Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло: “Школа сфарміравала мяне як асобу, быў закладзены фундамент, у аснове якога разуменне такіх важных паняццяў, як любоў да Радзімы, павага да бацькоў”.
Спартсмен, ветэрынарны ўрач па першай адукацыі, прафесар і выкладчык БДАТУ, мнагадзетны бацька… І гэта толькі асноўныя штрыхі да партрэта Ігара Вячаслававіча Брыло. Ён скончыў Віцебскую дзяржаўную ветэрынарную акадэмію. Атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. У 2015 годзе стаў выпускніком Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Па волі спорту
— Ігар Вячаслававіч, памятаеце, якім вы былі вучнем?
— Я быў шустрым хлопцам, спартыўным, аднак і вучыўся вельмі добра. Скончыў школу з дзвюма чацвёркамі, выніковыя ж экзамены здаў на ўсе пяцёркі. І гэта пры тым, што ў мяне было шмат пропускаў — я сур’ёзна займаўся лыжнымі гонкамі, пастаянна прымаў удзел у спаборніцтвах.
— Такі від спорту вы самі для сябе выбралі?
— Канечне! І ён паўплываў на мой далейшы лёс — я і ў ветэрынарную акадэмію трапіў як лыжнік.
— Нечакана! Патлумачце, калі ласка.
— У 9 класе я выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту, а ў 10-м — майстра. Праўда, быў занадта юным і мне не прысудзілі гэтае званне. Планаваў паступаць у інстытут фізкультуры. Аднак у Барысаў, дзе я нарадзіўся і вырас, прыехаў вядомы трэнер Юрый Фёдаравіч Абросімаў. Ён высока ацаніў мае здольнасці, настаяў на тым, каб я працягваў займацца спортам. І прапанаваў на выбар дзве УВА, дзе лыжным гонкам удзялялася шмат увагі, — Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт у Мінску і Віцебскую ветэрынарную акадэмію.
— Чаму паехалі ў Віцебск?
— Там была моцная спартыўная база. Туды я і паступіў.
— Як адрэагавалі бацькі?
— Для мяне самога гэта стала нечаканасцю. Што ўжо пра іх гаварыць! (Усміхаецца.) У нашай сям’і да гэтага ніколі не было ветэрынарных урачоў! Маці ўсё жыццё працавала на піўзаводзе, а бацька большасць часу на заводзе медыцынскіх прэпаратаў.
— Не пашкадавалі пазней, што так сталася?
— Ніколі! Яшчэ два гады актыўна займаўся лыжнымі гонкамі, а потом атрымаў траўму, якая прымусіла мяне спыніцца. Ну а вучобу ўжо было не спыніць.
Школьныя вытокі
— Давайце вернемся да школьных гадоў. Якія настаўнікі больш за ўсё паўплывалі на ваша станаўленне?
— Я скончыў сярэднюю школу № 19 Барысава, якая потым стала гімназіяй № 1. Яна і сёння вядомая на ўсю краіну — працэнт паступаючых ва УВА адзін з самых высокіх у краіне. У мой час там працавала шмат выдатных настаўнікаў. Не буду хаваць, што многія з іх былі даволі жорсткімі — дысцыпліна знаходзілася на першым месцы. І лічу, гэта правільна. Вельмі ўдзячны настаўніку фізікі Яўгену Яўгенавічу Валынцу, настаўніку матэматыкі Уладзіміру Уладзіміравічу Шыдлоўскаму. Яны выхавалі шмат пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд. Педагогі былі для нас як бацькі. З цеплынёй узгадваю нашага класнага кіраўніка Жанну Уладзіміраўну Мірук, дырэктара школы Людмілу Эдуардаўну Бачыла. Гляджу на сучасных школьнікаў, і мне шкада, што ў іх няма такіх трапяткіх адносін да настаўнікаў, няма той павагі, з якой мы да іх ставіліся. У нас было так, і мы нядрэнныя атрымаліся. А новае пакаленне — паглядзім, якім яно вырасце.
Сістэма адукацыі ў нашай краіне добрая, аднак, на маю думку, дзецям не хапае фізічных нагрузак. Трэба больш прыцягваць іх да заняткаў спортам, турызмам, вучыць плаваць, катацца на веласіпедзе.
— Маці ці бацька правяралі ўрокі?
— Мне здаецца, у нашым дзяцінстве такога кантролю, як зараз, з боку бацькоў не было. Каб яны прыходзілі ў школу высвятляць адносіны з педагогамі ці іншымі вучнямі, што вы! Калі настаўнік рабіў табе заўвагу, ты разумеў, што заслужана. І дома нават баяўся пра гэта сказаць.
— За што ўдзячны школе ўвогуле?
— Школа выхавала мяне як чалавека, сфарміравала як асобу. Быў закладзены фундамент, у аснове якога добрае разуменне такіх важных паняццяў, як любоў да Радзімы, павага да бацькоў і людзей старэйшага ўзросту. Менавіта школа навучыла ўсяго ў жыцці дабівацца працай. Я любіў ўсе прадметы, не было такіх, якія б мне цяжка даваліся ці былі нецікавымі. Веды атрымаў выдатныя. Нават і сёння з лёгкасцю магу дапамагчы малодшаму сыну-васьмікласніку разабрацца з дамашнімі заданнямі па хіміі, фізіцы, геаметрыі, алгебры. Так што і за гэта вялікі дзякуй школьным настаўнікам!
— З такім багажом ведаў было нескладана вучыцца на ветэрынара?
— Ой, няпроста, але вельмі цікава! Ветэрынарам неабходна ведаць нават больш, чым звычайным урачам. Памятаю, як вывучалі на латыні назвы касцей шкілета не толькі чалавека, але і ўсіх свойскіх жывёл і невялікіх драпежнікаў. Я скончыў акадэмію, атрымаў дыплом і ганаруся сваёй спецыяльнасцю. Мая старэйшая дачка пайшла па маіх слядах. Праўда, яна, у адрозненне ад мяне, з дзяцінства марыла лячыць жывёл.
Міністрамі не нараджаюцца
— Памятаеце сваё першае працоўнае месца?
— Пачынаў урачом ветэрынарнай станцыі ў Барысаве. Спецыялістаў не хапала, у клініках не было такога сучаснага абсталявання — ніякіх табе апаратаў ультрагукавых даследаванняў, сканераў, іншых прылад. Фермы не ацяпляліся, гарачай вады не было. Сёння ўмовы куды лепшыя! А тады штодзень неабходна было выязджаць у гаспадаркі, рабіць аналізы крыві жывёлам, праводзіць рэктальныя даследаванні… Нават фізічна было вельмі цяжка.
— Ці маглі вы тады падумаць, што станеце міністрам сельскай гаспадаркі? Якія прыступкі прыйшлося прайсці на гэтым шляху?
— Я проста адказна і аддана працаваў, працягваў вучыцца. Мяне як спецыяліста пачалі заўважаць. Узначальваў ветэрынарную службу Барысава, потым перайшоў на мясакамбінат, дзе дарос ад урача канвеернай лініі да галоўнага спецыяліста. У 34 гады ўзначаліў самую буйную птушкафабрыку краіны. Калі стаў першым намеснікам старшыні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта, на мяне звярнуў увагу Леанід Канстанцінавіч Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання на той час. І з 2013 года я пачаў працаваць у міністэрстве.
— А ў 2022 годзе яго ўзначалілі. Якія якасці дапамагаюць спраўляцца з абавязкамі на такой высокай пасадзе?
— Ведаеце, на любой рабоце ўсё проста і лёгка, калі нацэлены на станоўчыя вынікі. Я працаголік! Разумею, наколькі важна быць прафесіяналам, а дзеля гэтага развівацца, увесь час вучыцца, каб павышаць свой узровень як спецыяліста і як кіраўніка. На тым і стаю. Таксама дапамагае ўменне дзейнічаць у камандзе. У мяне ёсць пяць намеснікаў, якія курыруюць свае кірункі. Аб’ём работы велізарны, аднак разам мы спраўляемся.
У навуку з задавальненнем!
— Вы скончылі Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. І на гэтым не спыніліся — пачалі займацца навукай.
— За гэта дзякуй Альберту Фёдаравічу Трафімаву, доктару ветэрынарных навук, прафесару, члену-карэспандэнту Акадэміі навук. Калі я працаваў кіраўніком птушкафабрыкі, ён прапанаваў мне заняцца навуковай дзейнасцю. І я рызыкнуў! У 2008 годзе абараніў дысертацыю, праз чатыры гады атрымаў званне дацэнта. Выкладаць пачынаў у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, а калі пераехаў у сталіцу, то стаў прафесарам Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
“Калі чалавек не будзе плённа працаваць у свёй сферы, перастане павышаць узровень сваёй адукацыі, руху наперад не будзе!”
— І сёння вы знаходзіце час выкладаць у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК пры БДАТУ. Чаму для вас гэта важна?
— Зносіны з прафесарска-выкладчыцкім складам, са студэнтамі прыносяць шмат станоўчых эмоцый. Для мяне гэта як хобі, якое прыносіць задавальненне. Таксама лічу, што для інстытута важна, каб людзі, якія займаюць высокія пасады ў краіне, удзельнічалі ў адукацыйным працэсе і ў падрыхтоўцы кадраў. Для сельскай гаспадаркі гэта вельмі актуальная тэма, у тым ліку і для вырашэння пытання замацавання маладых кадраў у вёсцы. На сёння распрацавана 12 праграм па перападрыхтоўцы спецыялістаў. У нас ёсць кафедры на буйных сельскагаспадарчых прадпрыемствах, дзе студэнты атрымліваюць практычныя навыкі. Я таксама імкнуся прысутнічаць на ўручэнні дыпломаў кожнай групе.
— На ваш погляд, наколькі мэтазгодным было стварэнне аграрных класаў у беларускіх школах?
— Зараз такіх класаў па ўсёй краіне каля 500. Яны рэальная дапамога нашай галіне. Вучням мы паказваем лепшыя гаспадаркі, мясамалочныя камбінаты, птушкафабрыкі, добрую вытворчасць. Яны бачаць высокі ўзровень. Такім чынам у дзяцей з’яўляецца разуменне, што гэта за спецыяльнасць, зацікаўленасць — многія выпускнікі паступаюць у сельскагаспадарчыя УВА.
Сакрэт шчасця
— Не магу не запытаць, хатнія гадаванцы ў вас ёсць?
— Як без іх! Аднойчы ў нас было адразу пяць сабак. Лічу, калі ёсць свой дом, то гэта не праблема. Сёння ў мамы ў Барысаве жывуць кошка і сабака. А ў нас — стафардшырскі тэр’ер і чатыры каты. Усіх пушысцікаў падабралі на вуліцы.
— Дык вы кашатнік ці сабачнік?
— Я да ўсіх жывёл стаўлюся з цеплынёй.
“Трэба сёння прыносіць максімальную карысць сваёй сям’і, сваёй Радзіме”.
— Чым захапляецеся?
— Люблю плаваць у басейне. Калі займаў пасаду намесніка міністра, знаходзіў час тры-чатыры разы на тыдзень патрэніравацца. Зараз гэта зрабіць куды складаней. Падабаецца катацца на бегавых і горных лыжах.
— Вы шчаслівы чалавек?
— Канечне! Я запатрабаваны на рабоце, у мяне ёсць сям’я. Кожнаму хочацца чагосьці большага, але для пачатку неабходна цаніць тое, што ёсць.
— Маці ганарыцца вамі?
— Так. Ёй зараз 82 гады. Імкнуся кожны выхадны завітаць да яе. Яна трымаецца маладцом! Бацькі, на жаль, ужо няма з намі.
— А вы строгі бацька?
— Не люблю хлусні. Дзецям кажу: не атрымліваецца нешта па ўроках ці ёсць пытанні, прыйдзі да мяне, раскажы, разам будзем разбірацца. Не зацягвайце праблему.
Гутарыла Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.