Супрацоўніцтва — галоўны арыенцір

- 11:13Нам пішуць

Школу можна параўнаць з караблём, які плыве па вызначаным маршруце і мае пэўную мэту: дапамагчы дзецям стаць адукаванымі, даць правільныя арыенціры для жыцця ў зменлівым свеце.

Наша школа знаходзіцца ў рабочым раёне і мае некаторыя асаблівасці: ёсць нядобранадзейныя сем’і, вучні, якія патрабуюць індывідуальнага нагляду, іншыя праблемы. Таму так актуальныя прафілактычныя работы з падлеткамі і іх бацькамі.

А пачынаем мы з вывучэння сем’яў; стараемся атрымаць дакладные звесткі аб матэрыяльных умовах, узаемаадносінах, духоўных каштоўнасцях, звычаях і традыцыях. Большая частка гэтых абавязкаў кладзецца на плечы класных кіраўнікоў. Яны рэгулярна наведваюць сем’і, кантралююць прапушчаныя вучнямі заняткі, праводзяць маніторынг іх вольнага часу. І ўсё гэта робіцца асцярожна і аб’ектыўна. Настаўнікі дзяжураць па горадзе, створаны бацькоўска-настаўніцкі патруль у мікразоне, дзейнічае банк даных аб такіх выхаванцах і іх бацьках.

Свой уклад уносіць і наша псіхолага-педагагічная служба. Адбыўся псіхалагічны трэнінг “Дружная сямейка”, удзельнікі якога вучыліся будаваць адносіны ў пары “бацька — дзіця”. Арганізоўваюцца індывідуальныя заняткі па запытах, працуе бацькоўская гасцёўня. Павучальным атрымаўся круглы стол “Бацька ў сям’і і сям’я без гвалту”. Мяркую, што для некаторых тат і мам усё пачутае стала нагодай для роздуму і, магчыма, выклікала жаданне штосьці змяніць у сямейным жыцці.

Дзеці з нядобранадзейных сем’яў — гэта свайго роду група рызыкі: іх будучыня непрадказальная. І тут вельмі важная каардынацыя дзейнасці розных ведамстваў і структур, якія працуюць з такімі падлеткамі. Школьны СППС цесна супрацоўнічае з камісіяй па справах непаўналетніх, падсяджэнні якой праходзяць і ў нашай школе. Інспектары ІСН У.Л.Радзевіч і Д.А.Петухоў сталі нашымі пастаяннымі наведвальнікамі. Іх гутаркі аб відах крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці (“З законам на Вы”, “Падлетак і закон”) прымушаюць школьнікаў думаць аб наступствах сваіх учынкаў. Работнікі ДАІ вучаць правілам бяспекі на вуліцах і дарогах. Нядаўна былі арганізаваны экскурсіі ва ўстановы закрытага тыпу — турму № 7 і спецыяльную школу, бо часам лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. У прафілактычных мерапрыемтсвах таксама ўдзельнічалі старшы следчы, маёр юстыцыі С.С.Карачун, намеснік начальніка РАУС Ленінскага раёна А.М.Ткачоў, прадстаўнікі камітэта судовых экспертыз.

Стараемся выкарыстоўваць усялякія магчымасці. Запрасілі ў школу айца Сергія Лабаду. Яго пераканаўчая прамова выклікала ў прысутных інтарэс, і яны з цікавасцю слухалі гутаркі “У чым сэнс чалавечага жыцця”, “Святло Віфлеемскай зоркі”.

У апошнія гады праблема шкодных звычак памаладзела. Мяркуем уплываць на сваіх выхаванцаў наглядным прыкладам, словам прафісіянала, мастацкімі сродкамі. Так, у рамках рэспубліканскага месячніка ў школе прайшла тэматычная акцыя “Курэнне, алкагаль, наркотыкі. Умей сказаць “Не”. Праграма атрымалася разнастайная: выступленні спецыялістаў Магілёўскага наркалагічнага дыспансера Я.І.Раманоўскай і Т.А.Гайдановіч, паказ відэаролікаў, распаўсюджванне брашур, ролевыя дыялогі.

Акцыю працягвала мерапрыемства па прафілактыцы суіцыдальных паводзін “Жыццё цудоўнае”. У нас добрыя сувязі з шэфамі — заводам ААТ “Мажаліт”, дзе настаўнікі чытаюць лекцыі, праводзяць экскурсіі, а вучні даюць канцэрты, распаўсюджваюць тэматычныя лістоўкі. Гэтая сувязь вельмі карысная, бо многія нашы бацькі працуюць на гэтым прадпрыемстве.

Нішто так не ўплывае на чалавека і не змяняе яго, як сіла мастацтва і развіццё творчых здольнасцей. Многія нашы складаныя вучні наведваюць заняткі па інтарэсах, гурткі, факультатывы. Яны нярэдка бываюць гасцямі магілёўскіх драматычнага і лялечнага тэатраў, наведваюць філіял бібліятэкі № 1 імя Якуба Коласа. З задавальненнем удзельнічаюць у рабоце гарадскіх цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі “Агат”, “Крыніца”, “Натхненне”.

Алена ІВАШНЁВА,
дырэктар сярэдняй школы № 28 Магілёва.