Сустракацца з моладдзю, каб чуць яе праблемы

- 11:33Інфармацыйная гадзіна

Такое меркаванне выказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава ў час сустрэчы з навучэнцамі полацкай гімназіі № 1 у рамках праекта “ШАГ: школа актыўнага грамадзяніна”, на якой яна адказала на пытанні старшакласнікаў і прадстаўнікоў маладзёжнага парламента Полацка і Полацкага раёна.

Паводле слоў Наталлі Качанавай, ёй заўсёды вельмі цікава сустракацца з моладдзю. Прысутнічаючы на лінейцы 1 верасня 2018 года, яна дамовілася з навучэнцамі полацкай гімназіі, што прыедзе да іх і адкажа на пытанні.

“Праект “ШАГ: школа актыўнага грамадзяніна” цікавы і знакавы. З моладдзю трэба сустракацца, чуць яе пытанні і праблемы. Цяпер маладыя людзі развітыя не па гадах, і такая нефармальная, даверная сустрэча, незалежна ад рангу госця, будзе карыснай. Галоўнае, каб абмеркаваныя тэмы былі цікавыя школьнікам, дапамагалі ім адчуць рытм жыцця краіны і, магчыма, правільна выбраць свой прафесійны шлях”, — адзначыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Адказваючы на пытанне школьнікаў, як сфарміраваць у маладога чалавека грамадзянскую пазіцыю, Наталля Качанава падкрэсліла, што неабходна быць ініцыятыўным і рабіць усё, што ад цябе залежыць, для паляпшэння сітуацыі вакол, не быць абыякавым да чужых праблем. “Трэба мець унутраны стрыжань, прынцыпы і заўсёды адстойваць сваю жыццёвую пазіцыю. Акрамя таго, важна кожны дзень вучыцца, ведаць гісторыю і культуру сваёй краіны, ганарыцца ёй і сваёй малой радзімай”, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Школьнікі акцэнтавалі ўвагу на праблемах экалогіі, паколькі Полацкі раён — прамысловы рэгіён. “Сітуацыя з выкідамі і станам экалогіі рэгулярна маніторыцца спецыялістамі, крытычных праблем у краіне няма. Пытанні аховы навакольнага асяроддзя і экалогіі знаходзяцца на сур’ёзным кантролі, і для паляпшэння яе стану будзе прыняты шэраг мер”, — адказала Наталля Качанава.

Маладыя людзі таксама цікавіліся ўражаннямі ад рэспубліканскага балю ў Палацы Незалежнасці, абмеркавалі і работу БРСМ, сістэмы аховы здароўя і адукацыі.