Свет са светам судакранаюцца…

- 11:05"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

“Тэатр пачынаецца з вешалкі”, — зазначыў некалі славуты класік. А для многіх студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава менавіта з “Паэтычнага тэатра на філалагічным” пачынаецца блізкае знаёмства з жыццём факультэта. Якраз тэатр і непарыўна звязаныя з ім у сумесным рабочым працэсе творчыя студэнцкія аб’яднанні моладзь прызнае той самай — дробнай і прыватнай на першы погляд — часткай альма-матар, па якой можна беспамылкова меркаваць пра цэлае.

Філалагічны факультэт ВДУ — гэта аб’яднаныя прагай пазнання і любоўю да слова амаль тысяча студэнтаў з Беларусі і шасці замежных краін, адзін з наймацнейшых у рэгіёне па творчым патэнцыяле і прафесійным майстэрстве прафесарска-выкладчыцкі калектыў, вядомыя ва ўсім свеце навукова-педагагічныя школы, цэнтры славянскіх моў і культур, французскай мовы, кітайскай мовы і культуры, маштабныя навуковыя, адукацыйныя і сацыяльна-культурныя праекты, насычанае захапляючымі падзеямі і сур’ёзнымі дасягненнямі студэнцкае жыццё, эксперыментальныя пляцоўкі і лабараторыі, магчымасць для студэнтаў праходзіць практыку ў краінах вывучаемых моў (у тым ліку Германіі, Кітаі, Польшчы, Чэхіі) і стажыроўкі ў рамках праграм акадэмічнай мабільнасці ў вядучых замежных універсітэтах, адкрытая прастора для інавацый, навуковага пошуку і творчага росту. Тут вучацца будучыя настаўнікі і перакладчыкі, карэспандэнты, тэле- і радыёвядучыя СМІ, выкладчыкі і рэферэнты, спецыялісты па камунікацыі і арганізатары перамоў, рэдактары па розных напрамках дзейнасці і карэктары, навуковыя і літаратурныя супрацоўнікі, эксперты па лінгвістычнай, фанаскапічнай, аўтара- і почырказнаўчай экспертызах. Акрамя традыцыйных “Беларускай філалогіі (рэдакцыйна-выдавецкая дзейнасць)” і “Рамана-германскай філалогіі (англійская мова)” з другой замежнай нямецкай і факультатыўным вывучэннем трэцяй на выбар — польскай, кітайскай, шведскай, іспанскай і іншых моў, на факультэце сёлета адкрыты набор на дзве новыя запатрабаваныя і перспектыўныя спецыяльнасці: “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)” і “Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)”. Словы “выпускнік філфака ВДУ” — не проста ўказанне на месца вучобы, а характарыстыка сучаснага прафесіянала з інаватарскім падыходам да справы, спецыяліста кампетэнтнага, мэтанакіраванага, мабільнага і крэатыўнага, здольнага прымаць адказныя рашэнні і вынікова працаваць як самастойна, так і ў камандзе.

На фарміраванне і рэалізацыю адзначаных якасцей у студэнтаў нацэлена дзейнасць усіх структурных падраздзяленняў факультэта. Галоўныя дэтэрмінанты яе эфектыўнасці — вызначаная стратэгія развіцця, матываванасць на высокі вынік, камандная работа з улікам здольнасцей і магчымасцей кожнага ўдзельніка, творчы рост, сістэмнасць і комплексны падыход.

Сёння ў “Галерэі творцаў” мне прыемна павітаць апантаных аматараў і цудоўных майстроў мастацкага слова — выкладчыкаў, студэнтаў і выпускнікоў кафедры літаратуры.

Калі класіка ажывае

З “Паэтычным тэатрам на філалагічным” я пазнаёмілася падчас “Арт-вакацый — 2014”. На Віцебшчыне старт мерапрыемствам быў да­дзены ў ВДУ імя П.М.Машэрава, дзе студэнты на чале з маім былым аднагрупнікам, на той час кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Віталем Падстаўленкам прапанавалі да “Рэцытацыі” інтэрактыўную літаратурна-музычную кампазіцыю “Максім Багдановіч. Маладыя гады, маладыя жаданні”. Глядзела на адным дыханні, з нарастаючым адчуваннем натхнення ад сапраўднага адкрыцця. Самадзейныя сцэнарысты, рэжысёры і выканаўцы здолелі прафесійна сінтэзаваць паэзію і драматургію, сканцэнтраваць, па-майстэрску перадаць сваё ўспрыманне класікі ў мастацкай рэфлексіі на сучаснасць. Уразілі як сама паліфанічная, шматпланавая сцэнічная прастора, так і майстэрства кожнага лірычнага героя, чытальніка і акцёра ў адной асобе. Хаця па сутнасці гэта і не дзіўна: філалагічны факультэт апрыёры мае на ўвазе высокі ўзровень работы са словам. Міжволі прыгадалася сказанае калісьці пра Уладзіміра Яхантава, таленавітага творцу і знакавую асобу ў гісторыі станаўлення паэтычнага тэатра як мастацкай з’явы, крылатае мандэльштамаўскае: “Рухаецца ў слове, нібыта ў прасторы”. 

— Мы ставілі на мэце сучасную інтэрпрэтацыю творчасці Максіма Багдановіча, які быў бліскучым знаўцам сусветных мастацкіх традыцый і шчырым патрыётам нашай Бацькаўшчыны, — падкрэсліў тады Віталь Феліксавіч. — Адпаведна праз яркія прыклады з паэтычнай спадчыны пастараліся данесці ідэі, што чытаць класічныя творы вельмі важна, бо яны гавораць пра Чалавека, кожнага з нас і наша свабоднае, шчаслівае жыццё, дапамагаюць нам стаць лепшымі і больш аб’ектыўна зразумець саміх сябе. Ведаць Багдановіча — значыць, быць у трэндзе, гэта модна і заўсёды актуальна.

Загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч пра “Паэтычны тэатр на філалагічным”: “Адметны і надзвычай карысны вопыт — школа мастацкага майстэрства, моцны каталізатар творчай актыўнасці, самавыяўлення і развіцця, цікавая і эфектыўная мадэль кантакту з маладзёжнай аўдыторыяй у кантэксце літаратуразнаўства”.

Народжаны ў Сусветны дзень паэзіі

Першае выступленне тэатра выклікала ва ўніверсітэце сапраўдны фурор. Паказ па творах літаратурных класікаў савецкага перыяду, прымеркаваны да Сусветнага дня паэзіі 21 сакавіка, атрымаўся выдатным сюрпрызам для студэнтаў філфака. Іх выкладчыкі нечакана паўсталі ў новым амплуа: чыталі вершы, спявалі, танцавалі на сцэне — у тым ліку дэкан Сяргей Нікалаенка, якому, дарэчы, і належыць ідэя незвычайнай імпрэзы.

— Такая была задума Сяргея Уладзіміравіча: мы павінны задаць тон, паказаць студэнтам прык­лад, якімі шырокімі камунікатыўнымі магчымасцямі валодае паэтычны тэатр і наколькі сцэна ўзмацняе ўздзеянне верша, як праз даследаванне закладзеных у тэксце сэнсавых матываў, спасціжэнне, абагульненне аўтарскіх вобразаў і метафар, сцэнічнае ўвасабленне лірычнага героя можна не проста глыбока раскрыць (у некаторай ступені і зразумець) уласны ўнутраны свет, але і выклікаць сінергетычны водгук у гледачоў, эмацыя­нальна аб’яднаць усіх прысутных у адзіным суперажыванні, падтрымаць кожнага ў імкненні да пазнання, творчасці і ўдасканальвання, — патлумачыла мастацкі кіраўнік “Паэтычнага тэатра на філалагічным”, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Людміла Шаўцова. — Слова, тым больш слова паэтычнае, чалавечыя зносіны, асабістая камунікацыя — магутныя духоўныя дамінанты нашага жыцця, якія заўсёды былі і застаюцца вялікай каштоўнасцю. Каму проста неабходна ўмець кантактаваць у рабоце са словам, у сяброўстве, супрацоўніцтве і творчасці, як не філолагам?! Нагод у нас для гэтага дастаткова.

Асацыятыўнай архітэктонікай, сістэмай сродкаў выразнасці і структураўтваральных элементаў, спосабамі мадэлявання мастацкай рэчаіснасці дэбютная пастаноўка набліжалася да тэматычнай літаратурна-музычнай кампазіцыі — і ў той жа час практычна па ўсіх параметрах пераўзыходзіла яе межы. Бясспрэчнай знаходкай можна лічыць распрацаваны творчай групай арыгінальны сюжэт, што потым стала “іскрынкай” тэатра, яго візітнай карткай. З першага паказу выраслі наступныя, дзе поруч з педагогамі на сцэне пачалі выступаць студэнты. Так, у ходзе дэбюту аўдыторыя вельмі цёпла сустрэла аўтарскія выступленні выкладчыкаў — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, арганічна ўплеценыя ў агульнае мастацка-кампазіцыйнае палатно. Праз некаторы час з поспехам адбылася пастаноўка па творах выкладчыкаў і студэнтаў факультэта, якія ўваходзяць у розныя творчыя аб’яднанні.

Дэкан філфака ВДУ імя П.М.Машэрава, док­тар педагагічных навук, прафесар Сяргей Нікалаенка: “Падобная пераемнасць і цесная ўзаемазалежнасць традыцый і наватарскіх ідэй, фактаў, асоб і падзей у агульнай плыні развіцця характэрныя для ўсіх творчых аб’яднанняў і праектаў, што рэалізуюцца на факультэце. У прыватнасці, менавіта іх варта разглядаць як перадумову ўзнікнення “Паэтычнага тэатра на філалагічным”. Найперш у сувязі з гэтым мы гаворым пра Народны літаратурны музей нашага ўніверсітэта, работу якога курыруе кафедра літаратуры, а таксама вучэбна-навукова-вытворчы комплекс “Экслібрыс” і студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю “Тэорыя і практыка літаратурнай творчасці”.

Захавальнікі спадчыны, творцы будучыні

Народны літаратурны музей ВДУ імя П.М. Машэрава 12 красавіка адзначыў сваё 40-годдзе. У вобласці, а, магчыма, і ў рэспубліцы ён адзіны з літаратурных музеяў устаноў вышэйшай адукацыі, які мае ганаровае званне “народны”. І, несумненна, перад намі ўнікальная з’ява па значнасці і маштабах дзейнасці. Гэта аўтарытэтная і вядомая далёка за межамі рэгіёна навукова-адукацыйная і сацыяльна-культурная пляцоўка, дзе разгорнута работа ў напрамку патрыятычнага і эстэтычнага выхавання моладзі, папулярызацыі нацыянальнай літаратуры, захавання этнаграфічных і культурных традыцый, актывізацыі і далейшага развіцця мастацкіх здабыткаў Віцебшчыны. Колькасць экспанатаў на сёння набліжаецца да 1,3 тысячы, з іх 720 – у асноўным фондзе. Штогод музей прымае больш за тысячу экскурсантаў з Беларусі і краін замежжа, прычым іх геаграфія пастаянна пашыраецца: ад Расіі, Польшчы, Латвіі да Германіі, Францыі, Славакіі, Узбекістана, Туркменіі і Кітая. Міжнароднай вядомасці спрыяюць сумесныя праекты, кантакты з нацыянальнымі дыяспарамі і асабіста замежныя студэнты ВДУ: яны з цікавасцю наведваюць музей разам са сваімі куратарамі і знаёмымі.

— Наша спецыфіка ў тым, што музейныя плошчы і экспанаты эфектыўна задзейнічаны ў адукацыйным працэсе і творчых мерапрыемствах як універсітэта, так і ўстаноў агульнай і спецыяльнай сярэдняй адукацыі, — расказала кіраўнік музея, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Русілка. — На базе музея традыцыйна арганізоўваюцца экскурсіі і тэматычныя выставы, праводзяцца вучэбныя заняткі, патрыятычныя мерапрыемствы і акцыі, майстар-класы па беларускай літаратуры і методыцы яе выкладання, квесты і квізы, літаратурныя конкурсы і канферэнцыі, інтэлектуальныя гульні для старшакласнікаў, ладзяцца літаратурныя сустрэчы і чытанні, юбілейныя вечары і сустрэчы з пісьменнікамі, пасяджэнні школьных, гарадскіх і раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў, выконваюцца пошукавыя і даследчыя праекты па літаратуры Віцебшчыны – як правіла, напрацаваныя такім чынам даныя кладуцца ў аснову курсавых, дыпломных і магістарскіх работ, навуковых артыкулаў.

Музей актыўны ў медыяпрасторы: папулярнасцю карыстаюцца віртуальная экскурсія на аднайменнай старонцы сайта ўніверсітэта, работа і мерапрыемствы, якія праводзяцца, рэгулярна асвятляюцца ў публікацыях ўніверсітэцкай газеты “Мы і час”, абласнога і рэспубліканскага друку, спецыяльных выпусках інтэрнэт-тэлебачання ВДУ, праграмах абласнога тэлебачання. Матэрыялы музейных пошукаў выкарыстоўваліся пры распрацоўцы задання “Мастацкая рэпрэзентацыя маральна-духоўных асноў нацыянальнага характару ў сучаснай беларускай літаратуры” Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства” на 2016 – 2020 гады, якое выконвалася пад кіраўніцтвам Вольгі Русілкі.

Як бачна на прыкладзе літаратурнага музея, мэтавая аўдыторыя ініцыятыў і праграм філалагічнага факультэта не абмяжоўваецца студэнтамі і выкладчыкамі. Паказальны ў гэтым плане літаратурна-адукацыйны праект “Шматкроп’е”, які сабраў разам аматараў літаратурнага слова розных узростаў і ўзроўняў падрыхтоўкі: старшакласнікаў і студэнтаў філфака, педагогаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, культурных дзеячаў Віцебска, работнікаў бібліятэк. Рэалізуецца ён у рамках дзейнасці вучэбна-навукова-вытворчага комплексу “Экслібрыс”, адкрытага кафедрай літаратуры на базе Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Віцебска. Праект прадугледжвае шырокі спектр мерапрыемстваў, ад навучальных семінараў для настаўнікаў-прадметнікаў і кансультацый для маладых даследчыкаў, складання бібліяграфічных спісаў і відэатэк з экранізацыямі або тэатральнымі спектаклямі па літаратурных творах, прыкладных планаў пазакласных заняткаў па літаратуры, сцэнарыяў бібліятэчных мерапрыемстваў паводле біяграфіі і творчасці аўтара з іх наступным правядзеннем, падрыхтоўкі мультымедыйных прэзентацый, дакументальных фота- і відэаматэрыялаў да вывучэння не ўключаных у школьную праграму персаналій, малавядомых фактаў з жыцця і літаратурнай дзейнасці пісьменнікаў, вызначэння перспектыўнай тэматыкі даследаванняў (арыентаваных у тым ліку на моладзь – аўтараў школьных даследчых работ, студэнцкіх курсавых і дыпломных праектаў) і навукова-асветніцкіх сустрэч, дзе спікерамі выступаюць запрошаныя спецыялісты — літаратуразнаўцы, супрацоўнікі ЦБС, мастацтвазнаўцы, журналісты, выдаўцы. Вынікі сумеснай работы выкладваюцца на старонцы ва “УКантакце” і даступныя ўсім удзельнікам праекта.

Кіраўнік ВНВК “Экслібрыс” і студэнцкай літаратурнай гасцёўні “Радком нягучным …”, загадчык кафедры літаратуры кандыдат філалагічных навук, дацэнт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі Алена Крыклівец: “Неад’емнай часткай нашай вучэбна-метадычнай і выхаваўчай работы з’яўляецца работа з адоранай моладдзю. Многія нашы студэнты маюць схільнасці да літаратурнай творчасці, ім неабходна арганізаваць спрыяльную атмасферу для раскрыцця таленту, актыўнага далучэння да літаратурнай дзейнасці. На кафедры літаратуры створаны ўсе ўмовы длясістэмнага развіцця прафесійных, навуковых і творчых здольнасцей студэнтаў. Задача выкладчыцкага калектыву – падрыхтаваць спецыяліста, які ўмее арыентавацца ў сучаснай інфармацыйнай і навуковай прасторы, валодае камунікатыўным і эмацыянальным інтэлектам, дэманструе высокі ўзровень філалагічнай культуры. Абагульняючы вопыт, хачу зрабіць акцэнт на комплекснай мадэлі падрыхтоўкі і развіцця творчых здольнасцей будучых спецыялістаў з вышэйшай філалагічнай адукацыяй і маладых вучоных, што ўключае студэнцкі навуковы гурток “Спасцігаючы мастацкую рэальнасць” як школу літаратурнай крытыкі, вучэбна-навукова-вытворчы комплекс, літаратурную гасцёўню і паэтычны тэатр як практычныя пляцоўкі асветніцкай, метадычнай і навукова-даследчыцкай работы, павышэння прафесійных кампетэнцый і мастацкага майстэрства, народны літаратурны музей як магутную рэсурсную базу і навукова-эксперыментальная пляцоўку”  

Тэорыя майстэрства

У праекцыі на жыццё факультэта студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю “Тэорыя і практыка літаратурнай творчасці” можна ахарыктарызаваць як школу творцаў. Структурная частка лабараторыі — гурток “Спасцігаючы мастацкую рэальнасць” пад кіраўніцтвам Людмілы Шаўцовай – чацвёрты год працягвае і развівае традыцыю студэнцкіх навуковых аб’яднанняў, што пад рознымі назвамі ў ранейшы час існавалі пры кафедры. Студэнты вывучаюць і абмяркоўваюць канцэпцыі ў галіне літаратуразнаўства і фалькларыстыкі, збіраюць і аналізуюць літаратурныя факты з выкарыстаннем традыцыйных метадаў і сучасных ІТ-тэхналогій, практыкуюцца ў навыках філалагічнага аналізу і інтэрпрэтацыі тэкстаў. Упершыню ў рамках работы гуртка зададзены супастаўляльны пласт: міф – фальклор – літаратура – анімацыйныя і кінафільмы – анімацыйнае і кінамастацтва – тэатр, жывапіс — маладыя віды мастацтва, якія нарадзіліся ў XX стагоддзі.

— Візуальны пачатак дамінуе ва ўспрыманні сучаснікаў, і нараджаецца новая культурна-гістарычная парадыгма, — пракаменціравала Людміла Іванаўна. — Для будучага літаратуразнаўца важна мець дакладнае ўяўленне пра мастацкую дзейнасць ва ўсёй яе разнастайнасці, аднак не менш значным бачыцца аспект узнікнення, існавання міфаў і фальклору, як нацыянальных, так і замежных, іх пранікнення ў літаратуру —  і адпаведна асэнсаванне архетыпічных вобразаў, матываў, сімвалаў у творах мастацкай літаратуры, выяўленне інтэртэкстуальных сувязей. Зараз у літаратуразнаўстве актуалізаваліся інтэрмедыяльныя падыходы, што звязана з даследаваннем інтэрпрэтатарскай дзейнасці ў розных відах мастацтва. Візуальнае мастацтва актыўна звяртаецца да  міфалагічных, фальклорных і літаратурных сюжэтаў, момант інтэрпрэтацыі непазбежны – напрыклад, рэжысёрскай, акцёрскай, аператарскай. Слова сказанае, напісанае, візуалізаванае – якая іх спецыфіка? На грэбні навуковай хвалі знаходзяцца і дыскурсіўна-жанравыя аспекты даследавання мастацкай рэальнасці, ім таксама ўдзяляецца вялікая ўвага на пасяджэннях гуртка. Улічваючы набыты вопыт інтэртэкстуальнага і інтэрмедыяльнага аналізу, мы спасцігаем паняцці, звязаныя з рознымі дыскурсіўнымі мадэлямі выказванняў і камунікатыўнымі стратэгіямі мастацкага пісьма. Пасяджэнні праходзяць ва ўтульнай, амаль дамашняй атмасферы: звычайна пасля заняткаў збіраемся на кафедры за вялікім зялёным сталом, гатуем смачны чай (уваход з печывам!) – і “пераключаем рэальнасць”. Тэорыя, якой мы аперыруем, на першы погляд здаецца даволі складанай – так і ёсць, — але напрамкі даследавання найцікавейшыя і, як паказвае практыка, папулярныя ў маладзёжным асяроддзі. Красамоўны факт: сёлета да чатырнаццаці нашых студэнтаў — пастаянных удзельнікаў гуртка — далучыліся студэнты з факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій. Арыгінальная інтэрпрэтацыя адвечнага сюжэту пра “фізікаў” і “лірыкаў”!

Практыка творчасці

У 1995/1996 навучальным годзе пры кафедры літаратуры быў арганізаваны гурток “Народнай паэтычнай творчасці”, які пазней пераўтварыўся ў студэнцкую літаратурную гасцёўню “Радком нягучным…”. Першымі яе кіраўнікамі былі кандыдаты філалагічных навук дацэнты Валянціна Пак­лонская і Зоя Андрыянава. У складзе студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі літаратурная гасцёўня працуе з верасня 2015 года.

— Мы рэалізуем некалькі актуальных напрамкаў работы, — расказала Алена Крыклівец. — У першую чаргу назаву вучэбна-метадычны кірунак, звязаны з паспяховым праходжаннем студэнтамі гістарычна-літаратурных курсаў, фарміраваннем у іх навыкаў навуковага аналізу і ацэнкі літаратурна-мастацкіх твораў. Не менш важны і блізкі для ўдзельнікаў гасцёўні напрамак — грамад­ска і асабіста карысны, які мае на ўвазе знаёмства з сутнасцю, асаблівасцямі, ідэйна-маральным і эстэтычным значэннем мастацкай літаратуры, фарміраванне гуманітарнага мыслення і маўленчай культуры, імкнення да асобаснага і прафесійнага самавызначэння. І ў аснове асноў — творчасць, імкненне авалодаць таямніцамі мастацкага майстэрства.

Тэматычныя пасяджэнні літаратурнай гасцёўні, абмен меркаваннямі па навінках мастацкай літаратуры, актуальных пытаннях літаратуры і эстэтыкі, літаратурныя віктарыны, арганізацыя сустрэч з сучаснымі пісьменнікамі Віцебшчыны, творчых вечароў, літаратурных мерапрыемстваў рознага ўзроўню і фота-, відэасправаздач па іх выніках, падрыхтоўка і пастаноўка літаратурна-музычных кампазіцый, фестываль паэзіі, аўтарскай песні і тэатральнага майстэрства “Восеньская палітра” ў музеі-сядзібе І.Я.Рэпіна “Здраўнёва” (сумесны праект нашага факультэта і БРСМ), традыцыйныя паездкі па літаратурных мясцінах, выпуск насценгазеты, якая з цягам часу эвалюцыяніравала ў газету філалагічнага факультэта “Лесвіца”, выступ­ленні з чытаннем уласных твораў, падрыхтоўка іх да друку і, нарэшце, публікацыі ў газеце “Мы і час”, на інтэрнэт-рэсурсах, у гарадской і рэспубліканскай перыёдыцы, прэзентацыі чарговых калектыўных зборнікаў вершаў і прозы (якіх толькі за апошнія гады літаратурнае аб’яднанне падрыхтавала і выдала пяць), перамогі ў рэспубліканскіх творчых конкурсах (напрыклад, з 2012 года студэнты ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Аўтограф” і нязменна заваёўваюць дыпломы І і ІІ ступеняў) — усё гэта прываблівае моладзь, абуджае мноства цікавых ідэй і жаданне іх увасобіць.

Літаратурная гасцёўня мае цікавы вопыт работы з замежнымі студэнтамі. У 2010 годзе ўпершыню ў калектыўным зборніку “Прыдзвінскія зоры” былі прадстаўлены вершы студэнтаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі, напісаныя на рускай мове. Студэнты з КНР стараюцца спасцігнуць славянскую культуру, інтэгравацца ў іншакультурнае асяроддзе — і ў гэтым ім дапамагае ўдзел у студэнцкім літаратурным аб’яднанні. Вывучаючы рускую мову як замежную на філалагічным факультэце ВДУ, кітайскія студэнты не толькі засвойваюць граматычныя і лексічныя нормы, але і развіваюць свае творчыя здольнасці, пашыраюць філалагічны кругагляд. Характэрна, што пры гэтым маладыя аўтары застаюцца вернымі традыцыям кітайскай паэзіі, дэманструюць спецыфіку, уласцівую выключна кітайскай паэтычнай творчасці.

Прэм’еры і тэатральныя будні

“Паэтычны тэатр на філалагічным” заўсёды ў творчым пошуку. Студэнты разам з мастацкім кіраўніком складаюць рэпертуар і зацвярджа­юць яго на савеце факультэта, збіраюць і аналізуюць матэрыял, працуюць над сцэнарыем, вызнача­юць сцэнаграфію, медыя- і музычнае суправаджэнне, асноўных выканаўцаў і масоўку, мастацка-пастановачную і здымачную групы, рэпеціруюць, абмяркоўваюць прэм’еру, уносяць, калі неабходна, ка­рэктывы ў пастаноўку. Амаль усё як у прафесійным тэатры — ад літаратурнай і музычнай рэдакцый да рэжысёраў, аператараў, касцюмераў, асвятляльнікаў. Зладжана дзейнічаюць адміністратыўная, гаспадарчая і маркетынгавая часткі (між іншым, праграмы і рэкламныя буклеты маюць попыт), ёсць адказныя за сувязь са СМІ, размяшчэнне запісаў спектакляў на YouTube… Хіба што цякучасць кадраў даволі высокая, але не па волі кадраў — студэнцкая пара пралятае вока­мгненна. Узаемазамяняльнасць і спецыялізацыя, наадварот, вельмі шырокія: кожны можа паспрабаваць сябе ў новай ролі, неабавязкова акцёрскай. У скарбонцы тэатра з моманту заснавання назбіралася шмат метадычных напрацовак, творчых знаходак, арыгінальных рашэнняў і канцэпцый, цікавых сцэнарыяў. Многія з прэм’ер зараз успамінаюцца як падзеі ўніверсітэцкага і абласнога маштабу. Калі ж улічыць перамогі на “Арт-вакацыях” і ўдзел замежных студэнтаў — трэба сказаць пра пэўны рэспубліканскі і міжнародны рэзананс.

Большасць выступленняў прымеркавана да знамянальных дат, маштабных мерапрыемстваў і юбілеяў пісьменнікаў. Запамінальным атрымаўся спектакль да юбілею Сяргея Ясеніна. Сюжэт разгортваўся паводле яго біяграфіі, у храналагічным парадку. Праз творы, напісаныя паэтам у розныя перыяды жыцця, водгукі — амаль супрацьлеглыя — літаратурных крытыкаў, прыхільнікаў і антаганістаў, метафарычныя сэнсы, сканцэнтраваныя ў дзеянні, удала падабраныя харэаграфічныя і музычныя эпізоды акцёры паказалі эвалюцыю ўнутранага свету творцы. Са сцэны паўстаў майстар слова, яркая і неадназначная асоба, таленавіты чалавек, які ўпарта шукае сваё сапраўднае прызванне, радуецца, памыляецца, пакутуе, знаходзіць, пераконваецца і пераконвае — і глядач у нейкі момант пачынае спачуваць яму як блізка знаёмаму сучасніку, успрымае перажыванні лірычнага героя як свае асабістыя. Пошукі сцэнічнага ўвасаблення паэтычных твораў, аўтарскага стылю працягнуты ў спектаклі, прысвечаным сярэбранаму веку рускай паэзіі. Дзея адбывалася ў дэкарацыях знакамітага пецярбургскага кабарэ “Бадзяжны сабака”: у прысутнасці прызнаных мэтраў-сімвалістаў маладыя акмеісты і футурысты ўступілі ў паэтычны батл. Фінальную сцэну вырашана было перанесці ў сучаснасць: на сцэну са сваімі вершамі выйшлі маладыя паэты нашых дзён — удзельнікі літаратурнага аб’яднання “Радком нягучным…”. У юбілейным пушкінскім спектаклі сюжэт быў завязаны на студэнцкім жыцці: у інтэрнаце напярэдадні экзамену па спецкурсе, пасярод раскіданых кніг філфакавец ліхаманкава рыхтуецца: яму неабходна за ноч перачытаць усяго Пушкіна. Перыядычна малады чалавек засынае і ў сне трапляе ў якасці гледача ці непасрэднага ўдзельніка ў сцэны з “Прарока”, “Пікавай дамы”, “Дуброўскага”… На завяршэнне — сцэна на экзамене, дзе вынаходлівыя студэнты чытаюць вершы, танцуюць, спяваюць, а шакіраваны творчым падыходам выкладчык выстаўляе ўсім добрыя адзнакі.

Агульны плён

Нярэдка здараецца, што ў тэатралізаваных мерапрыемствах філолагаў разам са студэнтамі і выкладчыкамі ўдзельнічаюць школьныя настаўнікі, кіраўніцтва ўніверсітэта. Да стварэння спектакляў перыядычна далучаюцца ўсе кафедры факультэта. Пад куратарствам кафедр германскай філалогіі і сусветных моў ладзяцца калядныя спектаклі на нямецкай мове, на якія традыцыйна запрашаюць педагогаў і навучэнцаў з Оршы.

— Двое маіх калег, якія выкладаюць замежную мову ў нашай установе адукацыі, — выпускнікі філфака ВДУ імя П.М.Машэрава, я сама таксама выпускніца 2000 года, многія мае аднакурснікі зараз працуюць на родным факультэце. Нас штогод клічуць у Віцебск. Папярэдне ў школе мы з дзецьмі рыхтуем, па дамоўленасці з універсітэтам, асобныя сцэны, якія потым ўстаўляюцца ў агульны спектакль. Сувязь з альма-матар з гадамі толькі мацнее, — падзялілася настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 20 Оршы Ірына Белякова. — У мінулым снежні было прыемна атрымаць чарговае запрашэнне паўдзельнічаць у каляднай імпрэзе ўжо не ад выкладчыкаў, а ад сваіх былых выпускнікоў — цяпер студэнтаў 2 і 3 курсаў філалагічнага факультэта, якія арганізоўвалі мерапрыемства. Яны адразу знайшлі кантакт з нашымі навучэнцамі. Лепшую прафарыентацыйную мадэль цяжка прыдумаць! У рамках рэалізацыі ініцыятывы “Школы — партнёры будучыні” мы цесна супрацоўнічаем з Інстытутам Гётэ, таму ёсць традыцыя: у ВДУ звычайна прыязджаем разам з валанцёрамі. На гэты раз з намі была Элізабет Шыле, студэнтам было карысна і цікава пагутарыць з носьбітам мовы. 

Сяргей Лапуноў, старшы выкладчык кафедры літаратуры, удзельнік пастановак: “Шчыра пры­знаюся: спачатку поспех паэтычнага тэатра як арганізаванага па ініцыятыве “зверху” студэнцкага праекта выклікаў у мяне, мякка кажучы, вялікія сумненні. Вопыт удзелу ў некалькіх пастаноўках толькі пацвярджае: калі спектакль зроблены не на “адчапіся”, гледачамі ён заўсёды сустракаецца на ўра. Асабіста для мяне першым такім адкрыццём стала рэакцыя залы на пастаноўку “Рэквіем”.

Сяргей Леановіч, студэнт 5 курса філалагічнага факультэта: “Наш паэтычны тэатр мае сапраўды важнае значэнне, як мінімум у межах універсі­тэта. Кожны раз, выступаючы на сцэне, студэнты паказваюць гісторыю і літаратуру ў крыху іншым ключы, больш цікавым для сучаснай моладзі. Такім чынам нам удаецца падштурхнуць гледачоў да вывучэння нашай культуры, гісторыі, літаратуры. Мы матывуем да самаразвіцця”.

Еўдакім Гірдзюк, студэнт 3 курса філалагічнага факультэта: “Уплыў тэатр аказвае непасрэдны і моцны (асабліва калі знаходзішся ў яго ўнутранай рэчаіснасці). Цікава глядзець на яго і звонку — гледачом. Моцныя ўражанні, цёплыя ўспаміны застаюцца пасля пражытых на сцэне жыццяў. І на душы — светла. І нараджаюцца думкі…”.

Два гады назад падчас сумеснай патрыятычнай акцыі філалагічнага факультэта, раённай адміністрацыі і абласнога Савета дэпутатаў да 9 мая прачытаць вершы паэтаў-франтавікоў выйшлі апранутыя ў ваенную форму студэнты — усе без выключэння хлопцы філфака, каля 50 чалавек, а ра­зам з імі выкладчыкі на чале з дэканам, цяперашні рэктар ВДУ, доктар эканамічных навук, прафесар Валянціна Багатырова, старшыня адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Мікалай Арлоў і кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Ула­дзімір Цярэнцьеў. Цудоўныя спектаклі падрыхтаваны паводле твораў беларускай літаратуры — з іх асабіста мне найбольш запомніліся спектакль, прысвечаны Ула­дзіміру Караткевічу, “Тарас на шостым паверсе” (інтэрпрэтацыя класічнай паэмы Канстанціна Вераніцына на сучасны лад: на шостым, самым высокім ва ўніверсітэце, паверсе размяшчаецца факультэт, куды і трапляе галоўны герой), іскрамётная “Паўлінка на новы лад” і спектакль-калаж па матывах камедыі Уладзіміра Бутраме­ева “Новыя прыгоды Несцеркі” (абедзве пастаноўкі на беларускай мове з удзелам туркменскіх студэнтаў). Назаву яшчэ адзін спектакль — “Свет са светам судакранаюцца”, які я вынесла ў загаловак. Гледачы “Паэтычнага тэатра на філалагічным” у свой час прыхільна прынялі пастаноўку пра ўнутраную барацьбу паэта, перад якім стаіць нялёгкі выбар:

з аднаго боку, слава, грошы і дабрабыт, з другога — магчымасць захаваць свае вершы ў першапачатковым выглядзе і не згубіць сябе. Мне ж у выбранай назве бачыцца ўдалая метафара на дзейнасць усіх літаратурна-творчых аб’яднанняў факультэта: гэта, зноў звяртаючыся да класікі, зусім не “паралельныя светы” — наадварот, іх нельга ўявіць паасобку, яны знітаваны ў прасторы і часе, і дасягнутыя поспехі — калектыўны плён, і планы на перспектыву — сумесныя. Няхай яны абавязкова здзейсняцца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена кафедрай літаратуры філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава.