Студэнт — значыць актыўны

Настасся Хлюпіна прадставіць Гродзеншчыну на Рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года — 2020”. Студэнтка 5 курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта перамагла на абласным этапе конкурсу.

Разам з ёй за перамогу змагаліся студэнтка 2 курса інжынерна-тэхналагічнага факультэта аграрнага ўніверсітэта Вольга Фурман і студэнт 2 курса філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Дунько. Кожны ўдзельнік стаў лепшым у сваім універсітэце, падмацаваўшы перамогу высокімі вынікамі ў вучобе — бал паспяховасці за два апошнія семестры ў іх не ніжэйшы за 8, актыўным у­дзелам у навуковым, грамадскім, спартыўным, культурным жыцці.

Сваю актыўнасць студэнты прадэманстравалі і падчас выступлення на сцэне гарадскога цэнтра культуры пры гарачай падтрымцы груп балельшчыкаў. Пачалі з “Візіткі”, дзе прадставілі свае захапленні, мары, планы ў прафесійным жыцці. Падчас конкурсу аратарскага майстэрства “Я ў прафесіі” будучы настаўнік Андрэй гаварыў пра тое, што марыць запальваць сонца ў душах дзяцей, Настасся разважала аб прафесіі ўрача, якую яна пачала спазнаваць ад сваёй мамы, а Вольга плануе праз некалькі гадоў стаць такім спецыялістам, які зможа паставіць уласную пячатку на малочнай прадукцыі класа “Экстра”.

Сваю актыўную грамадзян­скую пазіцыю канкурсанты прадэманстравалі, прадставіўшы сацыяльныя праекты. Настасся Хлюпіна лічыц­ь важным, асабліва пры складанай пандэмічнай сітуацыі, навучыц­ь лю­дзей правільна дыхаць, тым самым умацоўваючы сваё здароўе. Яе праект так і называецца — “Дыхай”. Андрэя Дунько хвалююць зносіны паміж дзецьмі і бацькамі, таму ён прапануе рэалізаваць праект “Актывізацыя ўзаемадзеяння дзяцей і бацькоў на адлегласці”, а Вольга Фурман плануе зрабіць жыццё студэнтаў больш цікавым праз крэатыўную дзейнасць.

Была адзначана і актыўнасць сяброў канкурсантаў — лепшай групай падтрымкі стала каманда Гро­дзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

10 лістапада ў групе “Моладзь Гродзеншчыны” сацыяльнай сеткі “УКантакце”, а таксама на сайце газеты “Гродзенская праўда” былі размешчаны відэаролікі ўдзельнікаў конкурсу “Я — студэнт/Універ”, і кожны жадаючы мог прагаласаваць за студэнта, які яму спадабаўся. Пераможцай у намінацыі “Студэнт года — 2020 ONLINE” стала Вольга Фурман.

Прымала віншаванні ад сяброў і журы, кветкі ад сваіх бацькоў у гэты дзень і Настасся Хлюпіна.

Пра сябе Настасся гаворыць як пра актыўнага чалавека:

— Я займаюся навуковай дзейнасцю, была на канферэнцыях у Гомелі, Санкт-Пецярбургу, на стажыроўцы ў Познані. Я стараста патоку. Праводжу трэніроўкі па фітнесе, з’яўляюся інструктарам па аказанні першай дапамогі Чырвонага Крыжа і інтэрв’юерам універсітэцкай газеты “Эскулап”, а яшчэ 10 гадоў займаюся эстраднымі танцамі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Арсенія ДАНІЛЬЧЫКА.