Свята ў падарунак

- 12:39Нашы дзеці

Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” працягваецца. На электронную пошту “Настаўніцкай газеты” прыходзіць шмат лістоў, у якіх расказваецца пра мерапрыемствы і цікавыя падзеі, якія адбываюцца ва ўстановах адукацыі нашай краіны.

Піянеры атрада “Задорны”, члены БРСМ гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы і навучэнцы Навадворскай сярэдняй школы ўзялі ўдзел у раённых акцыях “Дзень дабра” і “Цуды на Каляды”, якія рэалізавалі для выхаванцаў раённага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. На свята “Цуды каля ёлачкі” да выхаванцаў цэнтра завіталі старшыня Свіслацкага райвыканкама В.С.Анішчык, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Л.Р.Буяк, якія ўручылі дзецям навагоднія падарункі, Свіслацкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў і Гродзенскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру падарылі дзецям развіццёвыя гульні, а супрацоўнікі цэнтральнай раённай аптэкі № 11 у рамках акцыі “Ёлка здароўя” ў якасці падарунка прынеслі вітаміны.

Ірына БАРЭЛЬ,
сацыяльны педагог ЦКРНіР Свіслацкага раёна.
Фота аўтара.

Свята ў падарунак

- 12:47Навіны рэгіёнаў

“Добры дзень, школьная пара!” — так гучна і радасна разам прывіталі новы навучальны год дзеці ў Мядзелі. Яркае, вясёлае масавае свята пад такой назвай прайшло ў горадзе.

Гэтае свята — своеасаблівы падарунак дзецям да Дня ведаў, каб малыя радасна развіталіся з летам і з добрым настроем прыйшлі ў школы і дзіцячыя садкі. “Ідэя менавіта так сустракаць хлопчыкаў і дзяўчынак пасля канікулаў нарадзілася тры гады назад, — расказвае Ларыса Віктараўна Севярын, метадыст раённага метадычнага кабінета, — і вось ўжо трэці раз гэтае мерапрыемства ўзбадзёрвае наш горад напярэдадні навучальнага года. Мы, педагогі, рады дарыць сваю любоў, сардэчнасць, крэатыў сваім маленькім выхаванцам. Дзецям такая ідэя прыйшлася вельмі даспадобы”. На цэнтральнай гарадской плошчы з самага ранку гучалі школьныя мелодыі і дзіцячыя песні. Напяваючы іх, сюды спяшаліся вучні рознага ўзросту. Старшакласнікі прыходзілі разам з сябрамі, вучні малодшых класаў — з мамамі і татамі, бабулямі і дзядулямі. Актыўнымі ўдзельнікамі свята сталі і гарэзы дашкаляты. Разам з дзецьмі радасныя моманты раздзялілі настаўнікі, выхавальнікі, супрацоўнікі аддзела адукацыі.
Тут знайшлося месца для розных разваг — творчых і спартыўных. Сустракалі і забаўлялі гасцей свята любімыя дзецьмі героі казак і мультфільмаў — Карлсан, Пэпі Доўгаяпанчоха, жыхары Прастаквашына. Цудоўны настрой стваралі лепшыя выканаўцы і танцавальныя калектывы навучальных устаноў Мядзела ў канцэртнай праграме “Таленты нашага горада”. Побач размясціўся подыум, дзе праходзіла фэшн-шоу “Школьны сезон. Выдатны фасон!” — дзеці дэманстравалі камплекты школьнай формы. Асабліва горача публіка сустракала самых маленькіх мадэлей — першакласнікаў.
Размясціліся на плошчы і спартыўныя пляцоўкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў майстэрстве катання на ролікавых каньках, скейтбордах, веласіпедах, удзельнічалі ў эстафеце. Адбыўся і чэмпіянат па гонках на аўтамабілях, які не пакінуў абыякавым ніводнага хлопчыка. Кожны, незалежна ад узросту, мог стаць гоншчыкам, для якога няма абмежаванняў хуткасці. Праўда, машыны ў гонках удзельнічалі не сапраўдныя, а радыёкіруемыя.
Шматлюдна было і на пляцоўцы “Вас запрашае Турландыя”, дзе была арганізавана міні-паласа перашкод. Тыя, для каго лета было турыстычным і паходным, маглі прадэманстраваць свае навыкі. Тыя ж, хто ў паходах не пабываў, мелі магчымасць патрэніравацца і адчуць сябе турыстам, не пакідаючы горада. Госці турыстычнай пляцоўкі пераадольвалі пераправу, “маятнік”, ставілі палатку, збіралі паходны рукзак.
Падрыхтавацца да новага навучальнага года на свяце можна было не толькі эмацыянальна. Для школьнікаў і іх бацькоў працавалі гандлёвыя пункты, дзе можна было купіць школьныя прылады. А тыя, чый партфель ужо быў напоўнены дасканала, маглі паласавацца салодкімі пачастункамі. Завяршылася гарадское свята дыскатэкай.
Удзел у мерапрыемстве ўзялі каля 700 хлопчыкаў і дзяўчынак — навучэнцы трох школ Мядзела і трох дашкольных устаноў. Кожнае дзіця атрымала зарад бадзёрасці і энергіі, якія спатрэбяцца падчас засваення ведаў на працягу навучальнага года.

Дар’я РЭВА.