Беларусы Латвіі наведалі БДПУ імя Максіма Танка
Дэлегацыя Саюза беларусаў Латвіі наведала факультэт эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка ў рамках візіту ў Рэспубліку Беларусь, прымеркаванага да Дня народнага адзінства.
Дэлегацыя з 24 прадстаўнікоў на чале са старшынёй Саюза беларусаў Латвіі кіраўніком Рыжскага беларускага таварыства “Прамень” Аленай Лазаравай пабывала на экскурсіі “БДПУ — тут пачынаецца будучыня”.
З прывітальным словам выступіў прарэктар па вучэбнай рабоце ўніверсітэта Аляксандр Васільевіч Макоўчык: “Нашы адносіны бяруць пачатак у 2016 годзе, калі дэлегацыя ўніверсітэта, у тым ліку кіраўніцтва, наведала Рыгу і пазнаёмілася з дзейнасцю Саюза беларусаў Латвіі. У 2017 годзе мы фармалізавалі нашы адносіны: у сценах універсітэта падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве ў навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах. З’явіліся і першыя вынікі сумеснай работы. У 2019 годзе ва ўніверсітэце прайшлі стажыроўку 19 педагогаў з горада Рэзэкнэ па тэме, звязанай з карэкцыйнай работай з дзецьмі з АПФР. Ёсць дасягненні і ў кірунку перападрыхтоўкі, у рамках бакалаў-рыяту і магістратуры. Ва ўніверсітэце вучацца маладыя людзі з латвійскіх школ, і гэта вынік прафарыентацыйнай работы Саюза беларусаў Латвіі. Спадзяёмся, што вельмі блізкія і цёплыя адносіны з латвійцамі і надалей будуць развівацца і паглыбляцца. Сёння наш універсітэт падтрымлівае добрасуседскія адносіны з Расіяй, Украінай, Літвой, КНР і г.д. Перспектыву мы бачым у развіцці экспарту адукацыйных паслуг, а менавіта ў рэалізацыі ўніверсітэцкіх праектаў на англійскай мове. У гэтым годзе, напрыклад, адкрываем 4 англамоўныя прафілізацыі. Ужо набраны студэнты на ІІ ступень атрымання вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка навучання і выхавання”. Упэўнены, што цікавасць да нашых адукацыйных праграм з’явіцца не толькі ў этнічных беларусаў, якія пражываюць за мяжой, але і ў грамадзян іншых краін”.
Старшыня Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава выказала самыя шчырыя пажаданні ад беларусаў Латвіі і словы падзякі: “Мы забяром з сабой часцінку вашага цяпла, таго святла і натхнення, якія дорыць беларуская зямля”. Алена Лазарава перадала кіраўніцтву ўніверсітэта памятны падарунак ад сваёй арганізацыі з пажаданнем дабрабыту, міру і працвітання, і выказала ўпэўненасць у больш цесным супрацоўніцтве з універсітэтам.
Аб магчымасцях супрацоўніцтва з латвійскім бокам расказала дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Святлана Міхайлаўна Кабачэўская. Яна нагадала, што ўніверсітэт стаў суарганізатарам конкурсу даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць” (яго анонс быў размешчаны ў газеце беларусаў Латвіі “Прамень”). Лепшыя работы конкурсу, па прапанове рэктара ўніверсітэта А.І.Жука, былі апублікаваны ва ўніверсітэцкай газеце “Настаўнік”. Узаема-дзеянне ўніверсітэта з беларускай дыяс-парай ажыццяўлялася пры ўдзеле дырэктара грамадскага аб’яднання па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Ра-дзіма” Максіма Уладзіміравіча Дубянка. Гэтая падзея стала стартам у развіцці доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж вядучым педагагічным універсітэтам краіны і Саюзам беларусаў Латвіі. Факультэт эстэтычнай адукацыі за апошнія гады стаў пляцоўкай міжкультурных камунікацый. Сёлета выпускніцай факультэта стала прадстаўніца Латвіі Дар’я Смалянінава. Зыходным пунктам для атрымання будучай прафесіі ў сферы мастацкай адукацыі для яе стаў удзел у летняй школе, арганізаванай на базе факультэта.
“У маі 2019 года на факультэце эстэтычнай адукацыі стартаваў Міжнародны вакальна-харавы фестываль-конкурс “Песні, абпаленыя вайной”. Ансамбль беларускай песні “Ляляк” таварыства беларусаў Латвіі “Прамень” (Рыга) таксама не застаўся ў баку ад гэтай па-дзеі, — падкрэсліла Святлана Міхайлаўна. — Невыпадкова сёння гасцей факультэта вітаў народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Ярыца” (мастацкі кіраўнік — лаўрэат міжнародных конкурсаў дацэнт кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Аляксандр Шугаеў). За 30 гадоў існавання калектыў аб’ехаў паўсвету. За апошнія гады “Ярыца” стала лаўрэатам і дыпламантам фестываляў і конкурсаў у Польшчы, Італіі, Тыдня беларускай культуры ў Латвіі, Сербіі. Удзельнікаў сустрэчы вітаў яшчэ адзін калектыў — народны ансамбль цымбалістаў “Вярба” (мастацкі кіраўнік — Вольга Андрыенка). З моманту яго стварэння прайшло больш як чатыры дзесяцігоддзі. Ансамбль пастаянна прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і конкурсах”. Святлана Міхайлаўна запрасіла гасцей далучыцца да зімовай майстэрні “Беларускія ўзоры”, якая арганізуецца ўніверсітэтам на платнай аснове на факультэце эстэтычнай адукацыі. На 10 дзён удзельнікі зімовай праграмы акунуцца ў атмасферу майстэрні па вывучэнні беларускіх народных рамёстваў і беларускай харэаграфіі. Сваімі рукамі яны зро-бяць лялькі-абярэгі, створаць свой ручнік на ткацкім станку, спасціг-нуць асновы стварэння гліняных вырабаў і работы на ганчарным крузе, вывучаць беларускі танец і беларускія народныя песні, звяжуць з “золата палёў” (саломкі) сняжынку, вывучаць асновы рускай мовы як замежнай і пазнаёмяцца са славутасцямі Беларусі.
Латвійскіх сяброў вітала дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Ірына Уладзіміраўна Шасцітка. Яна расказала аб магчымасцях арганізацыі стажыровак, падкрэсліўшы, што сяброўства з калегамі з Латвіі пачалося з першай сустрэчы і павінна працягнуцца, у тым ліку дыстанцыйна, праз анлайн-сустрэчы, сацыяль-ныя сеткі.
Замежныя госці наведалі Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ, пазнаёміліся з работай ганчарнай майстэрні факультэта эстэтычнай адукацыі. Працэс навучання мастацтву керамікі тут будуецца на ўзнаўленні гісторыі развіцця керамічнай вытворчасці з найстаражытных часоў да нашых дзён. У майстэрнях народных рамёстваў былі прадстаўлены вырабы з саломкі, калекцыя самаробных лялек у беларускіх гістарычных касцюмах. У майстэрні скуры, тэкстылю і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўвагу гасцей прыцягнулі ткацкія вырабы. Лепшыя творчыя работы студэнтаў упрыгожылі выставу народных рамёстваў. Завяршыў цёплую сустрэчу сяброў сумесны майстар-клас па стварэнні лялек-абярэгаў.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.