Спадчына для нашчадкаў: як у Ліпніцкай школе захоўваюць памяць аб заслужаным настаўніку БССР Мікалаю Папову

- 15:10Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Амаль 20 гадоў імя Мікалая Папова, заслужанага настаўніка БССР і актыўнага ўдзельніка партызанскага руху на Брэстчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, носіць Ліпніцкая сярэдняя школа Драгічынскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Захоўваюць памяць

На фасадзе будынка — барэльеф з выя­вай вядомага партызанскага камандзіра і памятная пліта ў яго гонар. А ў самой установе дзейнічае куток баявой і працоўнай славы, частка экспазіцыі якога прысвечана Мікалаю Папову.

— Гэты куток адыгрывае важную ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, — гаворыць дырэктар школы Алена Савульчык. — Экспазіцыя складаецца з трох тэматычных раздзелаў, якія расказваюць пра партызанскі рух на Драгічыншчыне, гісторыю аграгарадка, мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства і школы, а таксама пра яе знакамітых выпускнікоў.

Інфармацыя ў кутку прадстаўлена на 10 стэндах. Увагу прыцягваюць рукапісная аўтабіяграфія Мікалая Папова, яго асабістыя рэчы, розныя дакументы, перапіс­ка з ветэранамі, выразкі з газет, прадметы ваеннага часу, біяграфіі знакамітых землякоў, успаміны ветэранаў педагагічнай працы. Гэтыя матэрыялы шырока выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Да знамянальных дат у кутку афармляюцца тэматычныя выставы і арганізуюцца мерапрыемствы. Старшакласнікі праводзяць экскурсіі для малодшых дзяцей і мясцовых жыхароў. Работа па папаўненні кутка новымі экспанатамі працягваецца.

Асобная ўвага — ветэранам працы і Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх — былы кіраўнік раённай калегіі адвакатаў Аляксандр Камісарчук, доктар біялагічных навук і аўтар шматлікіх кніг на гістарычную тэматыку Іван Данілаў. Іх прыклад натхняе школьнікаў і вучыць любіць Радзіму, як гэта самааддана рабіў чалавек, імя якога но­сіць школа. 

Мікалай Папоў нарадзіўся ў 1920 годзе ў Арэнбургскай вобласці Расіі ў сям’і селяніна-земляроба. Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў настаўнікам. Але запаветнай марай юнака было атрымаць ваенную адукацыю і стаць камандзірам. І гэтая мара неўзабаве спраўдзілася.

Заслужаны настаўнік БССР Мікалай Папоў нарадзіўся на Паўднёвым Урале, але амаль усё жыццё звязаў з Беларуссю, якая стала для яго другой радзімай.

У верасні 1939 года Мікалая Папова накіравалі ў Бабруйскае ваеннае пяхотнае вучылішча, пасля якога ў чэрвені
1941-га малады лейтэнант прыбыў на службу ў 15-ы стралковы полк 49-й Чырвана­сцяжнай дывізіі, што размяшчаўся пад Высокім у Камянецкім раёне за 2 кіламетры ад дзяржаўнай мяжы. 21 чэрвеня каман­дзір кулямётнага ўзводу атрымаў водпуск і збіраўся ў родны Арэнбург, але дамоў так і не паехаў — пачалася вайна.

З першых яе дзён афіцэр з салдатамі аказаўся ў акружэнні і з баямі адыходзіў да Белавежскай пушчы. Апынуўшыся на Іванаўшчыне, Мікалай Папоў з аднадумцамі вырашыў стварыць партызанскую групу. З дапамогай мясцовых жыхароў падпольшчыкі здабылі ручны кулямёт і патроны, а вясной 1942 года пачалі актыўныя баявыя дзеянні на акупіраванай тэрыторыі.

Спачатку група Мікалая Папова складалася ўсяго з 9 чалавек, але камандзір паставіў задачу істотна павялічыць шэрагі, добра ўзброіцца і ў ноч на 5 мая 1942 года выйсці на заданне. Першай удалай баявой аперацыяй стала вызваленне юнакоў і дзяўчат з мясцовай вёскі, мабілізаваных на работу ў Германію.

Летам 1942 года група з 36 чалавек увайшла ў склад партызанскага атрада імя М.Ц.Шыша, які неўзабаве ўзначаліў малады лейтэнант. З вясны 1942 да мая 1944 года байцы знішчылі 76 варожых эшалонаў, 76 паравозаў, 480 вагонаў і 1125 чыгуначных платформ, забілі больш за 4,3 тысячы і паранілі 875 фашыстаў, разграмілі 38 нямецкіх гарнізонаў і 24 паліцэйскія ўчасткі, а таксама актыўна ўдзельнічалі ў 42-дзённай абароне Дняпроўска-Бугскага канала.

— Мікалай Міхайлавіч Папоў паказаў сябе на вайне чалавекам небывалай мужнасці і гераізму, асабістым прыкладам усяляў у падначаленых упэўненасць у перамозе, выхоўваў у байцоў смеласць, кемлівасць, цярплівасць і вынослівасць, — заўважае Алена Савульчык. — Ваенныя подзвігі 22-гадовага камандзіра адзначаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” I ступені і “За перамогу над Германіяй”.

Пасля вайны Мікалай Папоў застаўся жыць і працаваць на Палессі, дзе вярнуўся ў педагогіку: узначальваў Столінскі і Драгічынскі раённыя аддзелы народнай адукацыі, а таксама Ліпніцкую сярэднюю школу. Выбіраўся дэпутатам Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў. Плённая педагагічная дзейнасць Мікалая Міхайлавіча адзначана медалямі “За працоўныя поспехі”, “За доблесную працу” і “Ветэран працы”, а таксама ганаровым званнем “Заслужаны настаўнік БССР” (1968).

Не стала таленавітага педагога-партызана ў 1988 годзе, але памяць пра яго старанна зберагаюць у Ліпніцкай сярэдняй школе, якая з гонарам працягвае традыцыі былога дырэктара і развівае новыя пад кіраўніцтвам яе выпускніцы Алены Савульчык. 

Адраджаюць традыцыі

Акрамя сістэмнай работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучняў, ліпніцкія педагогі могуць пахваліцца і іншымі напрамкамі дзейнасці, у тым ліку праектнай. Ужо некалькі гадоў школа ўдзельнічае ў дабрачынных конкурсах, арганізаваных расійскай дзяржкарпарацыяй “Расатам”. Па выніках гэтых конкурсаў установе выдзяляюцца гранты на розныя мэты.

— У 2018 годзе нашы педагогі прэзентавалі праект “Мы будзем памятаць!”, накіраваны на духоўна-маральнае развіццё выхаванцаў, стварэнне ўмоў для фарміравання іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі і даследчых навыкаў для паспяховай сацыялізацыі шляхам далучэння да патрыятычнай дзейнасці, якая ўключае, у тым ліку, вывучэнне гераічнага мінулага нашай краіны ў цэлым і малой радзімы ў прыватнасці, — расказвае Алена Савульчык. — У рамках праекта была арганізавана работа па папаўненні і абнаўленні школьнага музейнага фонду, падтрымцы ветэранаў і ветэранскага руху, што станоўча паўплывала на развіццё даследчых кампетэнцый вучняў і змест пазаўрочнай дзейнасці. Мы аформілі стэнды ў кутку бая­вой і працоўнай славы, добраўпарадкавалі тэрыторыю каля помніка землякам у Ліпніках, памятнага знака ў Заплессі, а таксама месцы пахаванняў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы. Акрамя таго, правялі шэраг мерапрыемстваў з ветэранамі і былымі вязнямі, аказалі ім дапамогу, набылі камп’ютарную і мультымедыйную тэхніку. 

На гэтым праекце ліпніцкія педагогі не спыніліся і вырашылі пашырыць тэматыку за кошт новых, рэалізаваўшы ў 2019 годзе праект “Здароўе з дзяцінства”. Дзякуючы яму, ужо ў дашкольнікаў фарміраваліся навыкі здаровага ладу жыцця, ствараліся камфортныя ўмовы для дзяцей, у тым ліку з нядобранадзейных, малазабяспечаных і прыёмных сем’яў, павышалася псіхалагічная ўстойлівасць да стрэсаў, пераадольваліся сціпласць і агрэсія, развіваліся пазітыўныя зносіны адно з адным.

— Былі абсталяваны спартыўная і гульнявая пляцоўкі з арэлямі, каруселлю, балансірам і горкамі, праведзены шматлікія здароўезберагальныя мерапрыемствы, — адзначае Алена Савульчык. — Праект дазволіў эфектыўна арганізаваць фізкультурна-аздараўленчую работу ва ўстанове. 

Наступная ініцыятыва ліпніцкіх педагогаў прысвячалася якаснаму адпачынку адоранай моладзі. Гэта патрабавала далейшага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы школы для рэалізацыі творчых і даследчых здольнасцей выхаванцаў у розных відах дзейнасці. 

Не менш цікавым атрымаўся і праект “Школа нашай мары”, дзякуючы якому было набыта сенсорнае абсталяванне ў кабінет педагога-псіхолага.

Сёлета педагогі распрацавалі праект “Адраджэнне народных традыцый”. Ён узнік невыпадкова: на працягу многіх гадоў у школе дзейнічае ўзорны калектыў аматараў фальклору “Гутаўцы”.

— Плануецца стварыць рэгіянальную адукацыйную прастору для выяўлення і падтрымкі вучняў, якія цікавяцца мясцовым фальклорам і этнаграфіяй, збіраюць і сістэматызуюць адпаведныя матэрыялы, удзельнічаюць у фестывалях народнай творчасці і фальклорнага мастацтва, — расказвае Алена Савульчык. — За кошт атрыманых сродкаў збіраемся набыць канцэртныя касцюмы, абсталяваць харэаграфічны і этнаграфічны кабінеты.

Работа над праектам дазволіць стварыць належныя ўмовы для вывучэння традыцый і звычаяў малой радзімы, фарміра­ваць у моладзі нацыянальную самасвядо­масць, пашы­раць краязнаўчую дзейнасць… Гэта вельмі важна, бо сучасныя дзеці, як правіла, выхоўваюцца далёка не на лепшых узорах маскульту: добра веда­юць замежныя рок-групы і відэафільмы, але не маюць уяўлення пра айчынных творцаў. А этнаграфічны пласт народнай культуры заснаваны на багатай спадчыне, якую варта ведаць, захоўваць і перада­ваць нашчадкам.

Дырэктар школы лічыць, што вучні, з’яўляючыся носьбітамі традыцыйнай культуры, здольны стаць актыўнымі стваральнікамі сучаснай, заснаванай на адказнасці за будучыню сваёй краіны. Сярод іх — удзельнікі ўзорнага клуба аматараў фальклору “Гутаўцы”, якія збіраюць, захоўваюць і распаўсюджваюць мясцовыя народныя традыцыі, у тым ліку праз тэматычныя буклеты, брашуры і зборнікі, каб затым выкарыстоўваць іх на ўроках, у края­знаўчай рабоце, пры падрыхтоўцы да навукова-практычных канферэнцый і фестываляў.

Ліпніцкія педагогі на дасягнутым не спыняюцца. А інакш не могуць, бо працуюць з любоўю да малой радзімы, творча, з душой. І з гонарам перадаюць трывалыя жыццёвыя арыенціры сваім выхаванцам.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ