Старая новая школа

- 10:49Сацыяльны ракурс

Перад тым як накіравацца ў мінскую сярэднюю школу № 60, я пашукала інфармацыю пра яе ў інтэрнэце. Знайшла ў тым ліку і здымак школьнага будынка: цаглянае трохпавярховае збудаванне відавочна сталага ўзросту. Калі прыехала на вуліцу Карла Лібкнехта, то адшукала школу не адразу, хаця зрабіць гэта зусім не цяжка. Проста не магла імгненна суаднесці цагляны будынак са здымка з гэтым новым, які ззяе светлымі фарбамі. Але што здзіўляцца? У школе заканчваецца капітальны рамонт, які пачаўся ў мінулым годзе.

Дырэктар сярэдняй школы № 60 Мінска Л.М.Бубен.

Тут столькі класаў пройдзена…

Школа № 60 з беларускай мовай навучання (ёсць тут і рускамоўныя класы) і музычным накірункам два гады назад адзначыла 60-годдзе. У школьным музеі гэты доўгі шлях можна прасачыць дасканала, напрыклад, я на адным з закрытых ад будаўнічага пылу плёнкай стэндаў убачыла ўдзельніка раней вельмі вядомай расійскай групы “Карані” Аляксандра Берднікава, які тут вучыўся. Так — імгненнае ўражаннне. Калі музей, як і ўся школа, адкрыецца пасля рамонту, на тутэйшых экскурсіях можна будзе ўбачыць і пачуць яшчэ шмат чаго цікавага, даведацца пра многіх вядомых, заслужаных педагогаў і выпускнікоў школы. 

А пакуль вось што можна прачытаць на школьным сайце: “30 чэрвеня 1957 года на ўскраіну Мінска прыйшлі дэлегаты І Усебеларускага фестывалю моладзі, каб разам з будаўнікамі закласці падмурак новай сярэдняй школы, якая ў 1959 годзе атрымала нумар 60. Пасля мітынгу першымі залілі падмурак школы ганаровая настаўніца БССР Каласоўская Алёна Рыгораўна і вучаніца СШ № 54 Мінска Фёдарава Людміла. У падмурак школы была замуравана пліта з памятным надпісам. Першым дырэктарам школы стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы настаўнік БССР, настаўнік гісторыі Самушчаў Сяргей Данілавіч, які кіраваў школай на працягу 20- ці гадоў”. 

Цяперашні дырэктар Ліліяна Мікалаеўна Бубен, выкладчык філасофіі па спецыяльнасці, узначальвае ўстанову 13 гадоў. Але тут нямала спецыялістаў, у якіх стаж работы ў гэтай школе яшчэ больш значны — 20 і больш гадоў. Так, напрыклад, намеснікі дырэктара Людміла Іванаўна Фокіна і Аксана Валянцінаўна Дунай скончылі гэтую школу і працуюць у ёй па сённяшні дзень, шэраг настаўнікаў таксама з’яўляюцца выпускнікамі школы № 60. Намеснік дырэктара Ірына Мікалаеўна Лебедзева, а таксама амаль палова калектыву працуюць у школе па 15—20 гадоў і нават больш. Дырэктар гаворыць, што ўстойлівы калектыў — адна з самых адметных рыс школы, а такое выпрабаванне, як капітальны рамонт, яшчэ больш згуртавала людзей, якія за год работы на базе іншых устаноў асабліва выразна адчулі, што значаць родныя сцены і калегі, якіх ведаеш не першы год, побач.

Так, паколькі рамонт капітальны, школьнікам і педагогам мінулы навучальны год прыйшлося правесці ў суседніх навучальных установах — сярэдніх школах № 80, куды перайшлі пачатковыя класы, і № 101. Усяго 475 вучняў і 68 педагогаў плюс іншыя супрацоўнікі. Складана, канечне, не вельмі зручна, але неабходна ды, шчыра кажучы, для такога рамонту не так ўжо і доўга. Але падрабязнасці пра яго — крыху пазней. 

Сёлета ў школу прыйдзе каля 500 вучняў, і кіраўнік вельмі спадзяецца, што 1 верасня разам з іншымі супрацоўнікамі сустрэне вучняў на парозе сваёй абноўленай школы. Ва ўсялякім разе амаль за месяц да пачатку навучальнага года тут заставаліся толькі пэўныя апрацоўчыя работы і работы па стварэнні камфортных умоў для вучняў і настаўнікаў.

Калі ж усе і ўсё вернецца ў родныя сцены, у школе № 60 зноў будуць праводзіцца вучэбныя заняткі, а таксама паказы музычнага тэатра, іншых калектываў, рэпетыцыі і выступленні аркестра народных інструментаў “Акорд”, які носіць званне народнага, — пераможцы і лаўрэата розных конкурсаў. Кіруе гэтым вядомым не толькі ў раёне, а і ў горадзе і за яго межамі калектывам Сяргей Уладзіміравіч Галавач. І, канечне, нядзіўна, што частка выпускнікоў школы працягвае музычную адукацыю ў вучылішчах і ўніверсітэце культуры. 

Ад даху да падмурка

Бягучых рамонтаў у школе за 60 з лішкам гадоў яе існавання было, канечне, нямала. А вось такі вялікі, калі замянілі і аднавілі ўсё — ад даху да падмурка — на памяці цяперашняга дырэктара першы. Ліліяна Мікалаеўна не тоіць, што праблем назапасілася нямала, сёе-тое патрабавала тэрміновага рамонту, які сёння праводзіцца за бюджэтныя сродкі сіламі будаўнічага ўпраўлення № 210 дзяржаўнага прадпрыемства “УКБ Захад”. 

З дырэктарам школы мы сустракаемся напярэдадні Дня будаўніка, і мая суразмоўніца перадае “сваім” будаўнікам віншаванні і самыя цёплыя пажаданні. Кажа, што з падрадчыкам школе пашанцавала, бо працаваць з гэтымі людзьмі прыемна, усе пажаданні заказчыка будаўнікі на чале з прарабам Раманам Сяргеевічам Бароўскім улічваюць, робяць, як для сябе, па-гаспадарчы. Значыць, спадзяёмся, іх работу ацэняць і вучні, і іх бацькі, і педагогі. 

Што ж зрабілі ў школе? Па-першае, цалкам замянілі дах і кроквы. Цяпер тут металачарапіца і надзейная сучасная кроквенная сістэма, а таксама не менш сучаснае ўцяпленне фасада, што, канечне, дапаможа і зберажэнню цяпла, і зберажэнню энергіі. Цалкам заменены сістэмы каналізацыі і ацяплення: трубы, батарэі, цеплавузлы, дзе з’явілася новае абсталяванне. Пры гэтым секцый у батарэях стала менш, а ў памяшканнях — цяплей. Зразумела, у школе цяпер новыя вокны і дзверы, ганкі, часткова заменена агароджа. 

Многія абнаўленні мы ўбачылі на свае вочы, як і работы, што яшчэ не закончыліся на момант нашага візіту ў школу. Так, некалькі рабочых шчыравалі ў актавай зале, многія займаліся добраўпарадкаваннем унутранага дворыка, які таксама сустрэне вучняў абноўленым — тут цяпер плануюць праводзіць урачыстыя лінейкі. Цалкам рэканструявана спартыўная зала, шмат змяненняў у харчовым блоку, дзе, напрыклад, замянілі вентыляцыйную сістэму, каналізацыю (абсталяванне і мэбля тут і так былі даволі новыя), зроблены ўцяпленне і гідраізаляцыя падмурка знутры і звонку. 

Магчыма, я чагосьці не назаву ў гэтым пераліку змяненняў і абнаўленняў, але не магу не ўзгадаць пра ўнутранае аздабленне класаў і кабінетаў, іншых памяшканняў: і таму, што гэта прыгожа, і таму, што многае тут зрабілі супрацоўнікі школы, уключаючы дырэктара, якая, як высветлілася, умее і тынкаваць, і маляваць, што ёй, дарэчы, падабаецца. Школьныя памяшканні і сапраўды выглядаюць адмыслова: на многіх сценах тэматычныя кампазіцыі, малюнкі. 

Канечне, калектыву школы, уключаючы яе кіраўніка, год даўся няпроста: многім давялося працаваць адразу на “двух франтах”. Але, безумоўна, усё гэта не дарэмна, і да фінішу засталося зусім нямнога.

— Мы ўсе сумуем па сваёй школе, з нецярпеннем чакаем, калі вернемся сюды, будзем сустракацца кожны дзень, — гаворыць Л.М.Бубен. — У нас цудоўны калектыў і, калі трэба нешта зрабіць, выходзяць усе. Так, музей мы зрабілі самі, не толькі ў тым сэнсе, што разам з дзецьмі збіралі экспанаты, але і ў тым, што кожны стэнд, кожны элемент — справа рук нашых супрацоўнікаў. Наогул, галоўнае — гэта калектыў, тады і любую праблему можна вырашыць. У нас і дзеці, мне здаецца, крыху не такія, як у іншых установах, — больш добрыя, больш дамашнія. І бацькі нам дапамагаюць многія. А ўсё таму, што ў школы ёсць душа. Мы стараемся, каб вучням было ўтульна і добра тут. Цяпер, пасля рамонту, усім стане яшчэ больш камфортна.


Праводзячы для нас экскурсію, Ліліяна Мікалаеўна спыняецца літаральна ля кожнага кабінета, ля кожных дзвярэй, бо пра кожнае памяшканне, кожную дэталь ёй ёсць што расказаць, каго пахваліць за работу. Кабінет біялогіі аздабляюць адлюстраванні трох стыхій: вады, зямлі, паветра; у актавай зале бачым сцяну, што паказвае горад майстроў; у кабінеце беларускай мовы і літаратуры — выява беларускай вёскі; у кабінеце гісторыі — банер “Лінейка часу”, таксама зроблены педагогамі; у спальнях для першакласнікаў на сценах намаляваны любімыя дзіцячыя героі, звяры. І так на кожным кроку, у кожным элеменце бачны любоў да школы і яе насельнікаў, жаданне зрабіць гэтае месца прыгожым і любімым.

Штосьці з гэтых пазнавальных упрыгажэнняў зроблена год-два ці больш назад, штосьці з’явілася падчас цяперашняга рамонту. Але ўсё знаходзіцца ў добрым стане.

— Ведаеце, дзеці нічога не псуюць, берагуць тое, што ёсць, — заўважае кіраўнік школы. — Напэўна, мы навучылі іх таму, што прыгажосць трэба шанаваць. 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з сайта школы.