Стан і перспектывы сямейнага ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў

- 12:25Сацыяльны ракурс

Форум замяшчальных бацькоў у нашай краіне праводзіцца ўпершыню, што паказвае гатоўнасць замяшчальнага бацькоўства знаходзіць канструктыўныя рашэнні ў сваёй дзейнасці на падставе набытага тэарэтычнага і практычнага вопыту.

Сістэма сямейнага ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзіцца на асноўным этапе свайго развіцця. У Рэспубліцы Беларусь завершаны этап стварэння ўмоў для рэалізацыі права на выхаванне ў сям’і кожнага дзіцяці. Вызначаны базавыя каштоўнасці і прынцыпы работы па сямейным уладкаванні, сярод якіх цэнтральнае месца займае аксіёма “патрэбы дзіцяці — у цэнтры ўвагі”, падлічаны затраты і магчымыя дывідэнды.
Панарама жыццёвых гісторый і чалавечых лёсаў пераканала нас у тым, што дзіця павінна жыць і выхоўвацца ў сям’і.Нарматыўнае забеспячэнне жыццядзейнасці асноўных форм сямейнага ўладкавання дзяцей (усынаўленне, апека, прыёмная сям’я і дзіцячы дом сямейнага тыпу) з’яўляецца найбольш распрацаванай і рэгламентаванай сферай дзіцяча-бацькоўскіх адносін, сямейнага і дзіцячага права. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе ў краіне прынята больш за 30 нарматыўных прававых актаў, дзеянне якіх накіравана на паляпшэнне становішча дзяцей у замяшчальных сем’ях, падтрымку сем’яў, якія прынялі дзяцей-сірот на выхаванне.
У мэтах удасканалення дзейнасці па вырашэнні праблем сацыяльнага сіроцтва ў краіне Міністэрства адукацыі забяспечвае рэалізацыю задач далейшай дэінстытуцыяналізацыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, накіраваную на перавод іх на сямейныя формы выхавання і закрыццё (рэарганізацыю) інтэрнатных устаноў.
У Беларусі ўжо створаны шэраг абавязковых умоў для дэінстытуцыяналізацыі:
— створаны і апрабаваны часам новыя формы сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот у выглядзе прафесійных форм: дзіцячы дом сямейнага тыпу, прыёмная сям’я;
— на ўзроўні заканадаўства вызначаны роўныя ўмовы матэрыяльнага забеспячэння для ўсіх дзяцей сірот, незалежна ад формы ўладкавання іх на выхаванне;
— адначасова развіваецца практыка рэарганізацыі інтэрнатных устаноў;
— забяспечана матэрыяльная падтрымка сем’яў усынавіцеляў;
— важнай умовай дэінстытуцыяналізацыі стала прыняцце закона, які даў дзецям-сіротам роўныя правы і льготы незалежна ад формы іх уладкавання на выхаванне;
— выканана яшчэ адна абавязковая ўмова для рэалізацыі палітыкі дэінстытуцыяналізацыі: створана сістэма сацыяльна-педагагічных цэнтраў, якія забяспечваюць комплекснае суправаджэнне сем’яў.
Сёння на выхаванні ў сем’ях беларускіх грамадзян (уключаючы сем’і ўсынавіцеляў) знаходзіцца 24 535 дзяцей-сірот. Колькасць замяшчальных сем’яў складае 17 918.
Дзейнасць замяшчальных бацькоў дазволіла закрыць больш за палову дзіцячых інтэрнатных устаноў. Выканана ў поўным аб’ёме пастаўленая беларускай дзяржавай і грамадствам задача па забеспячэнні да 2015 года сямейнымі формамі выхавання 80% дзяцей, якія страцілі сям’ю. У некаторых рэгіёнах працэнт дзяцей, перададзеных на сямейныя формы выхавання, вышэйшы чым рэспубліканскі паказчык: у Гомельскай вобласці 87% дзяцей-сірот растуць ва ўмовах замяшчальнага сямейнага клопату, у Магілёўскай вобласці — 84,55%, у Гродзенскай — 84,36%. На тэрыторыях 28 адміністрацыйных тэрытарыяльных адзінак 100% дзяцей, выяўленых як тыя, што засталіся без апекі бацькоў, перадаюцца на выхаванне ў замяшчальныя сем’і. Ніводнае дзіця не накіроўваецца для далейшага выхавання ў інтэрнатную ўстанову з Цэнтральнага і Савецкага раёнаў Мінска, Бераставіцкага, Смаргонскага, Астравецкага і Свіслацкага раёнаў Гродзенскай вобласці, Жыткавіцкага, Рагачоўскага і Жлобінскага раёнаў Гомельскай вобласці, Крычаўскага, Чавускага, Кіраўскага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Салігорскага, Вілейскага, Крупскага, Дзяржынскага, Мядзельскага раёна і Жодзіна Мінскай вобласці, Мёрскага, Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці і Чыгуначнага раёна Віцебска, Кобрынскага, Маларыцкага і Іванаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці.
На працягу чвэрці стагоддзя змянілася ўяўленне пра дзяцей з асаблівым лёсам, іх выхаванне і спосабы далейшага жыццеўладкавання. Сфарміравалася разуменне, што нялёгкая праца па выпраўленні наступстваў нядобранадзейнага дзяцінства патрабуе ад замяшчальных бацькоў прафесійных кампетэнцый і ведаў, упэўненасці ў сваіх сілах, эмацыянальнай сталасці і жыццёвай цэльнасці.
Інстытут прафесійнага сямейнага клопату атрымаў масавае развіццё з кастрычніка 1999 года ў сувязі з арганізацыяй прыёмных сем’яў, усяго за 15 гадоў забяспечыў сямейным выхаваннем больш за 10 тысяч асірацелых па розных прычынах дзяцей.
Аналіз кантынгенту дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, паказвае, што ёсць шэраг катэгорый непаўналетніх, найбольш уразлівых да інстытуцыяналізацыі. Сярод дзяцей, якія маюць патрэбу ў доўгатэрміновым сямейным уладкаванні, дзеці-інваліды і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама дзеці, чые бацькі абмежаваны ў дзеяздольнсці ў сувязі з псіхіятрычнымі і іншымі захворваннямі.
Акрамя наяўнасці агульных выхаваўчых кампетэнцый, асноўным патрабаваннем да сем’яў, якія прымаюць такіх дзяцей на выхаванне, будзе наяўнасць спецыяльных прафесійных ведаў і ўменняў, якія дазваляюць у сямейных умовах кампенсаваць дэфармацыі разумовага і фізічнага развіцця дзяцей.
У выпадках прыёму на выхаванне ў замяшчальную сям’ю дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў (такія выпадкі сёння перасталі быць рэдкасцю) уся інфраструктура мясцовай супольнасці (уключаючы ЦКРНіР, сацыяльна-педагагічныя, медыцынскія, сацыяльныя, адукацыйныя ўстановы і іх спецыялістаў) павінна ўдзельнічаць у суправаджэнні такой сям’і, забяспечваючы разнастайную дапамогу, падтрымку і своечасовае вырашэнне праблем, якія з’яўляюцца.
На кароткатэрміновае сямейнае ўладкаванне могуць быць змешчаны дзеці-сіроты і дзеці, якія страцілі апеку бацькоў, у падлеткавым узросце, а таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, ва ўзросце да 3 гадоў.
Зазначаныя катэгорыі дзяцей маюць сур’ёзныя рызыкі папоўніць інтэрнатныя ўстановы, калі сістэма сямейнага ўладкавання не забяспечыць ім магчымасць выхоўвацца ў замяшчальных сем’ях.
Сапраўды ўніверсальнымі кампетэнцыямі павінны валодаць сем’і, якія прымаюць на выхаванне яшчэ адну асаблівую катэгорыю дзяцей — дзяцей з мнагадзетных сем’яў. Як правіла, такая катэгорыя дзяцей уладкоўваецца на выхаванне ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, радзей — у прыёмныя сем’і.
Суправаджэнне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу павінна быць варыятыўным, адпавядаць задачам развіцця сем’яў і патрэбам дзяцей. Фармальны ўдзел прадстаўнікоў мясцовага ўзроўню ў іх жыцці, які мае месца, не можа кампенсавацца дзяржаўнай матэрыяльнай падтрымкай гэтай формы сямейнага ўладкавання.
Дыверсіфікацыя прафесійнага замяшчальнага клопату з’яўляецца актуальным патрабаваннем часу. Мы ўпэўнены, што патрэбу ўсіх дзяцей-сірот у сямейным клопаце можна забяспечыць за кошт спецыялізацыі замяшчальных сем’яў, рэалізуючы падчас падрыхтоўкі, у рамках павышэння кваліфікацыі прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, а таксама ў працэсе іх суправаджэння варыятыўныя адукацыйныя і практычныя модулі.
Сярод гэтых модуляў — кіруемая стажыроўка на базе сям’і, якая мае вопыт у гэтым напрамку; настаўніцтва, калі роўны вучыць роўнага, доступ да рэсурсных пакояў, дзе ёсць неабходны інвентар для стварэння развіццёвага асяроддзя дзіцяці ранняга ўзросту, падлетку або дзіцяці з асаблівымі патрэбамі. Распрацоўка такіх модуляў — задача для навуковых і метадычных кадраў нашага ведамства.
Разнастайнасць форм сямейнага ўладкавання дзяцей на выхаванне патрабуе ад спецыялістаў дыферэнцыраванага падыходу ў рабоце. Калі спецыялісты на месцах не бачаць праблем развіцця апякунскіх сем’яў — іх меркаванне памылковае. Праблемы звязаны не столькі з узроставым дысанансам паміж апекунамі і дзецьмі, які ёсць, колькі з тым фактам, што апекуны не атрымліваюць спецыяльных ведаў для выхавання дзяцей з нядобранадзейных сем’яў у адрозненне ад усынавіцеляў або прыёмных бацькоў.
Суправаджэнне апякунскіх сем’яў на мясцовым узроўні часта абмяжоўваецца забеспячэннем сацыяльных гарантый дзецям-сіротам і не закранае пытанняў фарміравання педагагічных, псіхалагічных кампетэнцый апекуноў.
Наспела неабходнасць увядзення вучэбных і практычных спецкурсаў па асноўных аспектах замяшчальнага сямейнага клопату ў працэсе павышэння кваліфікацыі кіруючых кадраў і спецыялістаў сістэмы адукацыі на рэгіянальным і рэспубліканскім узроўнях.
На мясцовым узроўні да метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі мэтазгодна далучаць вопытных прыёмных бацькоў, аўтарытэтных бацькоў-выхавальнікаў.
Выхаванне дзяцей — працэс, які патрабуе пастаянства ад яго ўдзельнікаў. Сітуацыі, калі з адной і той жа замяшчальнай сям’ёй на розных этапах яе функцыянавання працуюць спецыялісты, якія мяняюць адно аднаго, з’яўляюцца дэзарганізуючымі.
Асобна варта адзначыць пазітыўны ўплыў ведамасных СМІ на перадачу перадавога і аналіз праблемнага вопыту работы з замяшчальнымі сем’ямі. Штомесячная газета для замяшчальных бацькоў і спецыялістаў па сямейным уладкаванні “Домой!” сёння мае каля 3000 пастаянных чытачоў, у часопісе “Диалог” выходзіць рубрыка “Замяшчальная сям’я”.
Вучоныя і практыкі аднадушныя ў думцы, што ў сучасным свеце кардынальна змяніліся функцыі сям’і. Усё прагматычнае, што трымала сям’ю шмат тысячагоддзяў (аб’яднанне зямельных надзелаў, зліццё бізнесаў, атрыманне ў спадчыну рамяства або тытулаў), паступова сыходзіць, застаюцца тонкія матэрыі, такія як псіхалагічны спакой і пачуццё абароненасці. Менавіта дзеля іх мы жывём з іншымі людзьмі ў адной сям’і. Сям’я становіцца тым месцам, дзе мы можам быць самімі сабой, дзе можам атрымаць суцяшэнне, прыняцце і адчуць сябе ў бяспецы.
Такім чынам, асноўнае прызначэнне сям’і ў сучасным свеце — гэта эмацыянальная падтрымка ўсіх, хто жыве ў ёй.
Перспектыўнае развіццё сістэмы сямейнага ўладкавання і ў далейшым будзе арыентавацца на рэалізацыю патрэб дзяцей, якія маюць неабходнасць у гэтым відзе сацыяльна-педагагічнай абароны.
Дзейнасць устаноў і спецыялістаў, уцягнутых у працэс сямейнага ўладкавання дзяцей, а таксама замяшчальных бацькоў павінна быць накіравана на рэалізацыю палітыкі дэінстытуцыяналізацыі, забяспечваючы кожнаму дзіцяці права на жыццё і выхаванне ў сям’і.
Органамі кіравання адукацыяй, навукова-метадычным установам неабходна ўзмацніць работу па развіцці доўгатэрміновых і кароткатэрміновых варыянтаў сямейнага ўладкавання дзяцей, найбольш уразлівых па прымеце інстытуцыяналізацыі катэгорый: дзяцей-інвалідаў і дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, падлеткаў, дзяцей ранняга ўзросту, дзяцей з мнагадзетных сем’яў.
Дыверсіфікацыя паспяховага прафесійнага замяшчальнага клопату мае тры складнікі: забеспячэнне ўмоў для спецыялізацыі сем’яў, павышэнне адукацыйнага ўзроўню спецыялістаў, стварэнне ўмоў для прафесійнага даўгалецця і пераемнасці ў рабоце спецыялістаў, якія ствараюць і суправаджаюць замяшчальныя сем’і.
Я шчыра ўдзячны ўсім прыёмным бацькам, бацькам-выхавальнікам, апекунам і ўсынавіцелям за клопат аб дзецях. Тэзіс “чужых дзяцей не бывае” гэтыя людзі даказваюць на справе. І важна разумець, што справа гэтая патрабуе ад замяшчальных бацькоў не толькі душэўнага цяпла, але і ў пэўнай ступені сацыяльнай смеласці, асобаснай сталасці, псіхолага-педагагічнай і прававой кампетэнтнасці.
Форум з’яўляецца зыходным пунктам новага этапу развіцця сістэмы аховы правоў дзяцей і забеспячэння кожнаму дзіцяці права на жыццё ў сям’і, права на шчаслівае дзяцінства.

Віктар ЯКЖЫК,
намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.