Сталічныя педагогі ведаюць, як зрабіць так, каб дзеці чыталі праграмную літаратуру

- 9:00Главная, Образование

Можна скардзіцца на тое, што дзеці перасталі чытаць праграмную літаратуру. А можна ўзяць і зацікавіць іх тэкстам, напісаным у мінулым ці пазамінулым стагоддзі. Як гэта зрабіць — ведаюць сталічныя педагогі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ствараем буктрэйлеры

— Існуе ўстойлівае меркаванне, што сучасныя падлеткі страцілі цікавасць да чытання, — адзначае настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 117 Мінска Святлана Чарняўская. — Такая думка грунтуецца на назіранні таго, што навучэнцы без асаблівага жадання асвойваюць творы класічнай рускай літаратуры, прапанаваныя школьнай праграмай. У чытанні падлеткаў сёння адбываюцца вельмі сур’ёзныя перамены, якія носяць глыбінны характар. Сучасны падлетак ставіцца да кнігі не як да “падручніка жыцця”, а як да аднаго са сродкаў інфармацыі і масавай камунікацыі. А таму ў гэты перыяд асабліва важнай становіцца форма падачы інфармацыі аб тым ці іншым творы.

На базе школы была створана дзіцячая філалагічная лабараторыя, мэтай якой з’яўляецца далучэнне сучасных падлеткаў да актыўнага чытання. Дзейнасць лабараторыі арганізавана на базе кабінета замежнай мовы, што звязана са спецыфікай выкарыстання сродкаў прыцягнення сучасных падлеткаў да актыўнага чытання і інтэгратыўнасцю адносін паміж замежнай мовай і рускай літаратурай.

У лабараторыі навучэнцы працуюць па трох напрамках: работа з творам, стварэнне буктрэйлера па адабраным творы, маркетынг (прасоўванне) адукацыйнага прадукту.

Навучэнцамі падрыхтаваны буктрэйлеры на шэраг класічных твораў рускай, беларускай і нямецкай літаратуры: Б.Васільеў “А золкі тут ціхія…”, І.Мележ “Лю­дзі на балоце”, В.Багамолаў “Іван”, А.Грын “Пунсовыя ветразі”, М.Шолахаў “Лёс чалавека” і інш.

Работа ў філалагічнай лабараторыі над творам А.Грына “Пунсовыя ветразі” прадугледжвала шэраг этапаў:

  1. Выбар кнігі для рэкламы. Матывацыяй для выбару выступіла неабходнасць чытання навучэнцамі гэтага твора ў межах праграмы па рускай літаратуры.
  2. Стварэнне сцэнарыя.
  3. Падбор матэрыялаў для відэарада.
  4. Запіс агучанага тэксту.
  5. Выбар праграмы для работы з відэа (была выбрана праграма Windows MovieMaker).
  6. Выбар сэрвісу (быў выбраны анлайнавы сэрвіс http://www.youtube.com/editorYoutube Video Editor, які просты ў выкарыстанні: можна абрэзаць пачатак ці канец фільма, склеіць некалькі ролікаў, дадаць гукавую дарожку).
  7. Падбор Gif-анімацыі і футажы. Яны ў вялікай колькасці прадстаўлены ў інтэрнэце і выкарыстоўваліся для стварэння фону, для пераходу.
  8. Відэамантаж прадугледжваў выразку і склейванне некалькіх фрагментаў відэа, дабаўленне гукавой дарожкі, змяненне памеру відэа.

На апошнім этапе работы з творам навучэнцы займаюцца прасоўваннем адукацыйнага прадукту: рэклама ў сацыяльных сетках, стварэнне старонак, груп (напрыклад, “Чытаем з задавальненнем”) і г.д.

На працягу дзейнасці філалагічнай лабараторыі групай навучэнцаў адсочваюцца рэйтынгавыя буктрэйлеры, збіраецца інфармацыя пра найбольш папулярныя творы і пра тыя творы, на якія ёсць запыт з боку навучэнцаў для распрацоўкі буктрэйлера.

Складаем коміксы і карты

Настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 66 Мінска Наталлі Вернікоўскай прыёмы візуалізацыі дапамагаюць максімальна наглядна прадставіць аб’ект ці працэс, стварыць пэўны настрой і перадаць эмоцыі, актывіза­ваць пазнавальную дзейнасць, інтэнсіфіка­ваць навучанне, дасягаць поспехаў і фарміраваць станоўчую самаацэнку.

Пасля прачытання твора навучэнцы ствараюць карту: схематычна (сімваламі, малюнкамі) прасочваюць сюжэтную лінію (вобразы), падбіраюць цытаты, праводзяць экскурсію. Гэта свайго роду рэклама твора (добра спрацоўвае з тэкстамі па выбары навучэнцаў). Карту настаўніца выкарыстоўвае і для стварэння літаратурнага даведніка: прыдумаць рубрыкі, адлюстра­ваць іх на карце і даць ім кароткую расшыфроўку (што можна ўба­чыць, з кім пазнаёміцца, чым заняцца, у якія гульні пагуляць, што зра­біць сваімі рукамі, якія стравы пакаштаваць, з якімі новымі словамі азнаёміцца і інш.). Гэта добра прапрацаваны тэкст і гатовая даследчая работа.

Навучэнцам Наталлі Вернікоўскай падабаецца складаць коміксы.

Алгарытм работы па складанні комікса (па эпізодзе літаратурнага твора) выглядае так: 1) аналіз тэксту — вылучэнне галоўнай і другараднай інфармацыі — сцісканне тэксту — раскадроўка — трансфармацыя тэксту; 2) групавая і індывідуальная работа (размеркаванне герояў, падбор рэплік, сцісканне і трансфармацыя тэксту).

Складанне комікса на занятках па тэме “Трыумф Хлестакова” (па камедыі М.Гогаля “Рэвізор”) праводзіцца на аснове раздрукаваных малюнкаў і ілюстрацый. Іх, дарэчы, можа быць больш, чым трэба для стварэння па канкрэтным эпізодзе. Настаўніца прапануе вучням звярнуцца да вядомай сцэны хлусні Хлестакова. Школьнікі размяркоўваюцца па групах або парах і, учытваючыся ў тэкст, выконваюць заданні і прадстаўля­юць іх у выглядзе схем: 1) праса­чыць кар’ерны рост Хлестакова; 2) вызначыць кола знаёмых; 3) у чым складаецца яго літаратурная дзей­насць; 4) апісаць дом Хлестакова; 5) выбуда­ваць сістэму ўзаемаадносін з навакольнымі. Далей вылучаюцца ключавыя сцэны для комікса, падбіраюцца ілюстрацыі, пераглядаецца тэкст з пункту гледжання герояў. Навучэнцы атрымліваюць заданні ў пары — прасачыць за сваім героем: што гаворыць, якія эмоцыі перажывае; падабраць рэплікі да вылучаных ключавых сцэн; рэплікі сціснуць, трансфармаваць, замяніць на выклічнікі або гукапераймальныя словы. Навучэнцы збіраюць і агучваюць комікс, выконваюць заданні (якія дыялогі апушчаны, што было паміж кадрамі і г.д.). Гэты прыём асабліва эфектыўны на этапе замацавання і абагульнення ведаў.

— Такім чынам, візуальна комікс слоўны, ён не выцясняе тэкст, а падвойвае яго, — заўважае настаўніца. — Створаныя візуальныя вобразы садзейнічаюць развіццю эўрыстычнага патэнцыя­лу навучэнцаў і маюць пазнавальную каштоўнасць.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі