Сям’я = бяспека?

- 15:00Сацыяльны ракурс

Нярэдка бачу на інтэрнэт-форумах разважанні, меркаванні, ды што там, гарачыя спрэчкі на тэму таго, ці можна прымяняць фізічныя метады выхавання ў сям’і. Шчыра скажу, бываю вельмі здзіўлена, колькі прыхільнікаў такіх метадаў сустракаецца на рускамоўнай інтэрнэт-прасторы. Прычым некаторыя шчыра — праўда, ананімна — прызнаюцца, што прымяняюць літаральна “выхаванне папругай”.

Сведкі, ахвяры, злачынцы

Як тлумачаць сваю пазіцыю прыхільнікі названых поглядаў? А проста. Маўляў, мяне бацька ў дзяцінстве лупцаваў, і нічога, нармальным чалавекам вырас. Наконт таго, наколькі нармальным, можна паспрачацца, а вось наконт таго, што папруга — лепшы сродак выхавання, здаецца, і спрачацца не трэба. Тым не менш ёсць у нас і такія заўзятыя “выхавальнікі”, для якіх сіла — лепшы аргумент. Настаўнікі, супрацоўнікі сацыяльна-педагагічных цэнтраў, як ніхто, ведаюць гэта. А яшчэ, канечне, медыкі, якія, здараецца, маюць справу з самымі трагічнымі наступствамі бацькоўскага насілля — узгадайце хаця б нядаўні выпадак у Магілёўскім раёне, калі чатырохгадовая дзяўчынка памерла пасля таго, як яе збіў сужыцель маці. Што, яго таксама ў дзяцінстве “выхоўвалі”, прымяняючы фізічнае і псіхалагічнае насілле, і ён вырас “нармальным чалавекам”?

Дарэчы, сцвярджаюць спецыялісты, часта так і бывае: людзі, якія ў дзяцінстве перажывалі насілле ў сям’і, нярэдка прымяняюць яго ў адносінах да сваіх сыноў і дачок. Такія даныя зноў прагучалі нядаўна з нагоды рэспубліканскай акцыі “Дом без насілля”, якая працягваецца і ў гэтыя дні. І ўзгадалі на прэс-канферэнцыі не толькі аб сямейным насіллі ў адносінах да дзяцей, але і да дарослых. Часцей за ўсё гэта, канечне, жанчыны або старыя людзі, у тым ліку мужчыны, з якіх здзекуюцца дарослыя дзеці. Магчыма, тыя самыя, з якіх калісьці выбівалі “дур” кулакамі і папругай або здзекаваліся словам, лаянкай, пастаянна прыніжалі? Прынамсі, важна разумець, што дзеці ў сям’і пакутуюць ад насілля, якое нават не накіравана непасрэдна на іх: бацька лаецца на маці, падымае на яе руку — разам з жанчынай пакутуюць і малыя.

“Красамоўныя” даныя па нашай краіне атрымала прадстаўніцтва ЮНІСЕФ (Дзіцячага фонду ААН) у Беларусі ў ходзе нацыянальнага даследавання сярод дарослых і дзяцей, у тым ліку з інтэрнатных устаноў, вучэбна- і лячэбна-выхаваўчых устаноў закрытага тыпу, выхаваўчай калоніі для непаўналетніх. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай акцыі “Дом без насілля”, у якой удзельнічаюць і супрацоўнікі адукацыйнай галіны, некаторыя з атрыманых фактаў агучыў старшы каардынатар праграмнай дзейнасці па абароне правоў дзяцей прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у нашай краіне Аляксандр Каранкевіч.

Па даных апытання, што праводзілася пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, унутраных спраў, аховы здароўя ў мінулым годзе, сярод навучэнцаў 5—7 класаў агульнаадукацыйных школ кожны 5-ы хлопчык і кожная 7-я дзяўчынка паведамілі, што падвяргаліся дома фізічным пакаранням і іншым жорсткім метадам уздзеяння на працягу апошніх 12-ці месяцаў (на час апытання). Кожны 9-ы навучэнец 8—11 класаў таксама падвяргаўся розным формам фізічнага насілля дома. 24,3% навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі пацвердзілі, што перажывалі ў сям’і фізічнае або псіхалагічнае насілле. А каля 84% выхаванцаў калоніі для непаўналетніх адзначыла, што да калоніі яны перажывалі дома адну з форм насілля або абедзве разам, што звычайна і здараецца. Пры гэтым толькі 43,2% апытаных бацькоў, якія самі падвяргаліся ў дзяцінстве насіллю, сказалі, што не прымяняюць да сваіх дзяцей цялесныя пакаранні. 17,4% бацькоў пацвердзілі, што падтрымліваюць пазіцыю эфектыўнасці і абгрунтаванасці такіх пакаранняў. 29,3% дарослых адзначылі, што часам проста неабходна ўзя ць у рукі папругу, каб дысцыплінаваць дзіця. 36,4% бацькоў пацвердзілі, што бацькі, якія не выкарыстоўваюць фізічнае пакаранне, псуюць сваіх дзяцей. Вось і працягваецца эстафета насілля, распачатая ў сям’і.

Каб змагацца з такімі бацькоўскімі ўстаноўкамі, лічаць спецыялісты, неабходна шырока інфармаваць дарослых аб найбольш эфектыўных ненасільных метадах выхавання. Многім бацькам такіх ведаў відавочна не хапае.

Стоп, агрэсар!

Сваю статыстыку ў агульную карціну дадае міліцыя. Вось, напрыклад, што паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі ГУАПП міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Красуцкі. Так, у бягучым годзе чвэрць ад агульнай колькасці забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў здзяйснялася ў адносінах да блізкіх. Колькасць такіх злачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года нават павялічылася, праўда, статыстыка па загінуўшых засталася на ранейшым месцы.

Факты сцвярджаюць, што больш за палову бытавых злачынстваў на сумленні непрацуючых членаў сям’і, чвэрць здзейснілі тыя, хто быў раней судзімы. У абсалютнай большасці выпадкаў злачынцы, як пішуць у міліцэйскіх пратаколах, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Меры супраць сямейных агрэсараў у нашым заканадаўстве існуюць. Так, з пачатку 2017 года ўзбуджана амаль 600 крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіравана больш за 2 тысячы асоб з хранічным алкагалізмам, у тым ліку больш за 430 жанчын. Да адміністрацыйнай адказнасці за бытавыя правапарушэнні прыцягнута больш за 13 тысяч чалавек.

Іншая, канечне, справа, што, заплаціўшы штраф з сямейнага бюджэту, агрэсар застаецца ў сям’і і працягвае здзекавацца з блізкіх. Але “Закон аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” ад 2014 года змяшчае (нарэшце!) частку аб вынясенні сямейным правапарушальнікам ахоўных прадпісанняў. І нормы гэтыя прымяняюцца на практыцы ўсё больш актыўна, яны ўстанаўліваюць для дэбашыра забарону на кантакт з пацярпеўшымі, а таксама абавязваюць яго часова пакінуць сумеснае жыллё. У мінулым годзе супрацоўнікі органаў унутраных спраў вынеслі амаль 3 тысячы такіх прадпісанняў (2,5 тысячы — з высяленнем), сёлета — 1,2 тысячы (больш за 91% з іх — з патрабаваннем да скандаліста пакінуць жыллё).

Разам з тым спецыялісты лічаць, што Рэспубліка Беларусь падышла да таго моманту, калі для вырашэння праблем насілля ў сям’і трэба пашыраць існуючыя магчымасці. У прыватнасці, С.М.Красуцкі гаворыць аб неабходнасці прыняць закон, які даў бы магчымасць больш эфектыўна працаваць як з агрэсарамі, так і з іх ахвярамі. Работа па распрацоўцы такога закона вядзецца, але пакуль на ўзроўні кансультацый у экспертнай супольнасці. Агульны падыход, на жаль, яшчэ не выпрацаваны.

Затое ў краіне рэалізаваны ўжо 4 нацыянальныя планы па забеспячэнні гендарнай роўнасці, у якіх удзялялася асаблівая ўвага прафілактыцы насілля ў сям’і і аказання дапамогі пацярпелым. Адна з форм такой дапамогі — сетка крызісных пакояў — часовых прытулкаў для пацярпелых, дзе дзеці пры неабходнасці застаюцца з маці (ці бацькам, калі такое здараецца).

— З 2011 года колькасць крызісных пакояў павялічылася ў 4 разы — да 124 у цяперашні час, — расказала Алена Комлік, галоўны спецыяліст аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. — З 2015 года праводзіцца маніторынг такіх пакояў.

Важна, канечне, што ўсе, хто звярнуўся ў крызісныя пакоі, могуць атрымаць кансультацыйную і псіхалагічную дапамогу, пры неабходнасці — дапамогу ў пошуку жылля, работы, наладжвання роднасных сувязей. Апошнім часам пакоі засяляюцца ўсё больш актыўна. У 2016 годзе гэты паказчык вырас асабліва прыметна: у два разы — да 473 чалавек. Думаецца, гэтую тэндэнцыю варта лічыць станоўчай, бо яна сведчыць, што праблема насілля з катэгорыі закрытых пераходзіць у разрад адкрытых. А каб вырашыць праблему, пагадзіцеся, неабходна бачыць яе ва ўсім аб’ёме, з усімі нюансамі.

Такому бачанню, а таксама вырашэнню пэўных пытанняў, дапамагае і дзейнасць нацыянальнай гарачай лініі — за 5 гадоў на яе паступіла амаль 9,5 тысячы званкоў з паведамленнямі аб псіхалагічным, фізічным, сексуальным ці эканамічным насіллі, пра што расказала старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання “Гендарныя перспектывы” Ірына Альхоўка. 94% званкоў паступаюць ад жанчын, многія, між іншым, гавораць, што насілле з боку мужа пачалося яшчэ ў першы год шлюбу і нават да яго (сур’ёзная падстава задумацца). А кожная 10-я жанчына перажывала насілле падчас цяжарнасці, што наогул выклікае жах.

Тэлефануюць і старыя, якіх крыўдзяць дзеці, зрэдку — мужчыны-агрэсары, якія імкнуцца даказаць, што жонка звярталася на лінію дарма, бо яна ці не зразумела мужа, ці проста падманула. І зусім мала званкоў ад тых, хто шукае дапамогі, каб перамагчы сваю агрэсію, выправіць паводзіны. Хаця ў Беларусі дзейнічае некалькі пілотных цэнтраў па рабоце з агрэсарамі — у Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, у Гродне, Брэсце і Кобрыне на базе ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У Барысаве гэтым займаецца грамадская арганізацыя. Але абавязковасць такой работы заканадаўча пакуль не ўстаноўлена.

***

Канечне, мерапрыемствы, падобныя штогадовай акцыі “Дом без насілля”, прыцягваюць увагу да існуючых праблем, міжведамасныя групы наведваюць сем’і агрэсараў, выступаюць у працоўных калектывах, праводзяць круглыя сталы, запрашаюць сваіх падапечных на адкрытыя судовыя пасяджэнні па справах такіх, як і яны самі, сямейных дэбашыраў. 30 красавіка пройдзе футбольны матч на стадыёне БАТЭ ў падтрымку акцыі і г.д. Нават адбылася гарачая тэлефонная лінія для ахвяр сямейнага насілля з удзелам розных спецыялістаў — з органаў унутраных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

На што асабліва спадзяюцца арганізатары гэтай і іншых акцый, а з імі разам і мы, журналісты, дык гэта на тое, што да існуючых праблем удасца прыцягнуць увагу не толькі спецыялістаў, але і звычайных людзей. Каб у наступны раз раўнадушны сусед, які лічыць, што бацькі ў кватэры зверху могуць выхоўваць сваіх дзяцей, як хочуць, няхай і кулакамі, пагрозамі, бясконцым крыкам, звернецца ўсё ж, напрыклад, да ўчастковага міліцыянера або вырашыць пагаварыць з суседам, нагадае пра тое самае ахоўнае прадпісанне. Зразумее ў рэшце рэшт, што раўнадушша спрыяе насіллю, а значыць, — злачынствам.

Марына ХІДДЖАЗ.