Студэнцкія гульні

У пятніцу вечарам завяршыўся фінал конкурсу “Студэнт года-2015”. На гэты раз полем для студэнцкіх баталій стаў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Перамогу ў іх і галоўны прыз конкурсу — паездку ў Швецыю — атрымала Марыя Марчук, студэнтка 3 курса факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР. Лепшай дзяўчына стала і ў намінацыі “Студэнт года ONLINE”.
Марыя Марчук — старшыня студсавета факультэта, удзельнік шматлікіх універсітэцкіх акцый, актрыса тэатра ўніверсітэта, актыўна рэалізуе сябе ў журналістыцы — працуе на маладзёжным тэлебачанні БДУіР.
Разам з ёй за тытул лепшага студэнта ў творчых і інтэлектуальных конкурсах змагаліся дзевяць удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны — пераможцы абласных і Мінскага гарадскога этапаў праекта. Удзельнікі прадэманстравалі выканальніцкі талент і здольнасці да творчага экспромту, высокую эрудыцыю і ўменне весці палеміку, а самае галоўнае — уменне працаваць у камандзе.
 Другое месца ў фінале заваяваў Міхаіл Карабіцкі, чацвёртакурснік будаўнічага факультэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, які ўжо можа пахваліцца ўкараненнем вынікаў сваёй навукова-даследчай работы ў вучэбны працэс. Лёгкаатлет, уладальнік I дарослага разраду на спрынтарскіх дыстанцыях, вядучы маладзёжнай тэлеперадачы “Альма-матар” на абласным тэлеканале, каментатар рэспубліканскіх і міжнародных матчаў па футболе, удзельнік Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы.
Завяршыла тройку лідараў Настасся Аўсейчык з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Дзяўчына ўваходзіць у склад арт-групы “Фармат” кафедры выяўленчага мастацтва і навуковага гуртка факультэта мастацтваў і дызайну, рэалізоўвае валанцёрскія праекты.
Усе фіналісты былі вартыя перамогі. Скажам, Аляксандра Барысенка з эканамічнага факультэта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта — майстар на ўсе рукі: скрыпачка, спявачка, танцорка, актрыса. У жыцці Мікалая Розума з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта шмат часу займае студатрадаўскі рух, у верасні ён нават узначаліў штаб працоўных спраў свайго ўніверсітэта і цяпер дапамагае студэнтам знайсці работу. Будучая настаўніца з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Ганна Плахатнюк сур’ёзна цікавіцца беларускай літаратурай, музыкай, тэатрам, рэалізоўвае валанцёрскія праекты. Аляксандра Мурзоўская з архітэктурнага факультэта БНТУ ў архітэктурных летніках аднаўляла Нясвіжскі і Любчанскі замкі, дапамагала афармляць памяшканні Беларускага дзіцячага хоспіса.
— Спаборніцтва — гэта не самамэта конкурсу, галоўнае тут — зносіны паміж студэнтамі. Менавіта падчас такіх падзей зараджаецца студэнцкая субкультура, — адзначыў старшыня журы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк.
Наталля Пшанічная, начальнік упраўлення выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, падводзячы вынікі конкурсу, адзначыла:
— Вельмі прыемна бачыць, што нашы студэнты нераўнадушныя, хаця штодзень перад кожным з іх стаіць выбар — вучыцца ці не, рэалізавацца ці ленавацца. Яны ж хочуць развівацца, тварыць, паказваць сваю творчасць, дзяліцца радасцю з іншымі.
Фінал конкурсу “Студэнт года” даў старт Рэспубліканскаму студэнцкаму форуму “Бярыся! Рэалізуй! Стварай! Мар!”. На гэтай пляцоўцы студэнты краіны змогуць абмеркаваць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў краіне, унясуць прапановы па ўдасканаленні асобных напрамкаў дзейнасці Саюза моладзі. Тут будуць працаваць тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі, трэнінгі на камандаўтварэнне, згуртаванне калектыву, майстар-клас па аратарскім майстэрстве, турнір па інтэлектуальнай гульні MadHead, творчы вечар па прэзентацыі новых студэнцкіх праектаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Генадзя ЖЫНКОВА,БелТА
.