10-гадовая беларуска прыняла ўдзел у масавым забегу ў ЗША
У горадзе Грын-Бэй (штат Вісконсін, ЗША) адбылася яркая спартыўная падзея, у цэнтры якой быў масавы забег з удзельнікамі папулярнай футбольнай каманды Green Bay Packers. Разам з вядомымі футбалістамі і аматарамі бегу дыстанцыю пераадолелі 17 каманд у складзе “капітанаў” — дзяцей, якія перамяшчаюцца ў калясках, і валанцёраў, якія іх суправаджаюць. У беларускую каманду ўвайшлі дзесяцігадовая дзяўчынка з інваліднасцю Лілія і яе “крылы” тата Дзмітрый Цімашкоў — дырэктар арганізацыі “Каманда “Крылы анёлаў”, а таксама Ірына Дзяргач — кіраўнік аднайменнага спартклуба.
“Ва Усходняй Еўропе “Крылы анёлаў” не маюць аналагаў: мы не толькі забяспечваем удзел дзяцей з цяжкай інваліднасцю ў масавых прабегах, але таксама арганізавалі работу спартыўнага клуба, дзе бацькі і дзеці маюць магчымасць сумесна займацца лёгкай атлетыкай круглы год. Сёння мы зацікаўлены ў вывучэнні адпаведнага вопыту амерыканцаў, — падкрэсліў Дзмітрый Цімашкоў. — Акрамя таго, нам хацелася б данесці суайчыннікам, што спорт для ўсіх і бег з каляскай — гэта не мары асобных бацькоў дзяцей з інваліднасцю, а сучасная тэндэнцыя ва ўсім свеце.
У Амерыцы не ўсюды ёсць пандусы, не заўсёды працуюць ліфты, і родным людзей з інваліднасцю таксама часам даводзіцца “выбіваць” неабходныя для блізкага чалавека сродкі рэабілітацыі. Аднак людзей з абмежаваннямі можна сустрэць усюды: яны займаюцца спортам, наведваюць музеі, вучацца ва ўніверсітэтах. Гэта адбываецца таму, што з дзяцінства яны адчуваюць падтрымку і спрыяльнае стаўленне не толькі родных, але і грамадства ў цэлым. Нам бачыцца, што сумесны ўдзел у спорце — самы просты і пераканаўчы, даступны кожнаму з нас спосаб падтрымаць чалавека з інваліднасцю. Таму мы пастараемся ў поўнай меры прымяніць атрыманыя ў Амерыцы веды для арганізацыі дабрачынных прабегаў “Крылаў анёлаў”, а таксама з мэтай фарміравання пазітыўнага, роўнага ўзаемадзеяння розных сацыяльных груп”.
Беларусаў у ЗША запрасілі аднадумцы і партнёры — міжнародная арганізацыя MyTeamTriumph, якая падтрымлівае ўдзел людзей з інваліднасцю ў прабегах, марафоне і трыятлоне. Грошы на авіябілеты былі сабраны ўсім светам на краўдфандынгавай пляцоўцы “Вулей”. А за сродкі ААТ “АСБ Беларусбанк” была арганізавана і аплачана прафесійная бегавая каляска, якой яшчэ няма ў невялікім парку “Крылаў”.
“Беларусбанк штогод падтрымлівае мноства грамадскіх праектаў, аказваючы дапамогу ў развіцці культуры, навукі, адукацыі, прапагандзе здаровага ладу жыцця, — адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі і сацыяльнага развіцця ААТ “АСБ Беларусбанк” Дзмітрый Бакіноўскі. — Таму мы з радасцю пагадзіліся дапамагчы камандзе “Крылаў анёлаў” набыць сучасную бегавую каляску, якая падыдзе і дзецям, і падлеткам, і нават дарослым. Лёгкая вага і вялікія колы каляскі дазволяць рухацца ў ёй як па асфальце, так і па брукаванцы. Зараз “Крылы” змогуць прыняць удзел у значна большай колькасці прэстыжных еўрапейскіх марафонаў. Мы ўпэўнены, што любое дзіця, незалежна ад яго асаблівасцей, павінна мець магчымасць жыць актыўным жыццём”.
Гаворачы аб выніках паездкі, яе ўдзельнікі адзначылі, што беларусы ўбачылі не толькі добра наладжаную тэхналогію арганізацыі і правядзення інклюзіўных прабегаў, але і яркі прыклад таго, што не столькі дзяржаве, колькі грамадству сумесна з бізнесам пад сілу вырашаць самыя вострыя сацыяльныя праблемы. Усё, што трэба “Крылам анёлаў” у далейшым, — гэта трывалая фінансавая аснова, якую яны спадзяюцца атрымаць ад сваіх партнёраў — прадстаўнікоў беларускага бізнесу, а таксама праз уключэнне ў свой рух яшчэ большай колькасці людзей.
Дарэчы, найбліжэйшы прабег з “Крыламі” ў Лошыцкім парку Мінска пройдзе 3 верасня.
Надзея ЦЕРАХАВА.