Сцяжынкай ведаў — да поспеху

- 15:13Якасць адукацыі

Уступная кампанія стартавала: выкананы тэсты, падлічваюцца балы, учарашнія вучні мараць стаць студэнтамі. Хочацца пазнаёміць вас з выпускніцай, якая скончыла сярэднюю школу №3 Навагрудка з залатым медалём, затым паспяхова здала ЦТ, атрымала добрыя балы па матэматыцы і рускай мове. А па англійскай мове на рахунку нашай вучаніцы 100 балаў! Імя гэтай стараннай і мэтанакіраванай дзяўчыны — Арына Шабановіч. 

Усе школьныя гады дзяўчына захаплялася мовамі: добра ведала рускую мову, з 5 класа ўдзельнічала і займала прызавыя месцы на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. Аднак у 9 класе вырашыла ажыццявіць сваю мару і навучыцца дасканала гаварыць на англійскай мове. 

З прадметамі, зрэшты як і з будучай спецыяльнасцю, вызначылася яшчэ пасля заканчэння 9 класа (матэматыка, руская і англійская мова). Арына заўсёды марыла быць эканамістам і звязаць сваё жыццё з бізнес-адміністрыраваннем.  

Сістэматычна займацца падрыхтоўкай да ЦТ стала ў 10 класе. Дзяўчына была ўпэўнена і раіла ўсім аднакласнікам абавязкова прымаць удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні, бо гэта не толькі дапамагае ўбачыць памылкі і вызначыць найбольш складаныя тэмы, але дае магчымасць стаць больш мэтанакіраваным.  

Не трэба спадзявацца толькі на ўдачу ці шчаслівы выпадак, неабходна шмат працаваць і рыхтавацца да паступлення — толькі так, лічыла будучая 100-бальніца Арына, можна свае мары ўвасобіць у жыццё.  

Шмат займалася не толькі з педагогамі ўстановы, але і самастойна. Старалася як мага больш паспець: не толькі адказна рыхтавалася да тэстаў, але і знаходзіла хвілінкі для захаплення танцамі. Была актыўнай удзельніцай усіх школьных і класных мерапрыемстваў. Тры гады запар была прызёрам раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, у 2019/2020 навучальным годзе стала ўдзельніцай абласнога этапу. 

Што самае галоўнае для будучага абітурыента? Мэтанакіраванасць, вера ў свае сілы і штодзенная руплівая праца.  

Ала Максіменка,
намеснік дырэктара на вучэбнай работе сярэдняй школы №3 Навагрудка.