому слову” давялося прайсці шлях ад гуртка мастацкага слова да народнага тэатра чытальнікаў, ад творчасці чатырох чалавек да сталага калектыву, у якім зараз налічваецца больш за 20 удзельнікаў. Сёння тэатр аб’ядноўвае студэнтаў самых розных факультэтаў БДПУ, МДЛУ, БДУ, БДЭУ і навучэнцаў устаноў іншых узроўняў адукацыі Мінска. Штогод калектыў стварае літаратурна-музычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам. Артысты тэатра з’яўляюцца пастаяннымі ўдзель­нікамі такіх міжнародных і рэспубліканскіх форумаў і фестываляў, як “Аўцюкі”, “Фэст экскурсаводаў” і “Ноч музеяў”.

Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі.

“Жываслоўцы” неаднаразова перамагалі ў творчых конкурсах і былі адзначаны на розных тэатральных форумах. Так, напрыканцы 2019 года калектыў стаў адным з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “Аўтограф” і з’яўляецца сённяшнім героем праекта “Галерэя творцаў”.

Галоўнае — надвор’е ў тэатры

Тэатры бываюць розныя: прафесійныя і аматарскія, драматычныя і музычныя, класічныя і вулічныя, пластычныя і танцавальныя, аднаго акцёра і са шматлікай трупай, камерныя і з вялізнай сцэнай… Сённяшнім школьнікам па­шчасціла мець магчымасць наведвання любога тэатра краіны. А вось у мае школьныя гады, якія прайшлі ў маленькім горадзе, гэта было даволі складана. Затое, калі я стала першакурсніцай педуніверсітэта, пастаралася нагнаць упушчанае. І так атрымалася, што адразу пасля Купалаўскага тэатра трапіла на паказ нашага студэнцкага калектыву “Жывое слова”. Праз 20 гадоў мне складана ўспомніць, што я гля­дзела, але дакладна памятаю, як моцна мяне ўразіла ігра непрафесійных маладых артыстаў і нават прамільгнула думка самой далучыцца да іх. Аднак тады было даволі няпроста трапіць у рады “жываслоўцаў” з-за сур’ёзнага адбору, ды і, па шчырасці, мне не хапіла смеласці. А пасля захапіла журналісцкая дзейнасць, і да тэатральнай не дайшла справа. І вось праз столькі гадоў лёс зноў звёў мяне з “Жывым словам”, якое, прынамсі, можна смела назваць унікальным сярод аматарскіх тэатраў. Гэта адзіны студэнцкі калектыў, які працуе выключна на беларускай мове.

“Жывое слова” — адзіны студэнцкі тэатр, які працуе выключна на беларускай мове.

Дарэчы, Алеся Сівохіна прыйшла ў тэатр у 2001 годзе, а таму не пагадзілася са мной, што трапіць у калектыў было складана. “Застацца было няпроста. Памятаю, як прачытала верш “Алеся” Янкі Купалы, а ў мяне запыталіся, ці валодаю якім-небудзь музычным інструментам. Пасля я некалькі гадоў толькі іграла на гітары і спявала. Папраўдзе, я і не імкнулася рабіць нешта іншае, напрыклад, вершы чытаць было даволі складана праз, мякка кажучы, не зусім дасканалае валоданне беларускай мовай, — з усмешкай узгадала яна. — Аднойчы пры падрыхтоўцы да вечарыны Навума Гальпяровіча наш тагачасны кіраўнік Юрась Валянцінавіч Чарэнка размяркоўваў вершы. І сказаў: “Алеся, ты дома пачытай і прыходзь на наступную сустрэчу з пытаннямі, калі будуць”. Я прачытала і не зразумела большую частку верша, бо словы паасобку былі знаёмыя, але яны не складваліся ў агульную карціну. Беларуская мова не была ў маім штодзённым ужытку, і словы твора не звязваліся з эмоцыямі. Таму зараз я добра разумею праблемы многіх нашых удзель­нікаў, якія чытаюць верш і быццам бы ўсё зразумела, але на самай справе — шмат пытанняў. Аднак калі ты прыйшоў у “Жывое слова” і ў цябе ёсць жаданне застацца — застанешся і атрымаеш асалоду ад той атмасферы, якая пануе ў тэатры”.

Кожны верасень тэатр праводзіць набор новых удзельнiкаў. Актыўнасць у сацыяльных сетках, аб’явы пра набор на стэндах універсітэта, удзельнікі праекта “Вялiкая сцэна БДПУ” накiроўваюць у “Жывое слова” студэнтаў розных устаноў. Кіраўнікі тэатра заахвочваюць студэн­таў, калі праходзяць па групах філфака БДПУ, дзе расказваюць пра “Жывое слова” і паказ­ваюць студэнтам літаратурна-музычныя кампазіцыі. Традыцыйна больш за ўсё iмкнуцца трапiць у склад калектыву фiлфакаўцы, а таксама студэнты факультэта пачатковай адукацыi, дзе “Жывое слова” выступае штогод з канцэртамі.

Алесь Мойскі, кажучы пра спецыфіку студэнцкага тэатра, сказаў, што зараз яны бяруць у калектыў амаль усіх жадаючых. “Нам заўсёды вельмі шкада развітвацца з выпускнікамі, бо якраз на апошнім курсе яны раскрываюцца. Мы зноў пачынаем усё спачатку з першым курсам, што таксама вельмі цікава, — тлумачыць ён. — Зараз у калектыве 20 студэнтаў. Мне ўзгадваецца спектакль “Афарызм” паводле У.Караткевіча, які мы ставілі ўчатырох з двума кіраўнікамі ў 2010—2011 гадах. І, нягледзячы на такую малую колькасць артыстаў, пастаноўка атрымалася настолькі ўдалай, што прэм’ерны паказ адбыўся двойчы ў адзін вечар. І паглядзела яго тады больш за 200 чалавек. А пасля пачалі далучацца новыя ўдзельнікі да калектыву”.

Зацікавіць словам і эмоцыяй

У 2012 годзе кіраўнікамі “Жывога слова” сталі Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі. У рэпертуары тэатра на той момант з’явіўся спектакль “Злавіць будучыню”. А першым самастойным спектаклем, які яны паставілі разам, быў “Дудар”. У ім перапляліся творы васьмі розных аўтараў, пачынаючы з С.Палуяна і В.Ластоўскага і заканчваючы Ф.Кафкай і Х.-Л.Борхесам. “Наш тэатр пастаянна сочыць за тэндэнцыямі ў сучаснай літаратуры. Напрыклад, цяпер у трэндзе постмадэрнізм і антыўтопія, і мы складаем творы розных аўтараў у адзінае цэлае, — разважае А.Мойскі. — Зараз мы паказваем спектакль “Вецер”, створаны па п’есе “Маці ўрагану” У.Караткевіча і рамане “451 градус па Фарынгейце” Р.Брэдберы. Дарэчы, у гэтых пісьменнікаў сёлета юбілеі: Караткевічу — 90, а Брэдберы — 100 гадоў”.

Традыцыйна кожную восень “Жывое слова” арганізоўвае вечарыну уласнай творчасці “Атрасіны”, калі ўдзельнікі тэатра самі становяцца рэжысёрамі і сцэнарыстамі, такім чынам “атрасаюць” творчыя знаходкі за год. “Гэта магчымасць студэнтам паказаць, на што яны вартыя. Хто можа спяваць — спявае, хто пісаць — піша і чытае свае творы. Як правіла, самі студэнты выбіраюць, што будуць рабіць: канцэртную праграму, вечарыну або спектакль”, — дадаў Алесь Мойскі.

На працягу навучальнага года ў тэатры працуе клуб творчых дыялогаў, і ўдзельнікі калектыву ладзяць сустрэчы з вядомымі дзеячамі культуры і проста цікавымі асобамі. Так, ужо адбыліся знаёмствы з даследчыкам творчасці М.Танка і У.Караткевіча літаратуразнаўцам Анатолем Вераб’ём, дачкой Сяргея Грахоўскага — Таццянай, Навумам Гальпяровічам, Алесем Камоцкім і іншымі. “Вельмі хочацца да канца гэтага навучальнага года запрасіць нашых даўніх сяброў — супрацоўнікаў Літаратурнага музея М.Багдановіча, каб яны расказалі і пра нашага знакамітага класіка і пра музейную справу, — падзялілася А.Сівохіна. — Адна з самых запамінальных сустрэч адбылася пару гадоў назад з заснавальнікам тэатра Андрэем Андрэевічам Калядой, які правёў майстар-клас для “жываслоўцаў”. Дарэчы, сёлета яму споўніцца 80 гадоў. Праз нашы сустрэчы мы не проста разумеем сувязь пакаленняў, а адчуваем сябе працягам вялікай і важнай справы. Гэта вельмі прыемна і адначасова надзвычай адказна — трымаць агеньчык, запалены ў 1966 годзе, і распальваць ад яго агонь у сэрцах іншых. Такія сустрэчы вельмі натхняюць“жываслоўцаў”, бо яны лепш пачынаюць разумець традыцыі калектыву”.

Як адзначаюць кіраўнікі тэатра, іх асноўная мэта — не падрыхтоўка прафесійных акцёраў, а зацікаўленне студэнтаў розных спецыяльнасцей мовай, літаратурай і эмоцыямі. “Слова эмацыянальнае і жывое, таму свайго суразмоўніка і вучня можна зацікавіць ім. Я не схлушу, калі скажу ад імя нашых студэнтаў, якія ідуць на практыку ў школу, што на ўроках беларускай літаратуры ім вельмі дапамагае веданне вершаў, якія яны дэкламуюць лёгка і ад душы. Зразумела, што такі ўзор натхняе дзяцей, і яны пачынаюць шукаць новыя сэнсы ў творы”, — сказала А.Сівохіна.

Тэатр “Жывое слова” мае ў сваім рэпертуары канцэртную праграму “Беларуская літаратура за 45 хвілін”. Такія ўрокі ў 5—11-х класах школ Мінска і Мінскага раёна напоўнены лірыкай, урыўкамі прозы і драматургіі, песнямі на вершы класікаў. “Калі стала вельмі шмат запрашэнняў ад школ, мы прыдумалі такую форму, каб за ўрок акрэсліць шлях беларускай літаратуры ад старажытнасці да сучаснасці, — адзначыў Алесь Мойскі. — Мы расклалі наш рэпертуар і зразумелі, што можна храналагічна расказаць пра літаратуру, пачынаючы з урыўкаў з “Аповесці мінулых гадоў”, “Слова аб палку Ігаравым” і завяршаючы творамі Рыгора Барадуліна”. Тэатру вельмі пашанцавала, што ў свой час Р.Барадулін напісаў для яго шэраг скорагаворак. “Нам вельмі дапамагаюць у рабоце гэтыя скарагаворкі, такія небанальныя, складзеныя Рыгорам Іванавічам з густам і гумарам. Усе іх можна знайсці ў кнізе “Воз вёз лёс”, якую выдаў Алесь Камоцкі”, — дадала Алеся Сівохіна.

Любімая справа і месца натхнення

Алесь і Алеся ўзначальваюць тэатр ужо восем гадоў. За гэты час змянілася многае, аднак нязменным застаецца захапленне і бляск вачэй гледачоў, што і стымулюе іх шукаць новыя формы і ідэі. “Наш глядач прыходзіць, каб пачуць студэнцкі імпэт і жывое беларускае слова. Тэатр не проста робіць пастаноўкі: у нас тут створана беларускамоўнае асяроддзе, — падкрэсліў А.Мойскі. — Мы рыхтуем новы спектакль і спадзяёмся, што ён будзе актуальным у наш зменлівы і непастаянны час. Зараз на хвалі так званая фэйсбучная літаратура, якую мы таксама не абмінём”.

“Жывое слова” — фізічныя і галасавыя трэнінгі, майстар-класы па акцёрскім майстэрстве і сцэнічным маўленні.

Студэнты і кіраўнікі “Жывога слова” адзначаюць разам усе святы і творчыя дасягненні, наведваюць спектаклі айчынных тэатраў і ў канцы кожнага сезона ладзяць традыцыйны выпускны ў Зялёным.

“Я ў тэатры з першага курса, бо гэта выдатная магчымасць праявіць сябе і навучыцца чаму-небудзь новаму, — сказаў студэнт 4 курса філфака БДПУ Аляксандр Саўчанка. — Сёння “Жывое слова” — гэта вялікая сям’я. Я сюды прыходжу і бачу амаль што родных людзей, з якімі можна пагаварыць, абмеркаваць штосьці, якія дапамогуць і падтрымаюць”.

А Ганна Паўлоўская, студэнтка 3 курса факультэта пачатковай адукацыі БДПУ, у тэатры 2 гады: “Я вельмі шкадую, што прыйшла ў тэатр толькі на другім курсе, бо хутка скончу вучобу. Тэатр дапамог мне стаць больш смелай. Калі я працую з малодшымі школьнікамі на літаратурным чытанні, то мне вельмі дапамагаюць веды, атрыманыя ў тэатры, па пастаноўцы дыхання, голасу і выкарыстанні сродкаў маўленчай выразнасці”.

“Жывое слова” — гэта не проста пастаноўкі, вечарыны, рэпетыцыі… Гэта сапраўднае жыццё”, — прызналася А.Сівохіна. А А.Мойскі дадаў, што тэатр — гэта любімая справа і месца натхнення: “Тэатр дапамог зразумець, што да ўсяго ў жыцці трэба мець творчы падыход”.

27 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень тэатра. Нашы сённяшнія героі жадаюць усім, хто мае дачыненне да тэатральнага мастацтва, не баяцца эксперыментаў і як мага часцей бываць у тэатры. “Жадаю жыць словам, авалодаць словам, пісаць словы і натхняцца словам! А тэатралам — гарэць сваёй справай, каб не толькі пастаноўка і прэм’ера, а і кожная рэпетыцыя, чытка спектакля ці яго абмеркаванне напаўняліся творчай энергіяй”, — падкрэсліў А.Мойскі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва “Жывога слова”.