Спецыфіка Брэсцкай вобласці — здаровыя амбіцыі

- 13:12Брэстчына

Прэс-тур па ўстановах адукацыі Брэсцкай вобласці быў чаканым і для супрацоўнікаў газеты, і для педагагічнай супольнасці рэгіёна. Брэсцкая вобласць стала першай, дзе запрацаваў карпункт “Настаўніцкай газеты”, таму вопыт педагогаў Брэстчыны і матэрыялы ўласнага карэспандэнта газеты Сяргея Грышкевіча даўно вядомы нашым чытачам. Тым не менш журналістам заўсёды цікава ацаніць сітуацыю на месцы і пазнаёміцца з адметнасцямі педагагічнай дзейнасці ўжо вядомых па газетных артыкулах устаноў. Пранікнуцца атмасферай было б немагчыма, калі б не людзі адукацыі. На Брэстчыне працуюць самаадданыя і самаахвярныя педагогі, сапраўдныя прафесіяналы, у чым мы пераканаліся на ўласныя вочы.

Маршрут Брэсцкага прэс-туру ўключаў 14 устаноў адукацыі, кожная з якіх уразіла. У Брэсце мы наведалі ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна, гімназіі № 2, № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава, сярэднюю школу № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата, сярэднія школы № 18, № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. У Камянецкім раёне былі ў Камянюцкай, Белавежскай, Пагранічнай і Высокаўскай школах. У Кобрыне пабывалі ў гімназіі, сярэдняй школе № 2, раённым Цэнтры дзіцячай творчасці. Завяршыўся прэс-тур знаёмствам з Кісялевіцкім дзіцячым садам — сярэдняй школай Кобрынскага раёна. Тут жа хачу адзначыць, што вопыт Пагранічнай сярэдняй школы мы ўжо прадставілі на старонках газеты ў нумары за 28 кастрычніка.

Вялікі дзякуй начальніку ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрыю Мікалаевічу Прасмыцкаму. І не толькі за гасцінны прыём. Найперш за адкрытасць, супрацоўніцтва і разуменне важнасці журналісцкай работы. Наша сустрэча з Юрыем Мікалаевічам адбылася ў Белавежскай сярэдняй школе. Яна была нядоўгай, але стала для нас запамінальнай. “Супрацоўніцтва з прафесійна-арыентаванымі сродкамі масавай інфармацыі — найважнейшая з задач, якая стаіць сёння перад намі. Мы разглядаем магчы-масць пашырэння супрацоўніцтва з прэсай, каб можна было асвятляць пытанні адукацыі рэгіёна больш глыбока”, — пачаў гаворку Ю.М.Прасмыцкі.

“Інфармацыйна-тлумачальная работа сёння вельмі актуальная, бо ад яе залежыць рух адукацыйнай галіны наперад. Усе непаразуменні, як правіла, адбываюцца з-за недахопу інфармацыі. Прэса павінна своечасова інфармаваць пра змены ў адукацыі на ўзроўні рэспублікі, і мы разам павінны быць удзельнікамі інфармацыйнага поля, здольнымі адказваць на запыты бацькоўскай грамадскасці.

Немалаважным з’яўляецца і тое, што газета — пляцоўка не толькі для абмену інфармацыяй, але і для супрацоўніцтва. Нашым педагогам і кіраўнікам ёсць што сказаць. Безумоўна, найперш яны гатовы дзяліцца вопытам. Акрамя таго, важнай для росту з’яўляецца прафесійная дыскусія, прычым такая, якая дапаможа зняць грамадскі ціск.

Мы не адчуваем сябе рэгіяналамі з далёкай правінцыі, але ўсе навуковыя педагагічныя працэсы, фарміраванне дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да адукацыі адбываюцца ў Мінску, таму нам хацелася б на старонках газеты бачыць імгненную рэакцыю. Мы заўсёды чакаем аператыўнай, праўдзівай і кампетэнтнай інфармацыі, таму, з’яўляючыся аднымі са стваральнікаў такой інфармацыі, гатовы да зваротнай сувязі з газетай”, — працягваў начальнік упраўлення адукацыі.

Спецыфіка Брэстчыны — здаровыя амбіцыі. Па многіх напрамках сістэма адукацыі гэтага рэгіёна лепшая ў краіне, яна эфектыўна структуравана. Мадэль брэсцкай сістэмы адукацыі ўключае сеткі ўстаноў адукацыі, кіравання і метадычнага суправаджэння. Яна эфектыўная не толькі па выніках, але і па эканамічных паказчыках, кампактная, мабільная і гнуткая, нягледзячы на пэўны кансерватызм адукацыйнай галіны.

“У 2016 годзе мы былі адзіным рэгіёнам у краіне, дзе назіралася станоўчая дынаміка па натуральным прыросце насельніцтва, што не можа не радаваць, бо без работы не застанёмся. Узнікаюць пытанні па забеспячэнні адпаведных умоў ва ўстановах адукацыі, але мы справімся. Калі гаварыць пра перспектывы нашай сістэмы адукацыі, то будзем развіваць міжнародныя праекты. Працэс па ўзаемным абмене вопытам адкрыты і мае вялікі патэнцыял”, — зазначыў Ю.М.Прасмыцкі.

* * *

Асобна хочацца выказаць словы падзякі нашаму суправаджальніку начальніку аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Мікалаю Ксенафонтавічу Тарасюку, які працаваў побач з намі ўсе дні прэс-туру.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.