Сямейны капітал — укладанне ў развіццё чалавека

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Грамадзяне, якія маюць права на атрыманне сямейнага капіталу, гарантавана атрымаюць гэтыя выплаты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь, старшыню Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся бягучай дзейнасцю Банка развіцця. “Як нам удалося рэалізаваць задумы, пачынаючы ад лізінгу і заканчваючы кіраваннем сямейным капіталам? Там, па-мойму, сабралася ўжо каля паўмільярда долараў. Гэта велізарная сума, і добра, што ў свой час на гэта пайшлі. Гэта грошы, якія сёння працуюць, і яны гарантавана будуць атрыманы адрасатамі: тымі дзеткамі сёння, а заўтра дарослымі людзьмі, якія могуць траціць іх на адукацыю і іншыя рэчы. Значыць, гэта ўкладанне не ў нейкія фінціфлюшкі, а ў чалавечы капітал, у развіццё чалавека”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама спытаў, як ажыццяўляюцца іншыя праграмы Банка развіцця: па падтрымцы дзяцей, развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці. Асобна ён папрасіў далажыць пра тое, як складваецца сітуацыя на фінансавым рынку ў цэлым. “Мне важна ваш пункт гледжання ведаць”, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Цікавіла Аляксандра Лукашэнку і сітуацыя ў беларускім футболе — адным з самых масавых і любімых у краіне відаў спорту. “У людзей можа з’явіцца пытанне: грошы трацім, а дзе аддача? Вы як банкір гэта вастрэй, чым я, павінны адчуваць”, — адзначыў прэзідэнт.