#СУЧАСНЫ і #ЗАПАТРАБАВАНЫ

- 15:20Адукацыйная прастора

Кабінет педагога-псіхолага як частка жыццядзейнага асяроддзя навучэнцаў школы-інтэрната

17-гадовы вопыт маёй работы паказвае, што эфектыўнасць дзейнасці педагога-псіхолага шмат у чым вызначаецца правільна арганізаванай рабочай прасторай і з’яўляецца неабходным інструментам яго дзейнасці. Я запрашаю вас здзейсніць экскурс у кабінет педагога-псіхолага Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.

Абсталяванне кабінета адпавядае патрабаванням і задачам псіхалагічнай работы з дзецьмі, педагогамі і бацькамі. Кабінет арганізаваны і аснашчаны такім чынам, каб спрыяў забеспячэнню эфектыўнага выканання прафесійнай дзейнасці і захаванню псіхалагічнага здароўя навучэнцаў, педагогаў і бацькоў.

#ШМАТФУНКЦЫЯНАЛЬНЫ

Заніраванне прасторы ў кабінеце арганізавана з улікам напрамкаў работы педагога-псіхолага: рабочая зона, зона кансультавання, псіхалагічнай разгрузкі, зона групавых заняткаў, трэнінгавая зона, дыягнастычная зона. Дызайн інтэр’ера спалучае прыгажосць, зручнасць і практычнасць. Створаныя ўмовы дазваляюць усім удзельнікам адукацыйнага працэсу адчуваць сябе камфортна і вольна. Гэта важны момант, які  сацыялізуе, у адукацыйным працэсе дзяцей са зрокавай паталогіяй.

#СУЧАСНЫ

У распараджэнні педагога-псіхолага ёсць усе сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя рэсурсы: камп’ютар, ноўтбук, мультымедыйная ўстаноўка, доступ у сетку інтэрнэт, музычна-тэхнічныя рэсурсы, якія дазваляюць разумна выкарыстоўваць працоўны час педагога-псіхолага, а таксама весці ўлік дыягнастычнай і карэкцыйна-развіццёвай работы. Эфектыўна выкарыстоўваецца псіхалагічны інструментарый, літаратура, праграмы камп’ютарнай апрацоўкі псіхалагічных тэстаў па праблемах гатоўнасці да школьнага навучання, дыягностыкі дзіцяча-бацькоўскіх адносін, школьнай адаптацыі, выбару прафесіі.

Праз арганізацыю работы віртуальнага кабінета педагога-псіхолага выкарыстоўваюцца магчымасці віртуальнай прасторы для забеспячэння псіхолага-педагагічнай падтрымкі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу (school-internat.by/virtualnyj-kabinet-pedagoga-psihologa.html).

Метадычнае аснашчэнне кабінета (наяўнасць Мантэсоры-матэрыялаў, дыягнастычных і карэкцыйна-развіццёвых праграм і методык, якія выкарыстоўваюцца пры рабоце з дзецьмі ў адпаведнасці з асаблівасцямі работы школы-інтэрната і заяўленымі мэтамі псіхалагічнай работы) спрыяе эфектыўнай дзейнасці педагога-псіхолага.

#МАБІЛЬНЫ

Кабінет мабільны, з магчымасцю праводзіць індывідуальныя і групавыя карэкцыйна-развіццёвыя заняткі і кансультацыі (фота 1), ціхія і шумныя перапынкі, прагляд і абмеркаванне псіхалагічных мультфільмаў і развіццёвых перадач, праграмы рэлаксацыі і зняцця псіхаэмацыянальнага напружання ў гульнявой форме, арт-тэрапію.

Усё гэта разам стварае атмасферу ўтульнасці, абароненасці, схіляе да расслаблення, заспакаення, спрыяе даверлівым зносінам ва ўмовах індывідуальнага кансультавання і заняткаў.

#ЗДАРОЎЕЗБЕРАГАЛЬНЫ

Тут усё спрыяе выкананню санітарна-гігіенічных норм, стварэнню бяспечнага асяроддзя, захаванню і ўмацаванню здароўя навучэнцаў, падтрымліваецца неабходны ўзровень асветленасці, прыстунічае водазабеспячэнне, сістэма супрацьпажарнай бяспекі, святлаколернае афармленне.

#ЗАПАТРАБАВАНЫ

Для першакласнікаў і навучэнцаў, якія нядаўна прыбылі, кабінет педагога-псіхолага — адна з умоў паспяховай адаптацыі да школьнага жыцця. Для падлеткаў гэта куток псіхалагічнай падтрымкі і сацыяльнай адаптацыі, для педагогаў — падтрыманне здароўезберагальнай і аптымальнай працаздольнасці пасля празмерных нагрузак, стрэсу і ператамлення (фота 2). Для законных прадстаўнікоў навучэнцаў кабінет педагога-псіхолага — магчымасць для пошуку вырашэння праблемных сітуацый (фота 3). Для старшакласнікаў кабінет асацыіруецца з упэўненасцю ў акіяне нястрымнай энергіі цікавасці да выбару жыццёвага шляху.

У школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку навучэнцы праводзяць шмат часу, таму кабінет педагога-псіхолага з’яўляецца часткай жыццядзейнага асяроддзя. Такім чынам, кабінет педагога-псіхолага школы-інтэрната і выкарыстанне яго рэсурсаў спрыяюць захаванню псіхалагічнага здароўя навучэнцаў, педагогаў і бацькоў.

Аксана ПРАКАПЕНКА,
педагог-псіхолаг
Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.