Старт ЦТ­2022

- 12:53Актуально, На парадку дня

Сёння ў Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэсціраванне — бадай, самая складаная, хвалюючая і адказная частка ўступнай кампаніі. Менавіта яе вынікі стануць лёсавызначальнымі для амаль 62 тысяч сёлетніх абітурыентаў.

Для правядзення ўступнай кампаніі ў краіне падрыхтавана 41 навучальная ўстанова. 13 пунктаў здачы тэстаў знаходзяцца ў Мінску.

Традыцыйна першымі стартавалі знаўцы беларускай мовы. Гэты прадмет выбралі больш за 18 тысяч юнакоў і дзяўчат.

— Мы назіраем павышэнне папулярнасці роднай мовы, бо сёлета яе вырашылі здаваць амаль на 200 чалавек больш, — паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

Увогуле, як паведамілі ў РІКВ, сёлета выдалі каля 61 800 пропускаў на ЦТ. Самымі папулярнымі прадметамі сярод абітурыентаў па-ранейшаму застаюцца руская мова (на яе зарэгістравалася звыш 50 тысяч чалавек), матэматыка (зарэгістравалася амаль 33,8 тысячы), англійская мова (больш за 24 тысячы) і фізіка (звыш 19,5 тысячы).

Парады абітурыентам

Давайце яшчэ раз прыгадаем асноўныя моманты праходжання ЦТ, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

Першае: экзамен па ўсіх прадметах ЦТ пачынаецца ў 11.00. Абітурыентам варта пры­быць у пункт тэсціравання зага­дзя, лепш за гадзіну, каб спакойна, без спешкі і мітусні, прайсці некалькі працэдур кантролю. Затым спакойна заняць сваё месца ў аўдыторыі, падрыхтавацца, настроіцца і сабрацца з думкамі.

Часам бывае, што абітурыент зарэгістраваўся на ЦТ, напрыклад, у БДУ і прыйшоў у галоўны корпус, а іспыт праводзіцца ў іншым корпусе ўніверсітэта. Зразумела, што калі гэта высветліцца ў апошні момант, то можна і не паспець на экзамен. Памятайце, што пасля адкрыцця пакетаў з педагагічнымі тэстамі трапіць у аўдыторыю, дзе праводзіцца экзамен, немагчыма. Калі ж абітурыент спазняецца па ўважлівай прычыне, то ён мае права прайсці ЦТ у рэзервовы дзень. У іншым выпадку ён страчвае магчымасць здаць іспыт па адпаведным прадмеце.

Другое: каб трапіць у пункт тэсціравання, абітурыент павінен паказаць пропуск, дзе ўказаны адрас і дата праходжання ЦТ, і дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства ў Беларусі, пасведчанне бежанца або даведку, якая выдаецца органамі МУС у выпадку страты дакумента). Ніякія іншыя дакументы не прымаюцца! Таксама важна памятаць, што нават калі іспыты праходзяць два дні (руская мова і матэматыка), трэба прыйсці менавіта ў той дзень, які ўказаны ў пропуску.

Трэцяе: з сабой трэба мець ручку (гелевую ці капілярную) з чарнілам чорнага колеру, а лепш дзве, раптам адна з іх перастане пісаць. А на ЦТ па фізіцы і хіміі можна
ў­зяц­ь самы просты калькулятар.

Чацвёртае: катэгарычна забараняецца прыносіць на экзамен шпаргалкі, тэлефон і іншыя прылады, якія перадаюць, прымаюць і захоўваюць інфармацыю. Пакіньце іх у камеры ці месцы захоўвання лішніх рэчаў, якія арганізаваны ў кожным пункце тэсціравання. Бо калі арганізатары заўважаць парушэнне, абітурыент вымушаны будзе пакінуць аўдыторыю без права на пера­здачу.

Пятае: будзьце ўважлівымі пры запаўненні бланка адказаў на ЦТ. На кожнага абітурыента прадугледжаны толькі адзін бланк, які не падлягае замене.

Шостае: захоўвайце сертыфікаты ЦТ на працягу двух гадоў. Калі раптам не атрымаецца паступіць ва УВА сёлета, то ў наступным годзе ў вас будзе магчымасць зноў выкарыстаць гэтыя сертыфікаты пры падачы дакументаў.

Даты ЦТ

У гэтым годзе большасць абітурыентаў мае намер здаваць тры тэсты.

— У сярэднім абітурыенты зарэгістраваны на 3,36 прадмета, — патлумачыў Ю.І.Міксюк.

16 і 17 чэрвеня пройдзе наступнае тэсціраванне — па рускай мове. Пасля, 19 чэрвеня, абітурыенты будуць здаваць экзамен па грамадазнаўстве, 21 і 22 чэрвеня — па матэматыцы, 24 чэрвеня — па біялогіі, 26 чэрвеня — па замежнай мове (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай), 28 чэрвеня — па хіміі, 30 чэрвеня — па фізіцы, 2 ліпеня — па гісторыі Беларусі, 4 ліпеня — па геаграфіі. А скончыцца асноўная сесія 6 ліпеня экзаменам па сусветнай гісторыі (найноўшы час).

Абітурыенты, якія па ўважлівых прычынах, пацверджаных дакументальна, не змогуць прайсці ЦТ у асноўныя дні, могуць быць дапушчаны да здачы іспытаў у рэзервовыя дні: 12 і 14 ліпеня — па беларускай і рускай мовах, 12 і 16 ліпеня — па астатніх прадметах. Зарэгістравацца для прахо­джання ЦТ у гэтыя дні можна з 2 па 7 ліпеня. Пасля абітурыенту трэба прыйсці ў адзін з вызначаных пунктаў (іх шэсць — па адным у кожным абласным цэнтры), паказаць пропуск, які не быў выкарыстаны, дакумент, што сведчыць асобу, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць значнасць і ўважлі­васць прычыны, па якой абітурыент адсутнічаў на экзамене ў асноўны дзень. Паводле прадастаўленых дакументаў камісія прыме рашэнне, дапусціць абітурыента да здачы ЦТ у рэзервовы дзень або адмовіць яму ў гэтым праве.

Сертыфікаты з вынікамі ЦТ РІКВ перадасць у пункты правя­дзення ЦТ.

— Тыя, хто здаваў іспыты ў асноўныя дні, змогуць атры­маць іх 14 ліпеня, а хто ў рэзервовыя дні — 21 ліпеня, — нагадаў Юрый Міксюк.

Ну што ж, пажадаем абітурыентам здароўя, удачы і веры ў свае сілы! І няхай вынікі ЦТ паспрыяюць ажыццяўленню іх прафесійных мар!

Вольга АНТОНЕНКАВА.