Справа сапраўдных батанікаў

- 12:52Навука і інавацыі

Якіх прафесійных якасцей яна патрабуе? Адказнасці, ведаў, умення працаваць у камандзе, мэтанакіраванасці, спрыту і смеласці. Пасля блізкага знаёмства са студэнтамі і выкладчыкамі біяфака ВДУ імя П.М.Машэрава становіцца ясна, што распаўсюджаны стэрэатыпны вобраз недарэкі, які за навукай свету белага не бачыць, бясконца далёкі ад рэальнасці. Яшчэ як бачыць — ва ўсёй яго разнастайнасці, уважліва назірае і даследуе навакольнае асяроддзе (у тым ліку і падчас палявых практык і экспедыцый, якія садзейнічаюць падтрыманню актыўнай фізічнай формы), ахоўвае і зберагае прыродныя багацці. А іх у беларускага Паазер’я нямала…

Біялагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава — найстарэйшы факультэт універсітэта, фактычна яго аднагодак. Але, нягледзячы на шаноўны амаль 105-гадовы ўзрост, факультэт малады душой, адкрыты для ўкаранення новых падыходаў, гатовы падтрымаць ініцыятыву творчых і дзёрзкіх, граматных і перспектыўных маладых людзей.
За гады існавання факультэт падрыхтаваў каля 15 тысяч спецыялістаў. Выпускнікі факультэта маюць глыбокія сучасныя прафесійныя веды, якія дазваляюць ім паспяхова рэалізоўваць сябе ў сістэме лясной, паляўнічай, рыбнай, воднай, камунальнай і энергетычнай гаспадаркі, а таксама ў службе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, экалагічнай міліцыі, ва ўстановах аховы прыроды і запаведнай справы, камітэтах і інспекцыях прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у экалагічных і аналітычных лабараторыях прамысловасці і сельскай гаспадаркі розных форм уласнасці. І, безумоўна, у педагогіцы — між іншым, два пераможцы конкурсу “Настаўнік года” (1991 год — Аляксандр Гаўрыленка, 2009 год — Юрый Андрэйчык) вучыліся менавіта тут.
Надзвычай прывабнай перспектывай для маладых біёлагаў з’яўляецца навуковая дзейнасць. Са студэнцкай парты — і праз усё жыццё! Вучэбны працэс і навукова-даследчая работа ажыццяўляюцца ў спецыялізаваных лабараторыях і кабінетах. Вывучэнне матэрыялу праходзіць не толькі ў аўдыторыях універсітэта, але і ў палявых умовах. База для вучэбных палявых практык па батаніцы, заалогіі, геаграфіі і экалогіі “Шчытоўка” размешчана на беразе маляўнічага возера Стрэшна сярод хваёвых лясоў. Тут вядзецца збор батанічных, заалагічных і геалагічных калекцый.
Для вывучэння прыродных працэсаў, расліннага і жывёльнага свету, уздзеяння на іх гаспадарчай дзейнасці чалавека шырока выкарыстоўваюцца палявыя навуковыя стацыянары “Прыдзвінне”, “Асвея”, “Ціёста”, Бярэзінскі біясферны запаведнік, нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, заказнікі і помнікі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. Вялікую каштоўнасць для вучэбнай і навукова-даследчай работы маюць аграбіялагічная станцыя “Уланавічы” і база батанічнага саду — па колькасці сабраных відаў раслін ён саступае сталічнаму, аднак на другое месца ў краіне можа смела прэтэндаваць.
Багатая гісторыя ВДУ і аднаго з самых буйных яго структурных падраздзяленняў — біялагічнага факультэта — заўсёды суправаджалася высокім узроўнем навукова-даследчай работы, была і застаецца непарыўна звязанай з імёнамі сусветна вядомых вучоных. Калі ацэньваць паспяховасць універсітэта па паказчыках публікацыйнай актыўнасці выкладчыкаў, то ў мінулым годзе ў базе Расійскага індэкса навуковага цытавання было зарэгістравана 311 выкладчыкаў,1483 іх публікацыі і зафіксавана 5885 спасылак на іх.
Сярод найбольш важных перспектыўных напрамкаў навуковых даследаванняў ВДУ — біялагічнае і геаэкалагічнае абгрунтаванне рацыянальнага выкарыстання рэсурснага патэнцыялу і аховы навакольнага свету беларускага Паазер’я (падпраграма “Прыродна-рэсурсны патэнцыял” Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы, прыродна-рэсурсны патэнцыял”). У маштабнай рабоце задзейнічаны 23 вучоныя, сярод іх 3 дактары і больш за 10 кандыдатаў навук, аспіранты, магістранты і студэнты.
— Беларускае Паазер’е з’яўляецца ўнікальным прыродным рэгіёнам, — расказвае навуковы кіраўнік задання дэкан біялагічнага факультэта Віталь Кузьменка. — Мы жывём на стыку некалькіх кліматычных зон — таежнай і лясной, лесастэпавай. Таму тут сфарміравалася непаўторная фаўна і флора, цікавая ва ўсіх адносінах біялагічная разнастайнасць. Яе даследаванне праводзілася яшчэ ў пасляваенны час, але планамернае вывучэнне беларускага Паазер’я як рэгіёна пачалося фактычна ў канцы 60-х — 70-х гадах. У 1975 годзе па ініцыятыве першага доктара біялагічных навук у нашым рэгіёне, вучонага са знакамітай навуковай дынастыі прафесара Усевалада Радкевіча пры Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце была ўпершыню створана Праблемная лабараторыя асваення, рэканструкцыі і аховы прыроды беларускага Паазер’я. Сфарміраваўся творчы малады калектыў, у які я меў гонар уваходзіць і членам якога, дарэчы, быў старшыня дзяржкамітэта Беларусі па экалогіі Анатоль Дарафееў. Мы займаліся вывучэннем розных відаў птушак, насякомых, рыб, земнаводных, млекакормячых. Што тычыцца заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, то зараз мы выконваем трэцяе па ліку (кожнае разлічана на 5 гадоў) і вывучаем у цэлым біяразнастайнасць, тэндэнцыі яе змянення, асаблівасці распаўсюджвання рэдкіх і знікаючых відаў. Атрыманыя звесткі выкарыстоўваюцца для стварэння новых, а таксама пашпартызацыі і аптымізацыі сеткі наяўных ахоўных тэрыторый. Паступова мы выходзім на ўзровень не проста аховы, устанаўлення таго, што ёсць, але і рацыянальнага выкарыстання. Напрыклад, зараз да даследаванняў далучылася кафедра хіміі і вядзецца распрацоўка разнастайных медыцынскіх прэпаратаў і антыаксідантных сродкаў. Вынікі работы нашых вучоных паспяхова выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай вытворчасці.
Акрамя таго, у ВДУ вядуцца работы па ўстанаўленні колькасці і прадукцыйнасці азёр.
Азёр у нас многа — больш за 5 тысяч, а таму і работы вельмі шмат, — адзначае загадчык кафедры батанікі Леанард Мяжвінскі. — У ВДУ склалася ўнікальная школа гідрабатанікаў (у БДУ ёсць лабараторыя азёразнаўства, але яна мае крыху іншую спецыфіку). Мы даследуем вышэйшыя сасудзістыя расліны вадаёмаў, а апошнім часам і фітапланктон, назіраем дынаміку змянення расліннай разнастайнасці за 40 гадоў. Казаць, што біяразнастайнасць вывучана, цалкам памылкова, бо і жыццё не стаіць на месцы, з’яўляюцца новыя інвазіўныя віды. Па адным з напрамкаў нашы даследаванні якраз і даюць адказ, якім чынам чужародныя віды прыходзяць на нашу тэрыторыю, як яны тут сябе паводзяць. Асноўную работу ў гэтым напрамку вядзе акадэмія навук, а мы сувыканаўцы задання — у прыватнасці, я маю на ўвазе выпрабаванне методык барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага.
Вялікая і надзвычай перспектыўная работа звязана з вывучэннем відавой разнастайнасці верхавых балот, — працягвае Віталь Кузьменка. — На жаль, чалавек прывык вырашаць свае праблемы за кошт прыроды — у нас то торфу не хапае, то пасяўных плошчаў. У тым, што грамадства, нарэшце, прыйшло да ўсведамлення неабходнасці аховы, а часам і ратавання верхавых балот, ёсць значны ўклад вучоных нашага ўніверсітэта. Мы маем прызнаныя ва ўсім свеце напрацоўкі па вывучэнні разнастайнасці фаўны і флоры верхавых балот. Фактычна гэта аазісы тундры і для рэдкіх відаў проста рай!
Апошнім часам біялагічны факультэт асвойвае новы напрамак даследаванняў: арнітафаўна штучных вадаёмаў. Вялікая работа праведзена па вывучэнні разнастайнасці птушак на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў, дачных участкаў, непасрэдна Віцебска (хто б падумаў — у абласным цэнтры пражывае 130 відаў птушак!). Аказваецца, усе яны з’яўляюцца рэзервам рэдкіх і знікаючых відаў. Традыцыйна, пачынаючы з 60-х гадоў, кафедра батанікі разам з іншымі кафедрамі факультэта займаецца вывучэннем распаўсюджвання згаданых відаў. Даныя віцебскіх вучоных выкарыстаны ва ўсіх выданнях Чырвонай кнігі Беларусі.
— А цяпер наша работа пераходзіць на якасна новы ўзровень, — паведамляе Леанард Мяжвінскі. — Па заданні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў мы не проста кантралюем стан, але і з дапамогай GPS-навігатара ўстанаўліваем дакладныя каардынаты і памеры папуляцый, складаем пашпарты на кожную з іх, распрацоўваем ахоўныя абавязацельствы. Такім чынам папуляцыі перадаюцца пад ахову землекарыстальнікам. І калі Чырвоная кніга проста дакумент, то тут размова ідзе пра ахову канкрэтнага прыроднага аб’екта.
У апошнія гады факультэт актывізаваў дзейнасць па практычнай ахове, памнажэнні генафонду рэдкіх ахоўных раслін. Пасадачны матэрыял вырошчваецца на тэрыторыі батанічнага саду, а затым адбываецца яго рэпатрыяцыя ў дзікую прыроду. Поспех ёсць — дзясяткі новых папуляцый мядзведжай цыбулі, лабеліі Дортмана, званочка шыракалістага добра сябе пачуваюць і павялічваюцца. Вялікая работа вядзецца і па стварэнні еўрапейскай і рэспубліканскай экалагічных сетак.
Паўночны азёрны край з пункту гледжання вывучэння біялагічнай разнастайнасці — адзін з найбольш вывучаных беларускіх рэгіёнаў. І — бясконца таямнічых, загадкавых. Беларускае Паазер’е чакае сваіх даследчыкаў.

Таццяна БОНДАРАВА.