Турысцкі злёт, арганізаваны Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам спорту і турызму, прайшоў на базе ТАК “Высокі бераг” Стаўбцоўскага раёна, што на Міншчыне.
Адкрыццё турзлёту прайшло ўрачыста, з удзелам старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Бойкі і намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргея Рудага. Яны пажадалі ўсім камандам выдатнага настрою, добрага надвор’я і высокіх вынікаў у спаборніцтвах і конкурсах.
Галоўны суддзя спаборніцтваў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Жур прадставіла членаў галоўнай судзейскай калегіі і пажадала ўдзельнікам злёту ўдалых стартаў і фінішу.
Больш за 200 удзельнікаў турзлёту з дзевяці каманд спаборнічалі ў сямі конкурсах і паказвалі свае найлепшыя фізічныя і творчыя магчымасці.
Першым стаў традыцыйны для турыстаў конкурс прадстаўлення каманд “Візітная картка”. Яркімі і запамінальнымі атрымаліся выступленні каманды Брэсцкай, Мінскай, Гродзенскай, Гомельскай абласцей, Мінска, а таксама маладой каманды работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Другі дзень праграмы стаў самым насычаным. Найскладанейшымі былі спаборніцтвы па тэхніцы воднага турызму, спартыўным арыентаванні, тэхніцы веласіпеднага турызму.
У спаборніцтвах па тэхніцы воднага турызму ад каманды Магілёўскай вобласці выдатна выступіла старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі прафсаюза Руслана Краўцова.
Сапраўдны турыстычны дух і паходная рамантыка панавалі ў творчым конкурсе “Песні ля вогнішча”, які запомніўся выступленнем не толькі каманды-пераможцы з Брэсцкай вобласці, але і ўдзельнікаў іншых каманд, якія прадоўжылі канцэртную праграму нават пасля завяршэння конкурсу. Турзлёт натхніў Вольгу Шыманскую, дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на напісанне дзвюх выдатных песень, прысвечаных сваёй камандзе і падрыхтоўцы да турзлёту.
Паводле ацэнак суддзяў, першае месца ў камандным заліку заваявала каманда Брэсцкай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза, другое — каманда Мінскай абласной арганізацыі, трэцяе месца — каманда Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза. Лепшай у спартыўным арыентаванні аказалася каманда Магілёўскай вобласці, у тэхніцы веласіпеднага турызму — Гродзенскай вобласці, у тэхніцы пешаходнага турызму — Віцебшчыны, воднага турызму — каманда Брэсцкай вобласці.
На трэці дзень, пасля завяршэння ўсіх конкурсаў і спаборніцтваў, адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў кубкамі, медалямі, прызамі і граматамі Міністэрства спорту і турызму, памятнымі медалямі і дыпломамі галіновага прафсаюза.
Арганізатары мерапрыемства спадзяюцца, што ўсе, хто прымаў у ім удзел, атрымалі незабыўныя ўражанні, мноства пазітыўных эмоцый, і чакаюць ад усіх удзельнікаў такога ж энтузіязму і на наступным турзлёце, які будзе праходзіць ужо ў 2019 годзе.
Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.