Слёзы дзіцяці

- 10:47Нам пішуць, Рознае

У кожнага чалавека павінен быць свой дом, свая сям’я. Гэта своеасаблівая абарона, дзе кожнага з нас акружае любоў блізкіх. 

Аднойчы на класнай гадзіне я прапанавала дзецям напісаць міні-сачыненне “Што для мяне мая сям’я”. Вось некаторыя вытрымкі з іх:

“Мая сям’я – гэта мама, тата, я і мой брат. Мая сям’я – гэта астравок, на якім жывуць радасць, узаемадапамога”.

“У кожнага чалавека ёсць сям’я – месца, дзе яго разумеюць, чакаюць, заўсёды дапамогуць парадай, скажуць добрае слова. Такая сям’я ў мяне”.

Я вельмі рада за дзяцей, якім пашчасціла жыць у сапраўднай сям’і, якіх разумеюць і якім дапамагаюць.

Але мне хочацца пагаварыць пра іншае. Мы прывыклі лічыць сям’ю ачагом згоды і любові, дзе дзіця акружаюць самыя блізкія і дарагія людзі. Аднак, на жаль, часта аказваецца, што гэта не заўсёды так. Сям’я ўсё часцей нагадвае тэатр ваенных дзеянняў, арэну спрэчак, узаемных абвінавачванняў і пагроз. А нярэдка даходзіць і да прымянення фізічнай сілы. Доўгі час лічылася, што гэта справа ўнутрысямейная і не трэба ўмешвацца.

Я з гэтым не згодна, бо ўсё негатыўнае аказвае ўплыў на нашых дзяцей. Адсюль і ўцёкі з дому, і агрэсія ў адносінах да акружаючых, і замыканне ў сабе.

Я звяртаюся да вас, мамы і таты, да тых, хто даў жыццё сваім дзеткам. Не прымушайце сваіх дзяцей ліць слёзы! Якія слёзы, спытаеце вы? А вось якія…

….Доўгі зімовы вечар. Дзяўчынка прыйшла, не, не прыйшла, а прыляцела дадому са школы, каб падзяліцца сваёй радасцю. Учора вечарам яна вучыла складаную тэму па матэматыцы, а сёння атрымала за свой адказ дзявятку. Хутчэй дадому, каб расказаць аб гэтым маме. Прыбегла ў хату, вочы блішчаць, шчочкі ружовыя ад марозу. “Мама!”, якое павінна было атрымацца радасным, перарасло ў расчараванае: “Зноў?” , і вочы дзіцяці цяпер блішчаць не ад радасці, бо на раснічках застыглі слязінкі крыўды і нават нейкай стомы.

Мама ляжа ла на баку абутая, у шапцы, у паліто. З пад шапкі выбіліся валасы, якія калісьці былі прыгожыя і шаўкавістыя, а зараз ператварыліся ў незразумалага колеру космы. Дзяўчынка пачала раздяваць-разбуваць сваю мама – самага дарагога чалавека на свеце. І гэты чалавек, мазгі якога затуманены алкаголем, паварушыўся і амаль незразумела, без ніякіх пачуццяў прамовіў: “А, гэта ты…”

Дзяўчынка абяссілена прысела на табурэт, любімы кот адразу ж ускочыў на калені і прыветліва замурлыкаў. І вось з ім, з гэтым катом, падзялілася дзяўчынка радасцю ад атрыманай дзявяткі. Але гэта ўжо была нейкая “нерадасная радасць”.

А дома зімна, вячэра не прыгатавана. Добра, што купіла сёння хлеба, а суседка кожны вечар дае малако. Дзяўчынка павячэрала сама, пачаставала малаком ката і лягла. Толькі не спалася ёй. Успаміналася, як добра было, калі яны жылі з татам, пакуль тая другая жанчына не забрала яго ад іх з мамай. Мама доўга плакала, а потым пачала піць, паступова ператвараючыся з пяшчотнай, прыгожай жанчыны ў невядома каго.

Хіба гэта не слезы дзіцяці?

Алкагалізм – гэта хвароба, ад якой пакутуюць як бацькі, так і іх дзеці. У такіх сем’ях дзеці хутка становяцца дарослымі. Яны адчуваюць сябе адказнымі за лёс сваіх малодшых брацікаў і сястрычак. Да і самім бацькам, якія п’юць, патрэбна іх фізічная і эмацыянальная падтрымка. Дзеці становяцца бацькамі для сваіх бацькоў. Адсутнасць клопату – гэта толькі пачатак агульнай запушчанасці дзіцяці. Не ў сэнсе парушэнняў інтэлекту, а ў сэнсе дысгармоніі станаўлення характаруу чалавека. А які характар, такія і ўзаемаадносіны чалавека з іншымі людзьмі, такое і яго шчасце. Падумайце пра шчасце вашага дзіцяці!

…. Мама на кухні стукае талеркамі, усхліпвае. Тата ляжыць на канапе і робіць выгляд, што чытае газету. “Зноў пасварыліся, — думае Сяргей, уваходзячы ў пакой. – І што яны не могуць падзяліць паміж сабой? А бабуля расказвала, што ў іх было такое каханне, пра якое ў кніжках пішуць. Яшчэ яна гаварыла, што пра маіх маму і тату казалі , што яны – самая прыгожая пара ў вёсцы. І, што калі я нарадзіўся, тата літаральна засыпаў маму кветкамі. Куды ж усё падзелася? Чаму ж вы перасталі любіць і паважаць адзін другога? Што ж з вамі здарылася?”

А з калідора ўжо даносілася: “Я праклінаю той дзень, калі выйшла за цябе замуж!” “Пайшла вон адсюль!” – чуецца ў адказ. Бацькі настолькі былі заняты выясненнем адносін, што ні аб чым іншым і не думалі. І толькі ў сваім пакоі адзін маленькі чалавек шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў праз акно ў начное неба і шаптаў: “Божанька, зрабі так, каб мама з татам памірыліся і больш ніколі не сварыліся”.

Хіба гэта не слезы дзіцяці?…

Дай Бог, каб у героя гэтай гісторыі была ў будучым сапраўдная сям’я – без сварак, спрэчак, адчужэння і неразумення.

Паважаныя дарослыя, я звяртаюся да вас. Не стварайце сваім дзецям такія ўмовы, каб слёзы горычы, расчаравання, адзіноты, незразумеласці ліліся з іх вачэй.

Вольга Каткоўскіс,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Гервяцкай сярэдняй школаы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.