Сучасны, высокатэхналагічны, унікальны

- 10:47Якасць адукацыі

Рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў для дрэваапрацоўчых вытворчасцей адкрылі ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы — філіяле Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

У прэзентацыі цэнтра прынялі ўдзел рэктар БДТУ, доктар тэхнічных навук, прафесар Ігар Войтаў, прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі, арганізацый — заказчыкаў кадраў, устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, філіялаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, педагагічныя работнікі і навучэнцы каледжа.

Віншуючы калектыў са знамянальнай падзеяй, Ігар Войтаў падкрэсліў: падрыхтоўка сапраўднага прафесіянала ў любым напрамку дзейнасці заўсёды была прыярытэтам, а ў сучасных умовах яна набывае выключна важнае значэнне. Аснова якаснай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, павышэння кваліфікацыі — належнае рэсурснае забеспячэнне. Уменне працаваць з дрэвам сёння запатрабавана: попыт на экалагічна бяспечныя вырабы з драўніны расце на сусветным рынку, не застаецца ў баку ад зялёнай эканомікі і Беларусь. Ігар Вітальевіч нагадаў, што выпускнікоў каледжа, хто збіраецца вучыцца далей і набыць вышэйшую адукацыю, чакаюць у БДТУ.

У складзе педагагічнага калектыву каледжа — галоўны эксперт у кампетэнцыі “Цяслярская справа” і эксперт у кампетэнцыі “Сталярная справа” нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills. На рахунку навучэнцаў установы адукацыі тры залатыя, сярэбраны і бронзавы медалі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus і нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia).

Падрыхтоўку кадраў у адпаведнасці з профілем рэсурснага цэнтра ўстанова адукацыі ажыццяўляе звыш 20 гадоў. Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж — філіял БДТУ адзіны ў краіне, матэрыяльныя рэсурсы якога дазваляюць рыхтаваць рабочых і спецыялістаў па эксплуатацыі абсталявання і тэхналогіі дрэваапрацоўчых вытворчасцей, уключаючы распілоўку лесаматэрыялаў, сушку, перапрацоўку драўніны, выраб сталярна-будаўнічых вырабаў як уручную, так і на дрэваапрацоўчым абсталяванні, выраб мэблі з ламінаваных ДСП. На базе вучэбна-вытворчых майстэрняў арганізавана практыка-арыентаванае вытворчае навучанне, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі рабочых для дрэваапрацоўчых вытворчасцей рэгіёна. У 2017—2018 гадах у каледжы праведзены рамонт і аснашчэнне майстэрні ручной апрацоўкі драўніны і рэканструкцыя майстэрні механічнай апрацоўкі драўніны і драўняных матэрыялаў, устаноўлена новае абсталяванне, пры выбары якога ўлічаны вопыт профільных устаноў адукацыі Бразіліі, Германіі, Даніі, Расіі і Швейцарыі.

— Адкрыццё рэсурснага цэнтра значна пашырыла магчымасці нашых навучэнцаў у паспяховым засваенні матэрыялу вучэбных праграм і прадметаў (дысцыплін) прафесійнага кампанента па спецыяльнасці, вытворчага навучання, практыкі, набыцця навыкаў работы на высокатэхналагічным абсталяванні, — адзначыла дырэктар каледжа Валянціна Юпатава. — Акрамя таго, рэсурсны цэнтр выступае сучаснай пляцоўкай для падрыхтоўкі мола­дзі да ўдзелу ў нацыянальных і міжнародных чэмпіянатах WorldSkills (і стажыровак для трэнераў, прадстаўнікоў устаноў адукацыі, арганізацый па адпаведных кампетэнцыях), дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прафарыентацыйнай работы, сеткавага навучання, а таксама распаўсюджання эфектыўнага педагагічнага вопыту, узаемадзеяння з вытворцамі і прадаўцамі сучасных тэхналогій і абсталявання, арганізацыямі — заказчыкамі кадраў з мэтай прыцягнення іх да ўдзелу ў адукацыйных праграмах, стварэння развітой матэрыяльна-тэхнічнай базы для падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і стажыровак спецыялістаў і рабочых па заяўках дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Усе неабходныя ўмовы для гэтага ёсць: пражыванне ў інтэрнаце для іншагародніх, медпункт, сталовая, буфет, бібліятэка з чытальнай залай, актавая зала, кабінет інтэгральнай агульнаадукацыйнай тэхналогіі, зала для правядзення канферэнцый і семінараў, добрая спартыўная база (з адметнага мы маем, напрыклад, свой басейн).

Навучэнцы філіяла пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання прадэманстравалі майстэрні цэнтра. Разлічаны на поўны цыкл аперацый дрэваапрацоўкі тэхналагічны комплекс па камплектацыі і навізне не мае аналагаў ва ўстановах адукацыі нашай краіны; універсальны камплект сучаснага абсталявання забяспечвае высокі ўзро­вень прафесійнай падрыхтоўкі рабочага і спецыяліста ў адпаведнасці з патрэбамі дрэваапрацоўчай вытворчасці любога тэхналагічнага ўзроўню і складанасці.

Таццяна БОНДАРАВА.