Студэнты-­матыватары

- 7:36Абитуриент

Лепшыя матыватары для будучых абітурыентаў — студэнты-­першакурснікі, якія паспелі акунуцца ў вірлівае студэнцкае жыццё і яшчэ не забылі свае бяссонныя ночы падрыхтоўкі да паступлення. Менавіта такіх маладых людзей запрасілі на анлайн-­канферэнцыю з прыёмнай камісіяй БДПУ.

Лізавета КАЛАЧЫК, студэнтка 1 курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ (спецыяльнасць “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”):

— Я вучылася ў педагагічным класе сярэдняй школы ў Мачулішчах, таму ў мяне былі адпаведныя рэкамендацыі, але паступала па агульным конкурсе. Пры падрыхтоўцы да ЦТ я наведвала курсы і факультатыўныя заняткі ў школе і ўважліва слухала настаўнікаў на ўроках. У нас гэтая работа была зла­джанай і якаснай. Зразумела, займалася і дома самастойна. Я здавала цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі Беларусі, рускай мове і біялогіі. І вельмі ўдзячна школьным настаўнікам за дапамогу ў падрыхтоўцы.

Будучым абітурыентам я параіла б найперш настроіцца і ні ў якім разе не перажываць, калі пацерпіце няўдачу. Усё можна выправіць. Калі жаданне паступіць вялікае, то ў педагагічным універсітэце ёсць для гэтага магчымасці. Вялікія прэферэнцыі дае навучанне ў педагагічных класах, можна ўзяць мэтавае накіраванне. Калі балаў малавата, то можна пайсці на платнае навучанне. А калі вучыцца добра, быць актыўным студэнтам, то ёсць магчымасць перайсці на бюджэт. Усё залежыць ад нас саміх. Галоўнае — не баяцца і не ленавацца. Калі вы адзінаццацікласнік, то цяпер у вас гарачая пара падрыхтоўкі. І тут важна не збівацца з тэмпу. Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. Яно таго варта. Навучанне ва ўніверсітэце адкрывае шэраг магчымасцей, прычым ужо з 1 курса. Раман КОРЗАН, студэнт 1 курса прыродазнаўчага факультэта БДПУ (спецыяль­насць “Біялогія і хімія”):

— Я таксама вучыўся ў педагагічным класе і здаваў цэнтралізаванае тэсціраванне па сваіх галоўных прадметах — біялогіі і хіміі. Тэсты здаў добра, але вырашыў паступаць у БДПУ па накіраванні пасля заканчэння педагагічнага класа, бо зразумеў, што гэта маё. Мае ўражанні ад навучання ў педагагічным універсітэце пераўзышлі ўсе мае чаканні.

За паўгода я ўбачыў шмат магчымасцей для свайго развіцця. Навучанне пабудавана на спалучэнні акадэмізму і практыкі, выкладчыкі імкнуцца прымяняць самыя новыя тэхналогіі. Акрамя таго, мне вельмі дапамагаюць веды і ўменні, набытыя падчас навучання ў педкласе. Напрыклад, пры вывучэнні курса па асновах педагогікі і псіхалогіі я адчуваў сябе даволі ўпэўнена, бо значную частку матэрыялу ўжо ведаў.

Паступаючы сюды, я думаў, што ўпор у навучанні будзе рабіцца выключна на навуко-
васць і паглыбленае вывучэнне профільных дысцыплін. Канечне, усё гэта ёсць. Разам з тым, нам даецца магчымасць развівацца куды больш шырэй. Напрыклад, у фізічным выхаванні або інфарма-
тыцы. Арцём Калейнікаў, студэнт 1 курса прыродазнаўчага факультэта БДПУ (спецыяльнасць “Біялогія і хімія”):

— Ва ўніверсітэт я паступаў па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання (набраў 298 балаў). Я вучыўся ў Рэчыцкім раённым ліцэі, дзе створана выдатнае асяроддзе для навучання. Пры падрыхтоўцы да ЦТ неабходна быць уважлівым на ўроках, наведваць факультатывы, што мы і рабілі. Я вельмі ўдзячны настаўнікам, якія самаахвярна з намі працавалі, каб мы паказалі добрыя вынікі.

Будучым абітурыентам пажадаю толькі аднаго — вучыцца, як бы банальна гэта ні гучала. Працаваць сістэмна і карпатліва — адзіны шлях да поспеху. Да таго ж трэба ра­зумець, што вышэйшая адукацыя ў нашай краіне не абавязковая і кожны чалавек свой прафесійны выбар робіць выключна самастойна. Гэта датычыцца і выбару ўстановы адукацыі. Калі вы жадаеце стаць студэнтам, то будзьце гатовыя да таго, што давядзецца цяжка і шмат вучыцца.

Я не адразу зразумеў, што хачу вучыцца ў педагагічным універсітэце. Доўгі час думаў, што буду паступаць у медыцынскі. Але літаральна за некалькі месяцаў да паступлення перадумаў і вырашыў, што буду педагогам. І ні разу аб гэтым не пашкадаваў.

Вучыцца ў БДПУ мне вельмі падабаецца. Тут сучаснае вучэбнае і лабараторнае абсталяванне. Хутка пачнецца вывучэнне фізіялогіі, заалогіі. Будзе цікава! Акрамя таго, метавіта ва ўніверсітэце я пачаў прафесійна займацца плаваннем. Яшчэ я спяваю і з’яўляюся пераможцам розных конкурсаў, у тым ліку і міжнароднага фармату. Мне вельмі падабаецца, што ўніверсітэт дае шмат магчымасцей для ўсебаковага развіцця.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.