Стварыць атмасферу свята для дзяцей і бацькоў

- 11:41Інфармацыйная гадзіна

Падрыхтоўку дабрачынных навагодніх свят для дзяцей абмеркавалі ва ўрадзе на пасяджэнні з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Ігара Петрышэнкі.

Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” ў гэтым годзе пачнецца 10 снежня і прадоўжыцца па 11 студзеня 2019 года. Як адзначыў Ігар Петрышэнка, навагоднія святы, спектаклі і ранішнікі пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны і ў кожным населеным пункце. Традыцыйна ў час акцыі кіраўнікі дзяржорганаў і прадпрыемстваў, лідары грамадскіх аб’яднанняў наведаюць сацыяльна значныя аб’екты і павіншуюць дзяцей з навагоднімі святамі. Дзецям падораць камп’ютарную тэхніку, цацкі, спартыўны інвентар, салодкія падарункі. Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам школ-інтэрнатаў, дзецям з мнагадзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзецям-інвалідам. “Мерапрыемствы павінны быць прасякнуты клопатам пра дзяцей, трэба стварыць атмасферу свята напярэдадні сустрэчы Новага года і калядных свят”, — лічыць ён.

Традыцыйна ў Палацы Рэспублікі пройдзе дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам кіраўніка дзяржавы. На галоўную ёлку краіны прыедуць больш як 2 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў з розных рэгіёнаў. Запланавана таксама навагодняя сустрэча кіраўніка дзяржавы з моладдзю ў Палацы Незалежнасці.

На нарадзе ва ўрадзе абмяркоўваліся арганізацыйныя пытанні падрыхтоўкі навагодніх свят. “Усе мерапрыемствы павінны прайсці на самым высокім арганізацыйным і творчым узроўні і запомніцца дзецям і дарослым”, — сказаў Ігар Петрышэнка.

Міністэрства адукацыі адказвае за фарміраванне графіка правядзення акцыі “Нашы дзеці”, Міністэрства культуры забяспечвае падрыхтоўку культурнай часткі. Мінтранс і МУС адказваюць за дастаўку дзяцей з рэгіёнаў у Мінск. У арганізацыі мерапрыемстваў удзельнічаюць Мінэнерга, Міністэрства аховы здароўя, МНС і іншыя дзяржорганы па сваіх напрамках.