Сустрэчы­-матыватары

- 10:41Сацыяльны ракурс

Першыя дні лютага для Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта сталі багатымі на гасцей.

Яны абмеркавалі са студэнтамі і супрацоўнікамі ўстановы праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пытанні захавання гістарычнай памяці і грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Першым у БНТУ завітаў майстар спорту па плаванні, шматразовы рэкардсмен свету і Еўропы, член Нацыя­нальнай параалімпійскай зборнай Беларусі, матывацыйны спікер, заснавальнік дабрачыннага фонду і грамадскі дзеяч Аляксей Талай. У сваім выступленні ён расказаў пра жыццёвы шлях, сямейнае жыццё, пераадоленне цяжкасцей і на сваім прыкладзе паказаў, што пры любых сітуацыях не трэба здавацца.

Пасля ўсе прысутныя змаглі за­даць Аляксею пытанні. Так, прафесар спартыўна-тэхнічнага факультэта Валянцін Мурзінкоў спытаў, чаму спартсмен вырашыў актыўна заняцца спортам. “На адным з ток-шоу я пазнаё­міўся з сённяшнім 16-кратным параалімпійскім чэмпіёнам Ігарам Бокім і трэнерам Генадзем Вішняковым. Пасля гэтай сустрэчы пры­ехаў у Мінск і паплыў. Усе мае поспехі і дасягненні ў спорце паказваюць дзецям з інклюзіяй, што гэта сапраўды магчыма, што яны нічым не адрозніваюцца ад іншых”, — адказаў Аляксей Канстанцінавіч.

У сваю чаргу намеснік дэкана аўтатрактарнага факультэта Алена Грыневіч пацікавілася, як захаваць гістарычную памяць і якія напрамкі работы будуць эфектыўнымі ў гэтым плане. “У рамках работы нашага дабрачыннага фонду мы якраз пачалі дзейнічаць у гэтым кірунку. Сумесна з расійскімі калегамі прывезлі два бюсты Герояў Савецкага Саюза для музея Вялікай Айчыннай вайны, а ў рамках праекта “Дзеці Беларусі ветэранам і будучым пакаленням” усталюем яшчэ тры помнікі. І гэта далёка не ўсё. Я ўпэўнены, мы рэалізуем яшчэ мноства такіх праграм, каб нашы дзеці, унукі, праўнукі ведалі пра тыя падзеі і перадавалі гэтую памяць далей”, — акцэнтаваў увагу А.Талай.

Праз два дні ў БНТУ адбыўся адкрыты дыялог з палітычным аглядальнікам тэлеканала АНТ Ігарам Турам. Адным з важных напрамкаў сустрэчы стала абмеркаванне змяненняў і дапаўненняў Асноўнага закона. “Непасрэдна прыняцце Канстытуцыі нічога асабліва не памяняе, пытанне ў тым, якія дакументы бу­дуць прыняты ў дадатак да Канстытуцыі. Дэпутаты падлічылі, што трэба яшчэ прыкладна 200 змяненняў і новых законаў прыняць, каб механізм, закладзены ў ёй, пачаў праца­ваць у поўнай меры і быў рэалізаваны цалкам. Менавіта таму ў асноўным усё будзе зале­жаць не ад Канстытуцыі, а ад прынятых да яе дапаўненняў”, — перакананы журналіст.

А вось наконт фарміравання патрыятызму І.Тур адказаў: “Патрыятызму немагчыма навучыць. Я неяк прачытаў, што патрыя­тызм — гэта адэкватнае разуменне пераваг сваёй краіны. У нашай краіны пераваг шмат. Трэба іх проста зразумець, пачаць маштабаваць, ганарыцца імі і, скажам так, прапаноўваць ганарыцца астатнім людзям. Праўда, пры гэтым не варта ігнараваць недахопы, якія, як нам вядома, ёсць у любой краіне. Пытанне любові да Радзімы дастаткова інтымнае, на мой погляд. Так, я патрыёт, я люблю сваю краіну, але гэта не значыць, што я павінен бегаць і крычаць аб гэтым на кожным кроку. Любоў да Радзімы праяўляецца ў дзеяннях, а не ў словах”.

Акрамя таго, на пачатку наступнага тыдня адбудзецца сустрэча з палітычным дзеячам Алегам Гайдукевічам.

Падрыхтавала Вольга АНТОНЕНКАВА.