Старажытнае мастацтва ў сучасным варыянце

- 10:53Навіны рэгіёнаў

Удзельнікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу юных майстроў “Беларуская выцінанка”, які прайшоў у Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, з паперы ствараюць мудрагелістыя кветкі, дзіўных птушак, зоркі-сняжынкі, незвычайныя дрэвы — узоры разнастайныя і непаўторныя.

Такім чынам педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці пераконваюць, што бавіць вольны час можна з карысцю. Далучыцца да захапляльнага выразання з паперы могуць і дарослыя, і дзеці.

Мастацтва выцінанкі, якую беларусы называюць яшчэ і “выразанка”, “выразка”, “выстраганка”, бярэ свой пачатак у Старажытным Кітаі. У нашу краіну яно прыйшло значна пазней, але хутка распаўсю­дзілася. Ажурнымі папяровымі выразкамі ўпрыгожвалі вокны вясковых хат, сурвэткамі — сталы, палічкі і этажэркі. На нейкі час выцінанка была забыта, але цяпер атрымала сваё другое нараджэнне. Дарэчы, зараз выцінанка як від мастацтва прэтэндуе на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сёння пры дапамозе нажніц і паперы можна зрабіць віншавальныя паштоўкі, закладкі для кніг, навагоднія маскі, валянцінкі і шмат чаго яшчэ. Работы 18 прадстаўнікоў рэгіёнаў Гомельшчыны, якія паўдзельнічалі ў конкурсе, — пацвярджэнні гэтага.

Конкурс праходзіў у дзвюх намінацыях: “Дрэва жыцця” і “Букет”. На працягу трох га­дзін хлопчыкам і дзяўчынкам трэба было выканаць сюжэтную кампазіцыю па загадзя распрацаванай канцэпцыі і падрыхтаваным эскізе. Журы вызначыла тых, хто будзе абараняць гонар Гомельскай вобласці на рэспубліканскім этапе. Гэта выхаванка Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дар’я Каўшар, Марыя Волкава, якая прадстаўляе Рагачоўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, і Бажэна Астроўская з Цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі “Ювента” Светлагорска.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.