Свята творчасці ў Міжнародны дзень абароны дзяцей

- 16:48Нам пішуць, Рознае

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у Магілёўскім музеі імя П.В.Масленікава ўрачыста адкрылася выстава выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці юных мастакоў сярэдняй школы № 2 Магілёва. Гэтая падзея стала працягам добрай традыцыі нашай школы і адмысловым прафесійным святам нашых дзевяцікласнікаў. На працягу 5-ці гадоў нашы юныя мастакі цярпліва спасцігалі “азы” мастацкай граматы, вывучаючы такія прадметы, як малюнак, жывапіс, кампазіцыя, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І на гэты раз старшакласнікі на правах мастакоў прапанавалі ўвазе гараджан свае выніковыя творчыя работы.

Асабліва хвалюючым момантам было, вядома ж, уручэнне дыпломаў ва ўрачыстай атмасферы музея. За актыўную творчую пазіцыю за перыяд навучання ў сярэдняй школе № 2 былі ўзнагароджаны навучэнцы: Лізавета Лашкова, Паліна Іванова, Ян Патанер, Лізавета Кірылава, Аляксандра Новікава, Алёна Тарасава, Мацвей Доўгі, Анастасія Сідарэнка.

І нарэшце выстава адкрыта! Эмацыйная, маляўнічая, хвалюючая шчырым дзіцячым успрыманнем навакольнага свету, чыстай фантазіяй — такой раскрылася яна перад гледачамі.

Штогадовыя выставы творчых работ паказваюць, што заняткі выяўленчым мастацтвам робяць хлопцаў і дзяўчат духоўна багацейшымі. Гэта выдатна разумеюць і самі выпускнікі.

Мы ўсе хочам, каб нашы дзеці, незалежна ад абранай імі прафесіі, заўсёды маглі бачыць прыгажосць навакольнага свету, ствараць прыгожае там, дзе яго так не хапае, тым самым уносячы мір і гармонію ў чалавечыя адносіны.

Л.ЯКАЎЛЕВА,
настаўніца выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сярэдняй школы № 2 Магілёва.