Сумеснымі намаганнямі падняць адносіны на больш высокі ўзровень

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 10 замежных краін. Цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці. Даверчыя граматы кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі дыпламаты з Аўстрыі, Арменіі, Бахрэйна, В’етнама, Ганы, Канады, Туніса, Чарнагорыі, Чэхіі, Сальвадора.

Аляксандр Лукашэнка коратка ахарактарызаваў развіццё адносін з кожнай з прадстаўленых дзяржаў.

Пра Арменію

“Арменія была і застаецца для Беларусі надзейным партнёрам, з якім нас звязвае шматпланавае супрацоўніцтва, у тым ліку ў асноўных саюзах: у Еўразійскім эканамічным і АДКБ”, — сказаў прэзідэнт.

Ён адзначыў нацэленасць на пашырэнне гандлёва-эканамічнага складніка беларуска-армянскіх адносін і гатоўнасць удзельнічаць у любых праектах, у тым ліку на тэрыторыі Арменіі, якія будуць цікавыя армян­скім партнёрам.

Пра Аўстрыю

Паслядоўнае павышэнне ўзроўню і інтэнсіўнасці палітычных кантактаў з Аўстрыяй сведчыць пра новую я­касць міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, як лічыць беларускі лідар.

“Высока ацэньваем намаганні Вены па зніжэнні напружанасці ў Еўропе і свеце, навядзенні мастоў паміж ключавымі геапалітычнымі гульцамі. І ў гэтым падыходы нашых дзяржаў абсалютна сугучныя. Мы зацікаўлены ва ўмацаванні выгаднага і канструктыўнага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў гандлёва-інвестыцыйнай сферы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пра Чэхію

Міждзяржаўны дыялог Беларусі з Чэхіяй Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў як вельмі адкрыты і пра­гматычны, бакі рэалізоўваюць сумесныя эканамічныя праекты, працуюць на міжнародных пляцоўках. “Перакананы, што далейшае развіццё двухбаковага гандлю, падтрыманне цесных сувязей у культуры, навуцы і адукацыі будуць і далей служыць трывалай асновай для ўмацавання адносін паміж нашымі краінамі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Пра Чарнагорыю

“У нас ёсць нямала агульных інтарэсаў, якія могуць стаць апорай для пашырэння двухбаковага парадку дня з Чарнагорыяй”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што беларускія турысты на працягу многіх гадоў адпачываюць у Чарнагорыі. “Спадзяёмся, што і вашы людзі па заслугах ацэняць цудоўную прыроду Беларусі, яе культурную і гістарычную спадчыну”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пра Канаду

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Канаду аб’ядноўвае не толькі любоў да хакея, але і шматгадовая дружба. Канадцы былі ў ліку тых, хто, не раздумваючы, працягнуў руку дапамогі ў цяжкі час пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

“Ваша краіна стала першай на Захадзе, хто поўнасцю адмяніў гандлёвыя абмежаванні адносна Беларусі. Гэта залог далейшага пазітыўнага развіцця ўзаемадзеяння і вельмі добры прыклад для некаторых іншых нашых партнёраў. Мы гатовы да пашырэння плённага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Канадай ва ўсіх сферах”, — заявіў беларускі лідар.

Пра В’етнам

Вельмі цесны дыялог з В’етнамам на ўсіх узроўнях садзейнічае эфектыўнаму вырашэнню актуальных пытанняў двухбаковага парадку дня, упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, сёння бакам неабходна сканцэнтравацца на забеспячэнні росту ўзаемнага гандлю і рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці, нафтахіміі, будаўніцтве, адукацыі, інфармацыйных тэхналогіях. Беларускія прадпрыемствы гатовы актыўна ўдзельнічаць у праграмах па развіцці транспартнай інфраструктуры, здабычы карысных выкапняў і вытворчасці прадуктаў харчавання на тэрыторыі В’етнама.

Пра Бахрэйн

“Мы зацікаўлены ва ўсебаковым і маштабным развіцці сувязей з Бахрэйнам, тым больш што пазітыўныя прыклады супрацоўніцтва з дзяржавамі Персідскага заліва ў нас ёсць. Неабходна актывізаваць двухбаковы гандаль, аб’ём якога цяпер, на жаль, нязначны. Прапануем бахрэйнскім партнёрам не толькі традыцыйныя тавары, але і высокатэхналагічную прадукцыю”, — сказаў прэзідэнт.

Пра Гану

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё больш важнае значэнне для Беларусі набывае Афрыкан­скі рэгіён.

Што тычыцца непасрэдна Ганы, то ў сельскагаспадарчай і будаўнічай галінах гэтай краіны добра вядомы беларускія калійныя ўгнаенні і металургічная прадукцыя. “Мы бачым далейшыя перспектывы для істотнага пашырэння супрацоўніцтва, перш за ўсё ў АПК, а таксама ў прамысловай кааперацыі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пра Туніс

З гэтай краінай Аляксандр Лукашэн­ка лічыць неабходным актывізаваць кантакты на ўсіх узроўнях. “Гэта дапаможа прапрацаваць новыя напрамкі ўзаемадзеяння і вывесці адносіны паміж нашымі краінамі на якасна новы ўзровень”, — адзначыў ён.

Пра Сальвадор

“Беларусь разглядае Сальвадор як перспектыўнага партнёра ў Цэнтральнай Амерыцы. Мы зацікаўлены развіваць двухбаковы дыялог, узмацняць гандлёва-эканамічны складнік, пашыраць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, уключаючы хімічную галіну, — адзначыў прэзідэнт. — Мы добра ведаем вашу краіну. Але, на жаль, адносіны ў нас яшчэ слаба развіты. Думаю, пры вашым удзеле зможам актывізавацца. Нам вельмі неабходна, каб у Амерыцы ў нас была магутная база дзяржаў, з якой мы можам супрацоўнічаць і з суседнімі краінамі”.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім дыпламатам поспехаў у выкананні іх адказнай місіі. “Разлічваю, што вашы вопыт і прафесіяналізм стануць трывалай асновай для канструктыўнага ўзаемадзеяння нашых дзяржаў, а яго практычныя вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў паслоў, каб яны, вырашаючы стратэгічныя задачы, не ўпусцілі магчымасць даведацца больш пра Беларусь, адкрыць для сябе яе прыгажосць і ўнікальнасць, у поўнай меры ад­чуць гасціннасць і ветлівасць народа, пазнаёміцца з культурай, гісторыяй і сучасным ладам жыцця.

“Перакананы, што мы знойдзем з вамі агульную мову. Любыя вашы ініцыятывы будуць падтрыманы. І я ўпэўнены, што мы зможам сумеснымі намаганнямі падняць нашы адносіны на больш высокі ўзровень”, — падкрэсліў прэзідэнт.