Страснае танга і вясковы каларыт

- 11:37Культура

У Гомелі прайшоў гала-канцэрт выканаўцаў і калектываў — удзельнікаў другога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі-2015”.

Удзел у “АРТ-вакацыях” прынялі 19 устаноў адукацыі Гомельскай вобласці і абласны Дом навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі. Амаль чатыры дзясяткі нумароў прадставілі навучэнцы на суд рэспубліканскага журы.
На фінальны гала-канцэрт у Маладзечна паедуць лепшыя з лепшых. А па традыцыі самыя яркія нумары і выканаўцы былі адзначаны дыпломамі і спецыяльнымі прызамі абласнога конкурсу. Мастацкія кіраўнікі атрымалі ўзнагароды ад упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, прафсаюзных і грамадскіх арганізацый Гомельшчыны.
Сёлетні фестываль прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, таму не дзіўна, што пэўная частка нумароў мела ваенную тэматыку. Гэта ў сваю чаргу сугучна з мэтамі мера-прыемства, адной з якіх арганізатары называюць грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі.
Прафесійная будучыня юнакоў і дзяўчат, якія прынялі ўдзел у форуме, за выключэннем хіба толькі навучэнцаў педагагічных каледжаў, зусім не звязана са спевамі ці танцамі. Заўтра гэта будуць медыкі, будаўнікі, бухгалтары, работнікі аграпрамысловага комплексу. Але ж на сцэне яны таксама майстры. Некаторыя ўстановы прадстаўлялі на суд журы і гледачоў па некалькі нумароў у розных жанрах. Напрыклад, вакальныя здольнасці навучэнцаў Гомельскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза прадстаўляў ужо добра знаёмы гамяльчанам тэатр песні і танца “Сінтэз”, а танцавальны калектыў “Рытмы жыцця” прымусіў замерці сэрцы гледачоў, якія назіралі за страсным чырвона-чорным танга. Не менш чароўным быў вальс у выкананні навучэнцаў Краснабярэжскага аграрнага каледжа Сняжаны Александронец і Яўгена Хаўхлянцава.
Яшчэ адна пара выканаўцаў — Раксалана Азізава з Гомельскага прафесійнага ліцэя рачнога флоту і Дзмітрый Брэль з Гомельскага ліцэя будаўнікоў — надоўга застанецца ў памяці гледачоў. Нумар быў неверагодна стыльны, з цікавай рэжысёрскай задумай: Раксалана спявала песню “Танцы на шкле”, а Дзмітрый суправаджаў яе сурдаперакладам.
Цікавымі разнапланавымі танцавальнымі нумарамі парадавалі ўдзельнікі народнага ансамбля эстраднага танца “Асарці” абласнога Дома навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі. Завадны і маляўнічы “Беларускі калейдаскоп” прымушаў весяліцца, а танец з філасофскім падтэкстам “Гаравала” — задумацца аб жыццёвай долі.
Ну а россып жанраў і добрых рэжысёрскіх задум сваіх мастацкіх кіраўнікоў паказалі будучыя педагогі — навучэнцы Лоеўскага, Рэчыцкага, Гомельскага імя Л.С.Выгоцкага педагагічных каледжаў. Асабліва запамінальным нумарам аказаўся “Вясковы малюнак” ансамбля народнай музыкі “Вясёлыя музыкі” Рагачоўскага педагагічнага каледжа. Хлопцы і дзяўчаты ўмела павялі гледача ў мінулае, да традыцый нашых продкаў. Збіраецца вясковая моладзь гуртам у святочны дзень і стварае сабе настрой. Калі няма гармоніка — не бяда! Ці мала ў сельскага жыхара пад рукой інструментаў, з якіх можна атрымаць прыгожае гучанне?! Па пары драўляных лыжак у рукі — і пайшла мелодыя, ды так закруціла ў сваім віхры, што ў ход пайшлі чыгункі на плоце і сякера, галоўнае — умела пастукваць і гучна працягнуць па лязе.
Хлопцы і дзяўчаты адпрацавалі, гледачы атрымалі задавальненне. Цяпер застаецца чакаць, якое рашэнне прыме рэспубліканскае журы. У навучэнцаў і іх кіраўнікоў, якія прымуць удзел у фінале, застанецца крыху часу, каб папрацаваць над нумарамі, што будуць прадстаўлены ўсёй рэспубліцы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.