Свята расійскіх нацыянальных культур пройдзе ў Мінску

Дзень шматнацыянальнай Расіі адзначаюць сёння, 9 чэрвеня, у Мінску, паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама.

Свята пройдзе з 13.00 да 23.00 на тэрыторыі Верхняга горада. Праграма мерапрыемства ўключае канцэрт творчых калектываў грамадскіх аб’яднанняў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і Каардынацыйнага савета кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў, а таксама шматлікіх гасцей з Расіі. Будуць працаваць тэматычныя зоны — дзіцячая пляцоўка “Палессе”, “Русь казачная”, “Давайце спяём!”, “Спартыўная пляцоўка”, “Горад майстроў”, “Татарскі шацёр”, “Сардэчна запрашаем!”, “Вясёлка густу”, “Палявая кухня”, “Выстава расійскага аўтапрама”, “Летні кінатэатр”, “Эх, пракачу!”, “Перагортваючы старонкі гісторыі”, “Палітра касцюмаў”, “У Расію! У госці!” і “Краса Расіі”.

Выставы і майстар-класы прадставяць умельцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па такіх відах народных рамёстваў, як кераміка, ганчарства, вязанне, мастацкая апрацоўка бяросты, коўка, ткацтва паясоў на дошчачках, вышыўка, пляценне з саломы і лазы. Выставамі традыцыйнай народнай культуры і нацыянальных строяў парадуюць прадстаўнікі татара-башкірскай, чувашскай, рускай і дагестанскай дыяспар. Будзе арганізавана фотазона. Таксама можна будзе прадэгуставаць шматнацыянальную кухню Расіі.

На галоўнай сцэне выступяць хор рускай песні імя А.Нікіцінай, танцавальны ансамбль “Легенды Каўказа”, фальклорны татара-башкірскі ансамбль “Лейсян”, чувашскі вакальна-інструментальны ансамбль “Хамар-Ял”, танцавальны калектыў “Рускія ўзоры” (Пскоў), ансамбль народнай музыкі “Ватага” (Бранск), ансамбль танца “Валжанка” (Яраслаўль), вакальная група “Рэтра-Хіт” і музычны калектыў “Маэстра” (Санкт-Пецярбург), а таксама ансамбль “Казачы курэнь” (Валгаград).

Арганізатарамі свята выступаюць Мінгарвыканкам, Каардынацыйны савет кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў, Пасольства Расіі і прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *