Спартыўныя надзеі школы

- 11:41Людзі адукацыі

У сярэдняй школе № 2 Ляхавіч вялікая ўвага ўдзяляецца фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце. У навучальнай установе ладзяцца тыдні спорту і здаровага ладу жыцця, дні здароўя. З 2009 года ў школе дзейнічае спартыўны клуб “Алімп”, які аб’ядноўвае вучняў 5—8 класаў. Задача клуба — алімпійскае выхаванне дзяцей, іх гарманічнае развіццё ў духу алімпійскіх ідэй і ўмацаванне алімпійскага руху. Вучні займаюцца пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя В.Р.Грэбня і Д.А.Крупайлы.

У школе працуюць спартыўныя секцыі па валейболе, футболе, баскетболе, аэробіцы і агульнай фізічнай падрыхтоўцы, якія наведваюць 160 вучняў. На працягу некалькіх гадоў установа адукацыі з’яўляецца пераможцай круглагадовай спартакіяды школьнікаў Ляхавіцкага раёна.
Школьная субота мае спартыўную накіраванасць. У гэты дзень праходзяць спартландыі, сяброўскія сустрэчы, спартыўныя гадзіны, забаўляльныя праграмы і розныя спаборніцтвы. Па выніках мінулагодняга Х адкрытага турніру па лёгкай атлетыцы на прызы майстра спорту міжнароднага класа чэмпіёна Еўропы па трайным скачку Г.І.Валюкевіча юныя спартсмены занялі 1 агульнакаманднае месца і 1, 2 і 3 месцы ў індывідуальным заліку.З 2014 года ў школе дзейнічаюць 5 і 6 спецыялізаваныя спартыўныя класы па лёгкай атлетыцы, дзюдо, футболе і гандболе. Дзеці спалучаюць навучанне са штодзённымі трэніроўкамі, якія праводзяцца на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Ляхавіцкага раёна. Выхаванцы спартыўных класаў ужо ганарацца першымі дасягненнямі. Так, Алеся Давыдава і Яна Касцюк занялі 1 і 2 месцы ў мінулагодніх рэспубліканскіх спаборніцтвах на прызы прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці “Нашы надзеі”, якія праходзілі ў рамках Кубка Беларусі па спартыўнай хадзьбе.
Адміністрацыя школы лічыць, што спецыялізаваныя спартыўныя класы далучаюць вучняў да здаровага ладу жыцця і рэгулярных заняткаў спортам, забяспечваюць больш якасную спартыўную падрыхтоўку дзяцей, здольных дасягнуць высокіх вынікаў у спорце.
Адной з найважнейшых задач школы па захаванні жыцця і ўмацаванні здароўя вучняў, загартоўцы і павышэнні ахоўных сіл іх арганізма з’яўляецца фарміраванне культуры паводзін на вадзе. Для гэтага арганізоўваюцца заняткі па навучанні плаванню.
Паколькі школа не мае ўласнага басейна, наладжана цеснае ўзаемадзеянне са спартыўнай дзіцяча-юнацкай школай алімпійскага рэзерву № 4 Баранавіч. Хлопчыкі і дзяўчынкі з нецярпеннем чакаюць кожную суботу, бо наведванне басейна прыносіць задавальненне і радасць, павышае настрой.
Важная роля пры навучанні плаванню адведзена педагогу-інструктару, які падбірае спецыяльныя практыкаванні, даступныя для засваення. Першыя поспехі аказваюць вялікае псіхалагічнае ўздзеянне на дзяцей, умацоўваюць іх упэўненасць ва ўласных сілах і дапамагаюць пераадолець страх перад вадой.
Усе заняткі носяць гульнявы характар. Гэта выхоўвае таварыскасць, вытрымку, самадысцыпліну і калектывізм. Падчас гульні адбываецца шматкратнае паўтарэнне матэрыялу ў розных спалучэннях і формах. Дзеці вучацца не толькі правільна трымацца на вадзе, але і розным відам плавання.

Вольга ШКУТ,
Ларыса ЖЭРКА,
намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.