Створаны Савет па развіцці лічбавай эканомікі

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 28 лютага 2018 года № 167, паведамляе БелТА са спасылкай на інфармацыю Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.

Савет будзе каардынаваць дзейнасць па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы лічбавай трансфармацыі эканомікі і развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Асноўнымі задачамі савета з’яўляюцца вызначэнне мэт і задач лічбавай трансфармацыі нацыянальнай эканомікі; устанаўленне прыярытэтаў укаранення лічбавых тэхналогій для вытворчых галін, сфер гандлю і паслуг, сацыяльнай сферы з улікам апошніх дасягненняў у сферы ІКТ і развіцця глабальнай лічбавай прасторы; фарміраванне спрыяльнага прававога і рэгулятарнага асяроддзя для развіцця нацыянальнай лічбавай эканомікі.

Савет таксама будзе займацца стымуляваннем пераходу да перадавых лічбавых тэхналогій у розных сферах эканомікі і грамадскіх адносін, стварэннем і развіццём сучаснай лічбавай інфраструктуры і стварэннем лічбавых платформ рознага прызначэння, развіццём нацыянальнай індустрыі ІКТ. Сярод задач таксама рэалізацыя інвест-праектаў і праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў галіне ІКТ і міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы лічбавай эканомікі.

Арганізацыйнае і інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці савета ажыццяўляецца Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі.

Пастановай таксама зацверджаны склад савета. Яго старшыня — прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, намеснік старшыні савета — першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі.

Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.