Сучасная і шматфункцыянальная

- 11:39Адукацыйная прастора

Дзень ведаў стаў двайным святам для навучэнцаў мікрараёна Казіміраўка Магілёва. Першы званок мясцовыя дзеці сустракалі ў новай школе.

Сярэдняя школа № 46 размясцілася ў новым мікрараёне горада. Колькасць жыхароў тут пастаянна прырастае. Гэта добрая тэндэнцыя, і каб яе замацаваць, мясцовыя ўлады імкнуцца ствараць тут камфортныя ўмовы для жыцця і побыту. Аднымі з самых неабходных сацыяльных аб’ектаў у мікрараёне доўгі час былі ўстановы адукацыі. Цяпер гэтая праблема вырашана. Некалькі гадоў назад тут быў адкрыты дзіцячы сад. Зараз з’явілася сучасная школа. І калі раней мясцовыя дзеці вучыліся ў іншых гарадскіх установах адукацыі, то зараз могуць хадзіць у свае.

Новы будынак школы па праектнай магутнасці разлічаны на 1020 чалавек. У гэтым навучальным годзе ўстанову будуць наведваць каля 700 вучняў, з якіх 168 хлопчыкаў і дзяўчынак — першакласнікі.

Як адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, на будаўніцтва і камплектацыю неабходным абсталяваннем навучальнай установы са сродкаў бюджэту было накіравана звыш 20 млн рублёў.

— Гэтыя грошы ўкладзены не проста ў будынак, а ў трывалы падмурак для атрымання якаснай адукацыі ў крокавай даступнасці. Развіццё сістэмы адукацыі — гэта інвестыцыі, якія мы ўкладваем у будучыню. Таму сёння больш за 35% гарадскога бюджэту накіроўваецца на сферу адукацыі. Паэтапнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў ажыццяўляецца ў інтарэсах дзяцей. Усё гэта робіцца для таго, каб юнае пакаленне магло расці і развівацца ў камфортных умовах, атрымліваць веды, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням, — падкрэсліў Уладзімір Міхайлавіч.

Дарэчы, сярэдняя школа № 46 абсталявана па апошніх сучасных тэндэнцыях. У будынку ёсць актавая і канферэнц-залы, дзве спартыўныя і трэнажорная залы, памяшканне для заняткаў харэаграфіяй, шматфункцыянальны вулічны комплекс, цір. У распараджэнні вучняў і педагогаў таксама інфармацыйны цэнтр з кропкамі доступу высакахуткаснага інтэрнэту, лабараторыі, сучасныя вучэбныя кабінеты, у тым ліку 4 лінгафонныя і 2 — інфарматыкі. Ва ўстанове ўсюды ўстаноўлены мультыборды. А яшчэ тут функцыянуе сістэма “Разумная школа”, якая ўключае ў сябе сетку электронных журналаў і дзённікаў, электронны дакументаабарот і адукацыйныя рэсурсы, якімі можна карыстацца праз лакальную сетку ў кожным класе.

У новай школе ёсць вялікі медыцынскі блок і прасторная сталовая з буфетам. Прадугледжана ў навучальнай установе і абсталяванне для безбар’ернага асяроддзя. Удзелена ўвага таксама мерам бяспекі — дзейнічае прапускная сістэма, назіранне ажыццяўляецца і рэгіянальным Дэпартаментам аховы МУС. Адметна, што ў хуткім часе тут завершыцца будаўніцтва плавальнага басейна.

Свята адкрыцця школы разам з дзецьмі, педагогамі і бацькамі раздзялілі ганаровыя госці. Сярод іх — намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў і інш. Яны звярнуліся да прысутных на ўрачыстай лінейцы з віншаваннямі і падарункамі.

— Да гэтага навучальнага года новае аблічча набылі ўстановы адукацыі ў Чэрыкаўскім, Глускім, Бабруйскім, Магілёўскім, Касцюковіцкім раёнах. За кароткі час была праведзена вялікая работа для стварэння камфортных і бяспечных умоў навучання. Вялікае свята сёння і ў вас. Адкрыта новая школа, дзе ёсць усё для раскрыцця патэнцыялу кожнага навучэнца. Гісторыя гэтай навучальнай установы пачынаецца з чыстага ліста. У вашых сілах запоўніць яго сваімі поспехамі і дасягненнямі, — матываваў вучняў і педагогаў новай школы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Ад мясцовых выканаўчых улад адміністрацыі школы падарылі мячы для спартыўнай залы і сертыфікат на абсталяванне па доглядзе прылеглай тэрыторыі. Былі таксама ўзнагароджаны будаўнікі, якія прынялі актыўны ўдзел у пабудове адукацыйнага аб’екта.

Адкрылася не проста новая школа, а сапраўдны культурна-адукацыйны цэнтр, магчымасцямі якога змогуць карыстацца ўсе жыхары мікрараёна Казіміраўка. Новая школа можа і павінна стаць цэнтрам прыцягнення і сацыяльнай актыўнасці гараджан. Таксама значныя рэсурсы школы будуць максімальна задзейнічаны для павышэння прэстыжу ведаў сярод дзяцей і выхавання іх сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.