Стаць сябрам дзецям

- 12:15Людзі адукацыі

Чаму мы выбіраем тую ці іншую прафесію? Адказ на гэтае пытанне ў кожнага свой. Выбар быццам не такі і складаны, але ён уплывае на ўсё наша далейшае жыццё. Толькі зрабіўшы правільны выбар, чалавек можа атрымліваць радасць і задавальненне ад сваёй працы. Асаблівая цікавасць да англійскай мовы ў настаўніцы сярэдняй школы № 12 Мінска Надзеі Фёдараўны Леснікавай з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, калі яна вучылася ў пятым класе.

Надзея Фёдараўна скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Гісторыя. Замежная мова”. Калі яна была абітурыенткай, думала толькі аб вывучэнні замежнай мовы, аднак падчас вучобы будучы педагог таксама зацікавілася гісторыяй. І хоць гэта абсалютна розныя прадметы, для яе яны выдатна дапаўнялі адзін аднаго. Па заканчэнні ўніверсітэта, несумненна, трэба было вызначацца, кім быць — гісторыкам ці філолагам?

Да пачатку свайго першага навучальнага года ў якасці педагога Надзея Фёдараўна шукала вакансіі настаўніка гісторыі, але беспаспяхова: патрабаваліся педагогі са стажам і катэгорыяй. А вось сітуацыя з вакансіямі настаўніка замежнай мовы была зусім іншай. Надзея Фёдараўна адпрацавала год у сярэдняй школе № 135 Мінска ў якасці настаўніка англійскай мовы, а потым звольнілася і думала, што больш ніколі не вернецца ў школу.

“У нейкай ступені мной кіравалі максімалізм, жаданне мець усё адразу: і цікавую работу, і дастойную зарплату, і павагу калег і блізкіх. Адзін час нават хацела з’ехаць з Беларусі. Гэта быў год разважанняў для мяне. Але ўсё ж я прыняла рашэнне вярнуцца ў школу. Да сыходу ў адпачынак па доглядзе дзіцяці я працавала настаўніцай англійскай мовы першай катэгорыі ў сярэдняй школе № 12 Мінска. Адзін з маіх любімых выкладчыкаў ва ўніверсітэце Сігізмунд Пятровіч Барадзін  казаў: “Удасканальвайся ў адным кірунку, і тады абавязкова будзе вынік!” — расказвае На­дзея Фёдараўна аб сваім шляху.

Многія, выбіраючы будучую прафесію, арыентуюцца на тых людзей, якія былі ці знаходзяцца побач, бо яны ўплываюць на наша ўспрыманне самога жыцця. Іх вопыт і ўменні выклікаюць добрую зайздрасць і імкненне стаць лепшымі. Надзея Фёдараўна расказвае, што яна з сям’і педагога, і гэта, хутчэй за ўсё, абумовіла выбар прафесіі. Яе мама — настаўніца чарчэння і працы Станіслава Іосіфаўна Леснікава — заўсёды падавала ёй прыклад.

У сярэдняй школе № 2 Фаніпаля (зараз гімназія) будучага выкладчыка англійскай мовы вучылі выдатныя педагогі, прафесіяналы (гэта Надзея Фёдараўна разумее зараз, калі сама ўжо валодае ўсімі тонкасцямі работы выкладчыка), на якіх ёй заўсёды хацелася быць падобнай. Надзея Фёдараўна з трапятаннем успамінае класнага кіраўніка Алену Іванаўну Лакісаву як разумнага, справядлівага чалавека высокай культуры.

Надзея Фёдараўна расказвае, што ёй вельмі падабаліся ўрокі Віктара Іванавіча Анохіна, настаўніка англійскай мовы. Пры­ходзячы дадому, перш за ўсё яна выконвала дамашняе заданне па “інглішу” і толькі потым па ўсіх астатніх прадметах.

“У той час мы вучыліся па двух дапаможніках, і другі быў прызначаны для чытання. Бывала, наперад чытала тэксты і выконвала заданні да іх. А па выхадных займалася на курсах замежнай мовы. Садзілася ў электрычку і заўсёды ў добрым настроі ехала ў Мінск, бо там усё было іншым — і заняткі, і атмасфера. Дзякуючы таленавітым выкладчыкам роднага ўніверсітэта, іх адносінам да студэнтаў і сваіх прадметаў я атрымала глыбокія веды і палюбіла англійскую мову”, — прызнаецца Надзея Фёдараўна.

Дзецьмі заўсёды рухае цікавасць, дарослымі — матывацыя. Калі дзіця пачынае вывучаць англійскую мову, педагогі бачаць агеньчык у яго вачах. І вельмі важна не загасіць гэты агеньчык жадання пазнаваць новае! Гэта патрабуе нямала сіл ад педагога і сур’ёзнай працы над сабой.

Першы вопыт у якасці класнага кіраўніка для Надзеі Фёдараўна быў не асабліва прыемным. Яна расказвае, што ёй “уручылі” класнае кіраўніцтва ў 10 класе ў канцы кастрычніка. Як вядома, класны кіраўнік павінен наведваць сем’і навучэнцаў дома. На­дзея Фёдараўна тады сутыкнулася з гэтым упершыню, і выпадак быў не з прыемных. Дзяўчынка з нядобранадзейнай сям’і прапускала заняткі па няўважлівай прычыне. Бацькі на тэлефонныя званкі не адказвалі. “Я як класны кіраўнік павінна была схадзіць у рэйд і высветліць прычыну. Мне не адчынілі дзверы і пачалі лаяцца, — прыгадвае Надзея Фёдараўна і дадае: — Вось так і пачынаеш разумець, што жыццё складаецца не толькі з прыемных момантаў”.

Надзея Фёдараўна кажа, што прыемным заўсёды хочацца падзяліцца, таму далей раказвае пра добры вопыт класнага кіраўніцтва. Работу ў якасці класнага кіраўніка яна працягнула ў сярэдняй школе № 12 Мінска, дзе пазнаёмілася з тагачасным 6 “Б” класам. Пачаць вырашыла з размовы з папярэднім класным кіраўніком: старалася даведацца як мага больш пра асаблівасці дзіцячага калектыву, пра супрацоўніцтва бацькоў са школай, пра традыцыі, якія былі закладзены настаўнікам пачатковых класаў. Бо, беручыся за работу на пасадзе класнага кіраўніка, лічыць Надзея Фёдараўна, настаўнік павінен выразна вызначыць мэтавыя арыенціры для сябе і класа.

Для сябе яна вызначыла асноўныя прынцыпы ў працы: індывідуальны падыход, дыялог, упор на бесперапыннасць і паслядоўнасць навучання. “Памятаю свой першы бацькоўскі сход у гэтым класе, да якога я доўга і старанна рыхтавалася. Ён стаў ключавым момантам у далейшым супрацоўніцтве з бацькамі і першым крокам на шляху сумесных пошукаў, назіранняў, упартай працы, цярпення.

Дзеці ў класе былі розныя, па-рознаму складваліся адносіны з імі, але я заўсёды старалася пачуць кожнага, дапамагчы і падтрымаць. Я лічу, што неабходна ўлічваць тое, што сённяшнія дзеці надзвычай інфармаваныя, не баяцца выказваць сваё меркаванне, умеюць быць незалежнымі. І працаваць з імі не заўсёды проста», — дзеліцца ўражаннямі Надзея Фёдараўна.

Работа класнага кіраўніка не абмяжоўваецца сценамі школы. Клас вельмі зблі­жаюць сумесныя паездкі, экскурсіі, святы і мера­прыемствы. Для дзяцей — гэта адпачынак, а для класнага кіраўніка — вялікая адка­знасць. “Калі казаць пра выезды ўсім класам, то мне запомнілася паездка ў Санкт-Пецярбург у 8 класе. Гэта быў мой першы вопыт у якасці суправаджальніка за межамі Беларусі. Быў момант, я нават спалохалася, калі дзеці, не папярэдзіўшы мяне, вырашылі самі вярнуцца ў аўтобус. Але скончылася ўсё добра паездка атрымалася насычанай і цікавай. Кожны нешта вынес для сябе, мы ўбачылі здабыткі культуры Пецярбурга, шмат смяяліся. Выдатны быў час”, — успамінае педагог.

На думку Надзеі Фёдараўны, кожнае дзіця — гэта ліст паперы, ён абсалютна чысты з аднаго боку, і яго настаўнік можа запоўніць сваім вопытам, ведамі і ідэямі. Аднак з адваротнага боку ў гэтага лісточка ўжо столькі інфармацыі, што некаторыя дарослыя людзі сабе і ўявіць не могуць. Педагог верыць, што важна з самага пачатку выклікаць у дзіцяці давер, навучыць яго працаваць у камандзе. Бо добры вынік дасягаецца толькі сумеснымі намаганнямі.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота з архіва Н.Ф.Леснікавай.