У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся выпуск слухачоў школы педагагічнага лідара.
Ва ўрачыстай атмасферы сертыфікаты аб заканчэнні навучання ў школе атрымалі 33 будучыя кіраўнікі сістэмы адукацыі Гродзеншчыны.
— У гэтым годзе мы чацвёрты раз адчынілі дзверы для будучых кіраўнікоў і правялі тры тэматычныя сесіі, якія знайшлі водгук у нашых слухачоў, — расказала метадыст ГрАІРА куратар школы педагагічнага лідара Святлана Грынцэвіч. — Гэта амаль 40 гадзін заняткаў у розных фарматах — было шмат лекцый, трэнінгаў, дыягностыкі, тэстаў і, вядома ж, дамашніх заданняў. Праводзіліся сустрэчы з вопытнымі і пачынаючымі кіраўнікамі. Веды і практычныя навыкі, атрыманыя на лекцыях і трэнінгах, не толькі спатрэбяцца маладым людзям для развіцця прафесійнага майстэрства, але і стануць падмуркам эфектыўнага выканання кіраўніцкіх функцый у будучыні.
Навучанне ў школе накіравана не толькі на атрыманне тэарэтычных ведаў у галіне менеджменту, кіравання персаналам, вядзення нарматыўна-прававых дакументаў, вельмі важных для будучага кіраўніка, але яно і практыка-арыентаванае. Былі арганізаваны сустрэчы з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, якія, зыходзячы са свайго вопыту, дзяліліся сакрэтамі, асабістымі напрацоўкамі. Цікавай атрымалася сустрэча з кіраўніцтвам і педагогамі ліцэя № 1 Гродна.
— Усе нашы слухачы матываваныя, па выніках праходжання навучання яны атрымліваюць сертыфікат. І мы вельмі спадзяёмся на наступныя сустрэчы з імі — ужо як з маладымі кіраўнікамі. ГрАІРА на сістэмнай аснове ажыццяўляе іх далейшае суправаджэнне, — адзначыла Юлія Мілінкевіч, старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій ГрАІРА.
Адзін з выпускнікоў школы педагагічнага лідара настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 40 Гродна Мікалай Макарэеў расказаў: “Навучанне ў школе стала пляцоўкай, якая акумулюе толькі асновы кіраўніцкай дзейнасці. У далейшым нас будуць запрашаць на трэнінгавыя курсы. Тут мы атрымалі кірункі дзейнасці, гэта толькі старт, а далейшы шлях ужо залежыць ад нас саміх”.
Школа педагагічнага лідара працуе на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі з 2018 года.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.