Спаборнічалі юныя піяністы

- 12:10Адукацыйная прастора

Каля 80 юных піяністаў сабраў ІХ Абласны адкрыты конкурс Cantabile, які прайшоў у горадзе над Бугам на базе гімназіі № 4. Арганізатарамі творчага спаборніцтва выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і калектыў навучальнай установы.

— Конкурс трывала ўвайшоў у грамадскае і культурнае жыццё Брэстчыны, атрымаў шырокае прызнанне сярод юных піяністаў і выкладчыкаў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 4 Брэста К.У.Жыватоўская. — Спаборніцтва праводзіцца ў 4 узроставых катэгорыях з мэтай развіцця і папулярызацыі дзіцячага піяністычнага руху, павышэння ўзроўню выканальніцкага і педагагічнага майстэрства, выяўлення адораных дзяцей і падтрымкі іх творчых здольнасцей. Сёлетні конкурс быў прымеркаваны да 1000-годдзя Брэста. Сваё майстэрства паказвалі не толькі прадстаўнікі Брэстчыны, але і Мінска, Гродна, Віцебска.

У залежнасці ад узроставай катэгорыі канкурсанты выконвалі на фартэпіяна рознахарактарныя і поліфанічныя творы, творы буйной формы, кантыленнага і віртуознага характару айчынных і замежных аўтараў. Пры ацэньванні выступленняў журы з ліку выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы і педагогаў дадат­ковай адукацыі музычнага кірунку па класе фартэпіяна звяртала ўвагу на тэхнічны ўзровень валодання інструментам, ступень складанасці музычнай праграмы, стылістычную ахайнасць, выраз­насць выканання, артыстызм, адпаведнасць рэпертуару ўзроставым асаблівасцям выканаўцаў. 

Дыпломы І ступені атрымалі Макар Вандзіч і Соф’я Грыневіч з гімназіі № 4 Брэста, Вераніка Дзянішчыц, Марыя Рапецкая і Рэната Кір’янава з сярэдняй школы № 17 Брэста, Марыя Апольская з Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў і Прохар Адзінец з дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 9 Мінска.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.