Гісторыя супрацоўніцтва Радунскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні) імя І.А. Котава, што на Гродзеншчыне, ідзе каранямі ў 90-ыя гады мінулага стагоддзя.
Ініцыятыва прыцягнення дзяцей да актыўных заняткаў спортам, дапамогі ў вырашэнні сацыяльна-бытавых праблем належыць спартыўнаму таварыству “Дынама”. На пэўным этапе прэрагатыва шэфскага сяброўства перайшла да ўпраўлення ўнутраных спраў. Але па-ранейшаму галоўнымі падзеямі для візітаў у Радунь застаюцца Дзень ведаў і Новы год. Першага верасня ў інтэрнат адправіўся салідны спартыўна-музычны дэсант на чале з начальнікам УУС Гродзенскага аблвыканкама генерал-маёрам міліцыі Вадзімам Сіняўскім.
Урачыстасць адкрыў Віктар Міхалоўскі, дырэктар школы-інтэрната. Ён звярнуўся да педагогаў, навучэнцаў з праніклівымі словамі, заўважыўшы: “Якія мы шчаслівыя! У душы і сэрцы вельмі багатыя тым, што зноў сустрэліся на святочнай лінейцы”. Пажадаў гасцям поспехаў у прафесійнай дзейнасці і падзякаваў за жаданне дапамагчы школе, без чаго яе жыццё было б зусім іншым.
Начальнік УУС Вадзім Сіняўскі падкрэсліў, што заўсёды прыемна прыязджаць да такіх добрых, светлых людзей. “Бываючы ў школе-інтэрнаце, атрымліваеш пэўны зарад бадзёрасці і энергіі, якія дапамагаюць вырашаць задачы, што стаяць перад органамі ўнутраных спраў”, — сказаў ён. Ад імя упраўлення ўнутраных спраў шэфы уручылі школе-інтэрнату сертыфікат на атрыманне 66 пар дзіцячага абутку ў магазіне “Мегатоп”. Падзячнымі лістамі міліцэйскага ведамства і падарункамі (спартыўнымі таварамі) ўзнагародзілі лепшых вучняў Віялету Вайткевіч, Анжаліку Зубель, Дзяніса Багдзевіча і Рашыда Камбарова.
Андрэй Козіч (спартыўнае таварыства “Дынама”) уручыў падшэфным футбольныя мячы. Віншаванні з новым навучальным годам прагучалі ад Мікалая Іванцова (Лідскі пагранічны атрад), Андрэя Шынковіча (Радунскі пасялковы савет), настаяцеля праваслаўнага храма айца Яўгена.
Святочны настрой лёгка стварылі артысты аркестра УУС Андрэй Грыгор’еў, Андрэй Гайдарович і Вольга Барысевіч. Лепшым падарункам, як для дзяцей, так і дарослых сталі вясёлыя песні з добрых савецкіх мультфільмаў.
Гук меднага званочка паклікаў выхаванцаў па веды, але не за парты, а на стадыён, дзе праходзіў таварыскі футбольны матч паміж школьнай камандай “Радунь” і камандай “УУС-Дынама”. Аднак перад спартыўнай пляцоўкай віноўнікаў урачыстасці чакаў сюрпрыз. Супрацоўнікі абласнога ўпраўлення ДАІ і Воранаўскага РАУС арганізавалі выставу свайго рыштунку і абсталявання. Дзятва з найвялікшым задавальненнем на сабе апрабавала міліцэйскія “штучкі” — бронекамізэлькі, шлемы, прыборы вызначэння хуткасці, радыёстанцыі і асабліва наручнікі. Вызваляць ад “бранзалетаў” хлапечыя і дзявочыя ручкі давялося неаднаразова.
Два тайма пляжнага футбола па 15 хвілін прайшлі па дзеючых правілах.
Лепшым гульцом матчу прызнаны выхаванец інтэрната Рашыд Камбараў, якому Вадзім Сіняўскі ўрачыста ўручыў шалік фаната футбольнай каманды “УУС-Дынама”.
Наталля АПЛЕВІЧ.