Сярэбраны фініш у бегу з бар'ерамі

- 12:38Актуально
Лёгкая атлетыка — каралева спорту. І нам у ёй таксама ўсміхнулася ўдача. Аліна Талай, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, прынесла камандзе чацвёрты сярэбраны медаль. Нагадаем, што папярэднія сярэбраныя медалі на рахунку нашых дзяўчат у акадэмічным веславанні і ў барацьбе на паясах (класічны стыль).

У паўфінале Аліна Талай паказала лепшы час у сваёй падгрупе – на дыстанцыі 100 метраў у бегу з бар’ерамі вынік 12:94 секунды.
Забег на залаты медаль адбыўся пасля невялікага перапынку. На роўных з нашай спартсменкай былі прадстаўніцы ЗША і Ямайкі. Аднак Аліна, апярэдзіўшы спартсменку з Ямайкі, літаральна вырвала ў яе “серабро”. Дзяўчына зрабіла неверагоднае — яе час у фінале 12:78. На першым месцы амерыканка Вашці Томас з рэзультатам 12:61 секунды. Замыкае тройку лідараў Даніэль Вільямс з Ямайкі з рэзультатам 12:84 секунды.
На жаль, астатнім нашым лёгкаатлетам не ўдалося паказаць такія ж высокія рэзультаты.
У штурханні ядра беларуска Аліна Дубіцкая, якая вучыцца ў БДУФК, паказала рэзультат 17,88 метра. На жаль, гэта дазволіла ёй заняць толькі 5 месца ў турнірнай табліцы. Лідарам у гэтым відзе спорту стала расіянка Ірына Тарасава. На другім і трэцім месцах — кітаянка Лі Ксіянгронг і спартсменка з Чылі Наталля Дука.
Ганна Драбеня прадстаўляла Беларусь у спартыўнай хадзьбе на 20 км. Пасля першых двух кіламетраў наша спартсменка была толькі адзінаццатай, але потым пачала паскарацца і пасля паловы дыстанцыі Ганна ўпэўнена трымала пятую пазіцыю. Рывок у фінале і… На жаль, толькі чацвёртае месца. Да “бронзы” спартсменцы не хапіла 45 секунд. У лідарах і тут расіянкі — Анісся Кірдзяпкіна, Ірына Юманава і Ліна Бікулава. Дарэчы, Анісся Кірдзяпкіна ўстанавіла на дыстанцыі новы сусветны рэкорд — 1:29:30, да гэтага ён належаў таксама расіянцы Вользе Мікулавай — 1:30:43.
У спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы прыняла ўдзел і яшчэ адна спартсменка — штурхальніца молата студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аліна Кастрова. Яе вынік аказаўся перадапошнім у турнірнай табліцы. Спартсменка паказала рэзультат 58 метраў роўна, што на амаль на 16 метраў менш за рэзультат лідара спаборніцтваў амерыканкі Жэневы Маккал.
Нашы лёгкаатлеты Юрый Шаюноў і Сяргей Каламоец у штурханні молата таксама аказаліся па-за спісам медалістаў. Юрый Шаюноў на чацвёртым месцы з рэзультатам 75,82 метра, Сяргей Каламоец на шостым месцы з рэзультатам 74,18 метра. Для параўнання: лідару ўніверсіяды ў гэтым відзе паляку Паўлу Вайдэку не хапіла да 80 метраў дробязі — яго рэзультат 79,99 метра.
Нагадаем, што рэкорд універсіяды, які сёлета пабіць не ўдалося, належыць Івану Ціхану, ён складае 82,77 метра.
“Аналізуючы рэзультаты не толькі ў лёгкай атлетыцы, а ўвогуле на ўніверсіядзе, мы разумеем, наколькі высокага ўзроўню спартсмены DSC03360тут прадстаўлены, — адзначае кіраўнік беларускай спартыўнай дэлегацыі ў Казані Валянціна Віктараўна Баляба. — Гэта алімпійскі ўзровень, узровень чэмпіянатаў свету і Еўропы. Таму, думаецца, нам трэба рабіць высновы і па-іншаму падыходзіць да фарміравання каманды. У нас не настолькі багатая краіна, каб сусветную ўніверсіяду разглядаць як вучэбна-трэніровачны працэс.
Разам з тым мы абавязкова павінны прадстаўляць камандныя віды спорту. Менавіта яны ўвасабляюць дух студэнцкага і вучнёўскага спорту. Я гавару гэта зараз не толькі як кіраўнік дэлегацыі, але і як настаўніца фізічнай культуры. Урок цікавы дзецям тады, калі яны ведаюць, што ў іх будзе хоць 10 хвілін пагуляць. На генеральнай асамблеі, калі мы заявілі, што прадстаўляем хакей на траве, нам апладзіравалі стоячы ўсе члены FISU”.
Сёння ў беларускай каманды на сусветнай універсіядзе ў Казані 10 медалёў, што нямала для нашай невялікай краіны. Наперадзе новыя старты. Універсіяда працягнецца да 17 ліпеня.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Яўгена ЧАРНУШЭВІЧА.