Свята з “НАСТАЎНІЦКАЙ”

- 14:16Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Напярэдадні прафесійнага свята настаўніцтва Міншчыны атрымала шыкоўны “інфармацыйны падарунак”: у рамках праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” у сталічнай вобласці адкрыўся карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай газеты”. Шматгадовае і плённае творчае супрацоўніцтва рэдакцыі і ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама лагічна завяршылася адкрыццём на Міншчыне паўнавартаснага інфармацыйнага штаба.

Заўчора настаўнікі Мінскай вобласці адклалі ўбок сшыткі і журналы. Замест школьнага званка слухалі звонкія спевы, замест указак трымалі ў руках кветкі, а сур’ёзнасць і засяроджанасць змянілі на вясёлыя ўсмешкі. Педагогі Міншчыны прыехалі ў Жодзіна на абласное свята, прысвечанае Дню настаўніка.
Жодзіна сустракала педагогаў урачыста. Атмасферу свята на пляцоўцы перад Палацам культуры стваралі ўзорны духавы аркестр і танцавальны калектыў “Мажарэткі” сярэдняй школы № 5 Жодзіна. У фае музычна-віншавальную эстафету падхапілі ансамбль скрыпачоў Жодзінскай дзіцячай школы мастацтваў і ўзорны калектыў “Папараць-кветка” Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці.
У гарадскім парку сямейнага дабрабыту працавалі творчыя пляцоўкі, падрыхтаваныя ўстановамі адукацыі Жодзіна. Госці свята маглі сфатаграфавацца ў касцюме з восеньскага лісця на пляцоўцы “Фотастудыя” (сярэдняя школа № 4), папрасіць мастака намаляваць свой партрэт на пляцоўцы “Партрэтная галерэя” (сярэдняя школа № 8), наведаць пляцоўку “Кавярня” (Цэнтральная гарадская бібліятэка), пазнаёміцца з сямейнымі дрэвамі, створанымі навучэнцамі сярэдняй школы № 8 на пляцоўцы “Сямейныя радаводы”.
Каб настаўнікі не сумавалі да пачатку асноўных мерапрыемстваў, для іх быў арганізаваны флэш-моб КВЗ “Педагагічны марафон”: свае выступленні дэманстравалі каманды педагогаў са Стоўбцаў, Лагойска, Нясвіжа, Капыля і Старых Дарог. Можна было паглядзець галерэю карцін педагогаў і навучэнцаў Салігорска і выстаўку кветкавых кампазіцый, створаных жодзінскімі педагогамі. Кветкі ў падарунак атрымаў кожны, хто прыехаў на свята, — педагогам уручылі вытанчаныя бутаньеркі, якія стварылі навучэнцы экалагічных цэнтраў Міншчыны, і віншавальныя паштоўкі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама і ад “Настаўніцкай газеты”.
Пасля на сцэне Палаца культуры Беларускага аўтамабільнага завода разгарнулася яскравае віншавальнае шоу. Па добрай традыцыі “Настаўніцкая” сабрала сваіх даўніх творчых сяброў — педагогаў і навучэнцаў з розных куткоў Беларусі, удзельнікаў разнастайных праектаў, а таксама зорак беларускай эстрады.
Па даручэнні губернатара Мінскай вобласці Сямёна Шапіры начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Руслан Трухан павіншаваў педагогаў рэгіёна з прафесійным святам: “Дзякуем вам, паважаныя педагогі, за высокі прафесіяналізм, адданасць сваёй справе, актыўнасць, здольнасць разумець дзіцячыя радасці і перажыванні. Мы верым, што вы захаваеце ўсё добрае, што ўласціва педагогу: шчодрасць душы, цярплівасць, настойлівасць, чуласць. Жадаем здароўя, дабрабыту. Хай вучні як мага часцей радуюць педагогаў сваімі поспехамі і дасягненнямі”.
“Сёння сістэма адукацыі Міншчыны развіваецца паспяхова, хуткімі тэмпамі. Вялікі ўклад у гэта зрабіў кожны педагагічны работнік, а іх у вобласці амаль 30 тысяч”, — адзначыла, віншуючы педагогаў прысталічча, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак.
Падчас урачыстасці былі адзначаны лепшыя педагогі Міншчыны. Падзякі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта атрымалі настаўніца фізікі гімназіі № 3 Салігорска Валянціна Карповіч, настаўніца хіміі гімназіі № 7 Маладзечна Наталля Пашчук і дырэктар Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Людміла Музычэнка, а настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Жодзіна Ірына Пічугіна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 7 Маладзечна Таццяна Радкевіч,2 дырэктар сярэдняй школы № 3 Старых Дарог Віктар Шумскі за шматгадовую выніковую работу па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў, прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё адукацыі вобласці былі ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. Таксама шэраг работнікаў сістэмы адукацыі атрымалі ўзнагароды Міністэрства адукацыі і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
“Кожная ўзнагарода ў некаторай ступені — ацэнка тваёй працы, — адзначыла ў размове з нашым карэспандэнтам уладальніца нагруднага знака “Выдатнік адукацыі” Таццяна Радкевіч, — а яшчэ гэта штуршок да новай працы, да таго, каб няўрымслівасць твая не скончылася, каб было жаданне працаваць з тваімі выхаванцамі, глядзець у іх цікаўныя вочы і атрымліваць асалоду ад гэтага”.
Стартавала канцэртная частка з феерычнага вакальна-харэаграфічнага дывертысмента “Притяжение земли”, які быў спецыяльна падрыхтаваны да свята настаўнікаў: вакальны ансамбль “Смехапад” сярэдняй школы № 8 Слуцка і ўзорныя танцавальныя калектывы “Экшн” з Петрыкава і “Драйв” з Хойнікаў далі дынамічны імпульс для ўсяго шоу.
4У жодзінскім канцэрце на адну сцэну выйшлі ўдзельнікі інфармацыйна-рэкламных акцый, якія “Настаўніцкая газета” ладзіла ў розных рэгіёнах Беларусі. На сцэне спявалі спецыяліст Цэнтра культуры “Меліяратар” Хойнікаў Гомельскай вобласці Марыя Дубінко, настаўніца французскай мовы сярэдняй школы № 1 Дуброўна Віцебскай вобласці Вольга Малец, курсант Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Артур Куцко, якога “Настаўніцкая” заўважыла ў Пінску Брэсцкай вобласці.
Гледачоў уразіла вытанчанае шоу слонімскіх педагогаў — трыа “Візаві”, радавалі цудоўнымі галасамі выпускнікі творчага праекта па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца”, які вось ужо пяты год ладзіць “Настаўніцкая газета”, навучэнка сярэдняй школы № 8 Слоніма Караліна Богдан і Наталля Юрчанка са Слаўгарада, якая зараз з’яўляецца студэнткай Гомельскага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага.
Заводзілі залу эмацыянальныя рознастылёвыя кампазіцыі, якія выконвалі юныя танцоры: “Лірычная”, “Кацюша” і ўсходні танец хойніцкага ансамбля “Драйв” (кіраўнік Алена Ляснічая), “Лявоніха”, “Смуглянка” і “Барыня” петрыкаўскага калектыву “Экшн” (кіраўнік Ірына Буднік). IMG_9Прысутных уразіла арганічнасць і зладжанасць сумеснай работы калектываў з вакалістамі з іншых рэгіёнаў. У прыватнасці, ніхто не заўважыў, што выканаўца вакальнай партыі “Барыні” Лізавета Андрэева са Слуцка першы раз сустрэлася з танцорамі толькі падчас зводнай рэпетыцыі ў дзень правядзення канцэрта.
Як заўсёды, цудоўна выглядалі на сцэне салісты вакальнай групы заслужанага аматарскага калектыву тэатра-студыі “Вясёлка” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія падрыхтавалі новыя нумары спецыяльна для гэтага канцэрта.
Вельмі ўдала на канцэрце выступіла фіналістка тэлепраекта “Поющие города — 2” выхаванка тэатра песні “Мілана” Маладзёжнага цэнтра Жодзіна Юлія Фомкіна.
Авацыямі і кветкамі віталі гледачы даўняга сябра “Настаўніцкай газеты”, спевака, кампазітара, паэта і, дарэчы, цудоўнага педагога Пятра Ялфімава. А заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева прадставіла частку новай праграмы “Шчасце маё”, якую яна рыхтуе разам з вакалістамі “Звонкай раніцы”: юнакі і дзяўчаты выконвалі песні з яе рэпертуару, 7Іна спявала ў дуэце з Вадзімам Лукашэвічам (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў) і Вольгай Шамархан (Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў), нікога не пакінуў раўнадушным і чароўны голас прымы беларускай эстрады, якая выканала таксама некалькі сольных песень.
Традыцыйным падчас такіх мерапрыемстваў стала ўручэнне каштоўных падарункаў рэгіёнам, якія падтрымліваюць найбольш цесную сувязь з “Настаўніцкай газетай” і з’яўляюцца яе пастаяннымі чытачамі. На гэты раз камплект школьнай мэблі ад установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” быў перададзены Маладзечанскаму раёну. На сцэне была раскрыта і галоўная інтрыга: для калектыву сярэдняй школы № 11 Маладзечна — а менавіта туды адправяцца новыя парты і шафы — падарунак стаў абсалютнай нечаканасцю.
Свята завершана, але наперадзе нас чакае плённае супрацоўніцтва: сістэма адукацыі Мінскай вобласці будзе яшчэ больш поўна прадстаўлена на старонках нашага выдання, “Настаўніцкая газета” стане яшчэ бліжэй да педагогаў Міншчыны, а педагагічная грамадскасць краіны будзе аператыўна даведвацца пра тыя падзеі, якія адбываюцца ва ўстановах адукацыі гэтага рэгіёна.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ, Дар’я РЭВА.
Фота Дар’і РЭВА і Марыны ПЫРКОВАЙ.