Сярэбраны стрыж прыляцеў

- 12:07Навіны рэгіёнаў

“Сярэбраны стрыж” прыляцеў у Барысаў да “стрыжа” друкаванага. А ўсё дзякуючы дзейнасці настаўніцы Вольгі Мікалаеўны Угляніца, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 10 Барысава. На Усерасійскім конкурсе экалагічных журналістаў і адораных дзяцей “Сярэбраны стрыж Расіі — Пачні з дома свайго” педагог была адзначана спецыяльным дыпломам за актыўную работу з юнымі журналістамі і эколагамі.

Конкурс “Сярэбраны стрыж” заснаваны Саюзам журналістаў Расіі і праводзіцца ўжо сем гадоў. Ён збірае разам людзей, якія пішуць на экалагічныя тэмы і закліканы фарміраваць экалагічную культуру, выхоўваць у дзяцей і моладзі актыўную жыццёвую пазіцыю. У конкурсе бяруць удзел журналісты, пісьменнікі, а таксама адораныя дзеці. У гэтым годзе на конкурс паступіла больш за тысячу заявак.

Вольга Мікалаеўна Угляніца інфармацыю аб конкурсе знайшла ў сусветным павуцінні выпадкова. Але гэты конкурс быццам чакаў менавіта яе. Справа ў тым, што ў прафесійнай дзейнасці педагог актыўна развівае два кірункі — экалагічную адукацыю і школьныя СМІ. Вольга Мікалаеўна з’яўляецца кіраўніком педагагічнага праекта “ЭкоША” (экалагічная школа актывістаў), у рамках якога самыя маленькія школьнікі атрымліваюць экалагічныя веды дзякуючы розным цікавым актыўнасцям. А яшчэ яна з’яўляецца кіраўніком рэсурснага цэнтра “Выдавецкая дзейнасць ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”, які функцыянуе на базе сярэдняй школы № 10 Барысава. У школе дзейнічае прэс-цэнтр “Вужы” і выдаецца некалькі газет і часопісаў. У прыватнасці, часопіс для малодшых школьнікаў “Стрыж”, рэдактарам якога з’яўляецца Вольга Мікалаеўна. Такім чынам прафесійныя інтарэсы педагога супалі з ідэямі конкурсу.

На конкурс “Сярэбраны стрыж” Вольга Мікалаеўна адправіла некалькі нумароў часопіса “Стрыж”, якія былі прысвечаны менавіта экалагічнай тэматыцы. У аснову выдання лягла “птушыная” ідэя — “гаспадар” часопіса запрасіў сваіх сяброў-птушак разам папрацаваць над выданнем. Так, сарока ўзначаліла рубрыку навін, белы бусел — сімвал нашай краіны — расказвае аб падарожжах па Беларусі, лясны доктар дзяцел дае парады, як умацаваць здароўе, салавей расказвае пра музыку, а папугай пра кіно, мультфільмы, тэлеперадачы. І гэта далёка не ўсе супрацоўнікі “птушынай рэдакцыі”.

Журы конкурсу “Сярэбраны стрыж” высока ацаніла работу Вольгі Мікалаеўны і яна была адзначана спецыяльным дыпломам у намінацыі “Лепшае экалагічнае выданне”. Педагог адправілася ў Маскву, дзе не толькі атрымала ўзнагароду, але і ўзяла ўдзел у круглым стале “Як павысіць эфектыўнасць экалагічнай асветы”, прысвечаным пытанням экалагічнай адукацыі, інфармавання і выхавання. Вольга Мікалаеўна ў сваім выступленні расказала аб працы па арганізацыі выдавецкай дзейнасці і экалагічнай асветы ва ўстанове адукацыі.

Дарэчы, сваім багатым вопытам работы Вольга Мікалаеўна актыўна дзеліцца з калегамі не толькі на міжнародных круглых сталах, але і на старонках нашай газеты. Знайсці яе артыкулы можна, пагартаўшы падшыўку, або на нашым сайце.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва В.М.Угляніца.